Книги онлайн » Книги » Фантастика и фэнтези » Научная фантастика » 80000 кіламетраў пад вадой - Верн Жуль

80000 кіламетраў пад вадой - Верн Жуль

Читать онлайн книгу «80000 кіламетраў пад вадой».
80000 кіламетраў пад вадой - Верн Жуль
Название: 80000 кіламетраў пад вадой
Автор: Верн Жуль
ISBN: Нет данных
Год: 1937
Читать онлайн

80000 кіламетраў пад вадой - Верн Жуль — читать книгу онлайн

Страница 41 из 145

Настройте размер и шрифт текста, включите тёмную тему для удобного чтения. Переходить между страницами можно стрелками внизу или сочетанием Ctrl + ← / →.

Страница 41 из 145

Расліны цвілі не толькі пад нагамі ў нас, але і над нашымі галовамі. Мы ішлі нібы па алеі са столлю з марскіх раслін, належачых да пладлівейшага сямейства водарасцяў, у якім амаль дзве тысячы членаў. Тут былі даўгія стужкі фуксій, круглыя альбо трубчатыя лаўрэнцыі, кладастэфы з тонкімі лістамі, перапончатыя радамены, нагадваючыя вееры кактусаў.

Я заўважыў, што зялёныя водарасці трымаліся бліжэй да паверхні мора, чырвоныя — на сярэдняй глыбіні, карычневыя і чорныя стваралі кветнікі і сады ў самых глыбокіх пластах акіяна.

Водарасці — сапраўдны цуд прыроды. Да гэтага сямейства належаць адначасова і самыя маленькія і самыя буйныя расліны ў свеце. Так, побач з мікраскапічнымі водарасцямі, сорак тысяч штук якіх умяшчаюцца на плошчы ў пяць квадратных міліметраў, вядомы і водарасці, маючыя звыш пяцісот метраў у даўжыню.

Прайшло ўжо гадзіны паўтары з таго часу, як мы пакінулі «Наўтылус».

Надыходзіў поўдзень. Я заўважыў гэта таму, што сонечныя праменні пачалі падаць стромка, не пераламляючыся ў вадзе. Фантастычнае багацце фарбаў паволі блякла, і сапфіравыя ды смарагдавыя тоны знікалі над нашымі галовамі. Мы мерна шагалі ўперад, і стук нашых крокаў аддаваўся з незвычайнай выразнасцю. Малейшыя шумы разыходзіліся са шпаркасцю, да якой вуха не прызвычаілася на зямлі. І сапраўды, вада-ж лепшы праваднік гуку, як паветра, і гук распаўсюджваецца ў ёй у чатыры разы хутчэй.

Тым часам дно зрабілася прыкметна пакатым. Мы знаходзіліся цяпер на глыбіні ў сто метраў і адчувалі ціск у дзевяць атмасфер. Але, відаць, мой скафандр быў прыстасаваны да гэтых умоў, бо я аніколькі не цярпеў ад ціску. Я адчуваў толькі нейкае няўлоўнае сціскнанне ў суставах пальцаў, але і гэта трохі непрыемнае адчуванне хутка знікла. Ніякай стомы ад двухгадзіннай хады ва ўзбраенні, да якога ў мяне, натуральна, не было прывычкі, — я не адчуваў. Падтрымліваемы вадой, я рухаўся ў ёй незвычайна лёгка.

На гэтай глыбіні ў трыста футаў я яшчэ назіраў водблескі сонечнага святла, але ўжо ледзь значныя. Яркае святло дня змянілася чырванаватым змрокам, сярэднім паміж днём і ноччу. Аднак мы досыць добра бачылі дарогу, і яшчэ не прыйшоў час карыстацца лямпамі Румкорфа.

Раптам капітан Нэма спыніўся. Ён пачакаў, пакуль я да яго падыду, і выцягнуўшы палец уперад, паказаў мне на нейкую цмяную масу, што выразна вырысоўвалася ў поўзмроку недалёка ад нас.

«Гэта лес вострава Крэспо», падумаў я, і не памыліўся.

