Сабака з залатым зубам - Сауліч Уладзімір
Сабака з залатым зубам - Сауліч Уладзімір — читать книгу онлайн
Настройте размер и шрифт текста, включите тёмную тему для удобного чтения. Переходить между страницами можно стрелками внизу или сочетанием Ctrl + ← / →.
Сабака падыходзіць да краю сцэны і паказвае ў залу залаты зуб. Віляе хвастом.
Фяўроння Захараўна. Асцярожна, не выпусці.
Маёр Козлікаў. Не выпушчу. Я цяпер ніколі не выпушчу яго з рук, маё золата. Як мы з табой, Фяўронюшка, грохнулі, а?!
Фяўроння Захараўна. Такі натоўп пад дзвярыма ў зубапратэзны. Як залямантаваў, думала, што разарвуць, варвары. Добра, што ты — пры пагонах.
Маёр Козлікаў. Я ім хайлы ўраз заціснуў.
Фяўроння Захараўна. Сабака, бедны, намучыўся.
Маёр Козлікаў. Затое цяпер — з залатым зубам. Усяляй Пана Фокса ў пакой, а я адкіну матку ў дом састарэлых. (Да Кацярыны Карпаўны.) Матка, пад'ём!
Кацярына Карпаўна нібыта скамянела. Не рэагуе.
(Гучней.) Матка, карэта пададзена, мля!
Кацярына Карпаўна. Нікуды я, сынок, не паеду.
У Фяўронні Захараўны ад гэтых слоў адвісла сківіца.
Маёр Козлікаў (перапытвае). Як гэта «не паеду»?
Кацярына Карпаўна. Не паеду, сынок, і ўсё.
Фяўроння Захараўна. Во, я так і ведала. Ушылася старая абармоціха, як блыха, у нашу кватэру. Цяпер яе ніяк не выкурыш.
Маёр Козлікаў. Матка, мы з табой так не дамаўляліся. Не валяй дурака. Мне пакой патрэбен.
Кацярына Карпаўна. Вызвалю я табе пакой, сынок.
Маёр Козлікаў. Чулі? Не паедзе — і вызваліць? Як жа гэта?
Кацярына Карпаўна (ціха). Памру!..
У пакоі наступае цішыня. Парушае яе Фяўроння Захараўна.
Фяўроння Захараўна. Ага, знайшла дурняў. Яна — таго, а нам — пахаванне строй.
Маёр Козлікаў (на жонку). Заткніся! Мы з маткай пра смерць гаворым. (Да Кацярыны Карпаўны.) Кажаш, матка, памрэш?
Кацярына Карпаўна. Памру, сынок, хутка памру.
Маёр Козлікаў. Але ж пакой мне патрэбен сягоння.
Фяўроння Захараўна. І не іначай.
Кацярына Карпаўна. Сягоння і памру. Я ж цябе, сынок, ніколі не падводзіла.
Маёр Козлікаў. Гэта так. Але цяпер — асобы выпадак.
У пакой убягае сяржант Дзюба.
Сяржант Дзюба (дакладвае). Таварыш маёр, дакумент з загса дастаўлены. (Падае канверт.)
Маёр Козлікаў (бярэ). Трэба мне цяпер гэты дакумент, як сабаку пятая лапа. (Хавае канверт у кішэні. Больш непасрэдна да сяржанта Дзюбы.) Вот скажы мне, сяржант: мая матка заявіла, што сёння дасць дуба. Можна ёй верыць ці не?
Сяржант Дзюба. Можа, і памрэ, раз сказала.
Маёр Козлікаў. Мне не «можа». Мне — дакладна трэба.
Сяржант Дзюба. Памрэ, таварыш маёр. Старыя, яны чуюць касую. Гэта Піліпіха з Цельпухоўкі кароў не выйшла даіць. Старшыня Абцугайла паехаў заганяць яе на ферму. Старая енчыць, што акачурыцца да вечара. Не паверыў Абцугайла. Вытурыў яе на кароўнік. А пад вечар старая сканала, як і гаварыла, прама на рабоце…
Маёр Козлікаў. Заставайся, матка! Толькі памры. (Плача.)
Кацярына Карпаўна. Каранат?..
Маёр Козлікаў. Ну што табе яшчэ, матка?
Кацярына Карпаўна. Просьба ў мяне да цябе, сынок, ёсць. Апошняя.
Маёр Козлікаў. Давай… раз апошняя.
Кацярына Карпаўна. Дзед Язэп у нас быў, вартаўнік цельпухоўскі. Можа, помніш яго?
Маёр Козлікаў. Чаму ж не. Хаты ў вёсцы побач стаялі.
Кацярына Карпаўна. Во, дык заходзіў. Сабачка ў яго прапаў, да вартаўніцтва надта вушлы. Надта прасіў, каб ты дапамог знайсці яго… Не адмоў чалавеку, сынок!..
Маёр Козлікаў. Вот у нас сяржант — спецыяліст па сабаках. З-пад зямлі адкапае. Так, сяржант?
Сяржант Дзюба (вяла). Так.
Маёр Козлікаў. А што так нявесела? (Робіць голас металічным.) Сяржант Дзюба!
Сяржант Дзюба (падцягваецца). Я!