Паўлінка - Купала Янка
Паўлінка - Купала Янка — читать книгу онлайн
Настройте размер и шрифт текста, включите тёмную тему для удобного чтения. Переходить между страницами можно стрелками внизу или сочетанием Ctrl + ← / →.
Паўлінка. Ну, калі так, то згода!
Садзяцца. Якім курыць. Паўлінка шые.
Якім (памаўчаўшы). Паўлінка!
Паўлінка. Га! Ці пан Якім забыўся, як я завуся?
Якім. Ды не! Я хацеў бы, золатца, сур’ёзна з табой пагаварыць.
Паўлінка. І-і!!! Ведаю я гэтыя сур’ёзнасці. Перш-наперш будзе, ці я люблю, пасля - ці вельмі моцна, а пасля - ці гатова ўсё чысценька зрабіць, што чарнабрывы Якім захоча, а там, а там… і паехала, як на непадмазаных калёсах… Ці ж не праўда?
Якім. Праўда-то праўда, але ўсяму мусіць быць канец.
Паўлінка. Ну, дык слухаем, вашэці. А вось, можа, і новую песеньку нам спяіцё. Адно толькі за ўмовай: або надта вясёлую-вясёлую, каб аж лявоніху захацелася ісці, або такую сумна-сумненькую, што, выслухаўшы яе, - раз, два ды бухтыль у вір галавою! вось так!
Паказвае і чуць не валіцца; Якім падхоплівае і садзіць яе на лаве.
Якім. Гэта будзе ад цябе, маё ты сонейка, залежаць. Як захочаш - такая і песенька выйдзе: або вясёлая, радасная, як бы самое неба яснае, або сумная, гаротная, як асеннія хмары над гэтай зямелькай чорнай. (Памаўчаўшы.) Эх, эх! І дакуль жа ўсё гэта будзе цягнуцца? Дакуль, як сухавей, сушыць і мучыць нас будзе?
Паўлінка (жартаўліва). Толькі не нас, а мя-не, трэба гаварыць. Мне дужа добра, весела і так лёганька, лёганька на сэрцы, што…
Якім (з дакорам). Паўлінка!
Паўлінка (закрываючы губы рукой). Ну, ну, ужо маўчу… як нямая рыба.
Якім (як бы сам да сябе). Калі, калі ўжо надой-дзе тая часінка, што нас злучыць навекі, і мы ўжо ніколі не расстанемся? Калі? Калі?..
Паўлінка. Ха-ха-ха! На святое ніколі. Вельмі ўжо татка мой заеўся на цябе з таго часу, як даведаўся, што мы з табой злюбіліся. Ну, а без таты гэты інтэрас наладзіць будзе вельмі трудна.
Якім. Трудна-то яно трудна, але няма таго злога, каб не выйшла на добрае. Хоць бы, прымерам, мы з табой так зрабілі: выбраўшы падхадзячую часіну, калі стары будзе не ў злосці, узяліся з табой за рукі, падышлі да яго, укленчылі і сказалі: так і так, наш добры бацечка, - я люблю Паўлінку, а я люблю Якімку - вельмі-вельмі моцна, так, што і жыцця нам аднаму без аднаго нямашака, ну дык супакойце нашы сэрцайкі, дайце нам пазваленне ўзяць ды пажаніціся.
Паўлінка. Э-э!!! Не туды, мой дурненькі Якімка, паехаў! Уедзеш гэтак у нерат, што ні ўзад ні ўперад. Каб гэта яшчэ толькі з мамкай, то яно сяк-так, як табе не раз я і казала, але са старым дык чыстая бяда, настаяшчае гора. Хоць ты яму кол на галаве чашы, дык нічога не выдзеўбеш. «На парог, кажа, каб і не важыўся паказвацца; мазгаўню, кажа, гаду пашчапаю!» Вось і рабі з ім, што хочаш! Каб мог, дык на першай асіне павесіў быў цябе. Ну, і дзе ж у такім разе набрацца смеласці, ісці кленчыць перад ім і прасіць пазвалення?.. Задасць такога пытлю і табе і мне разам, што і жаніцьба ў галаву не палезе.
Якім. Так-то яно так! Але я неяк усё яшчэ надзеі не трачу - ану ж адпусціцца. Быў жа такі час, што мяне любіў ды нават у бядзе то тады, то сяды памагаў.
Паўлінка. Быў час, але вадою сплыў. Памагаў, пакуль не ўбачыў, што трэба і дачкою памагчы, а як да гэтага стала даходзіць, вось у ім і адазвалася шляхоцкая фанабэрыя. Другую песню цяпер пяе. Нож точыць… востра нож точыць родны мой татка на таго, каго сам калісь любіў і каго я палюбіла… (Устаючы, горача.) І на векі вечныя любіць буду.
Ідзе і папраўляе падушкі, за ёй - Якім, абнімае яе, і садзяцца, абняўшыся, на ложку.
Якім (памаўчаўшы, ласкава). Паўлінка!
Паўлінка (смеючыся). Ізноў забыўся, як завуся?
Якім. А ты ізноў сваё… Слухай, міленькая: ці ты надумалася зрабіць тое, аб што я цябе надовічы прасіў і маліў? Сама ж ты, золатца, казала мне не раз і цяпер кажаш, што татка твой ні на якія прось-бы не згодзіцца. Значыцца, сама добра разумееш, што іншага выхаду для нас нямашака. А гэтак, як я казаў, будзе найлепей. Ці то мы будзем першыя або апошнія? Янка Лукашонак з сваёй Зосяй так зрабілі, Ігнась Манякоўскі з сваёй Дамінісяй, ды і шмат хто… Бацькі спачатку пазлуюць, пазлуюць трохі і адпусцяцца, - ведама, бацькаўскае сэрца. Вось мы з табой, міленькая, такім парадкам самі сабе шчасце збудуем і нічыёй ласкі прасіць не будзем. Адно, абы твая згода - і ўсё будзе добра. Я ўжо, пры-знацца табе, гаварыў з папом. Ён заўтра прыязджае ў Міхалішкі імшу адпраўляць і заначуе ў ваколіцы. Ну, а мы к яму… раз, два і - гатова.
Паўлінка. Думаць-то я думала, але неяк страшна. Можа б, было лепей, каб яшчэ трохі пачакаць, а то так скора, раптам… Хто спяшыць, той людзей смяшыць.
Якім. Якая ты нядобрая, Паўлінка! Ты зараз - страшна, страшна, пачакаць, пачакаць! Гэтак і ўсю сваю моладасць пачаканкамі перачакаем. А так гэта дачэснае жыццё можна добра наладзіць, так добра, абы толькі ахвота ў нас была ды вытрываласць.
Паўлінка. А што, калі зловяць? Гэта ж я не выжыву з сораму, людзі вочы выберуць, нельга будзе на свет паказацца. Цяпер і то колькі ўсякай брыды ўслужлівыя суседзі і суседкі на нас вернуць, а што і гаварыць тады, як нам гэта «бог наш уцечка» не ўдасца.
Якім. Не бойся, золатца, не зловяць! Усё пойдзе гладка. Заўтра ў вас вечарынка; пасля вечарынкі ўсе будуць спаць моцна, так, што хоць з гарматаў страляй - нічога не пачуюць. Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі звяжаш у клумак што патрэбнейшае, а там праз момант - і ты мая на векі вечныя.
Паўлінка (нібы са злосцю). Не я твая, а ты мой на векі вечныя!
Якім. Ну, хай будзе, як Сора казала; але гэта толькі тады ў нас выйдзе, калі ты прыстанеш на тое, аб што я цябе прасіў і прашу.