Раздзел сямнаццаты

Падводны лес

Нарэшце мы прышлі да ўзлесся, мабыць, аднаго з прыгажэйшых у неабсяжных уладаннях капітана Нэма. Ён лічыў гэты лес сваёй уласнасцю, прысвойваючы сабе тыя-ж правы, якія былі ў першых людзей у першыя дні існавання свету. Ды і хто яшчэ мог прэтэндаваць на права ўладання падводнымі маёнткамі? Хто іншы, больш смелы піянер, з’явіцца сюды з сякерай у руках высякаць драмучыя лясы?

Лес вострава Крэспо складаўся з вялікіх дрэвавідных раслін, і як толькі мы ўвайшлі пад яго прасторны шацёр, я быў здзіўлены адной асаблівасцю ў размяшчэнні галін. Нічога падобнага я да гэтага часу не бачыў!

Травянікі, якія засцілаюць дно і галлё на дрэвах, не гнуліся, не выгіналіся і не ляжалі ў гарызантальнай плоскасці — ўсе яны перпендыкулярна паднімаліся да паверхні акіяна. Самыя тонкія былінкі выцягваліся стрункай угару, як жалезныя пруты. Фуксіі і ліяны, пад уплывам шчыльнасці акружаючага асяроддзя, таксама выцягваліся ўгару па строга перпендыкулярнай лініі. Гэтыя расліны, калі я адсоўваў іх у бок, зараз-жа прымалі свой ранейшы стан, як толькі я апускаў руку.

Хутка я прызвычаіўся да гэтага дзіўнага царства вертыкальнасці, таксама як і да акружаючай нас адноснай цемры. «Глеба» ў лесе была ўсеяна вострым каменнем. Падводная флора здавалася мне дужа багатай.

Мне не адразу ўдалося адрозніць расліннае царства ад жывёльнага: я лічыў зоафіты за гідрафіты, і наадварот. І хто не памыліўся-б на маім месцы? Фауна і флора так-жа ж моцна звязаны ў гэтым падводным свеце!

Я заўважыў, што ўсе расліны штучна прыклейваліся да грунту, а не раслі з яго. У гэтым няма нічога дзіўнага: пазбаўленыя карэнняў, яны патрабуюць ад глебы не жыццёвых сокаў, а толькі пункта апоры. Таму яны з аднолькавай ахвотай селяцца і на камянях, і на пяску, і на гальцы і на ракушках. Гэтыя расліны жывуць, дыхаюць і харчуюцца вадой, якая іх акружае. Большасць з іх замест лісця выпускае маленькія пласцінкі самай дзіўнай формы. Афарбоўка гэтых пласцінак абмежавана гамай наступных колераў: ружовы, кармінавачырвоны, зялёны, аліўкавы, буры і карычневы. Я зноў убачыў тут, але ўжо не засушанымі, як у калекцыях «Наўтылуса», а поўнымі жыцця, падзін-паўлінаў, падобных да раскрытых веяроў, ярка-чырвоныя цэраміі, ламінарыі, выцягваючыя маладыя атожылкі, ніцевідныя нерэацістэі, якія цвітуць на вышыні пятнаццаць метраў, букеты ацэтабулаў, чыё сцябло ўтаўшчаецца ўгары, і мноства іншых марскіх раслін, якія не мелі кветак. «Які дзіўны свет, — сказаў адзін натураліст, — тут жывёлы цвітуць, а расліны не даюць кветак!»

Пад ценем розных дрэвавідных раслін, не ўступаючых па велічыні дрэвам умеранага пояса, віднеліся сапраўдныя зараснікі жывых кветак, цэлыя парканы з зоафітаў, пад якімі пышна красаваліся меандрыны з пакручастымі барознамі, жаўтаватыя карыяфілы з празрыстымі шчупальцамі, і для поўнай аналогіі з надземным садам — рыбы-мухі пераляталі з кветкі на кветку, як рой калібры, а з-пад ног у нас падымаліся, як зграі бекасаў, жоўтыя лепісаканты, дактыляптэры і монацэнтры.

А гадзіне дня капітан Нэма даў сігнал на адпачынак. З свайго боку, я быў вельмі задаволены гэтым. Мы расцягнуліся на дне пад ценем аларый, даўгія сцяблы якіх уздымаліся ўгару, як стрэлы.

Избранные книги

↑