UR.ANUS
80000 кіламетраў пад вадой
вернуться

Верн Жуль

Шрифт:
Вся книга целиком

— Павінен шчыра прызнацца, капітан, — сказаў я, — што я яшчэ недастаткова прызвычаіўся да гэтых рыбак…

— А мы прызвычаіліся настолькі, што ўжо не заўважаем іх і хутка вы таксама будзеце глядзець на іх, — адказаў мне капітан. — Мы будзем добра ўзброены і адначасова, калі ўдасца, зробім паляванне на якую-небудзь акулу. Гэта цікавае паляванне. Значыцца, да заўтрага, прафесар? Мы адправімся раніцаю.

Сказаўшы гэта самым бесклапотным тонам, капітан Нэма выйшаў з салона.

Каб вас запрасілі паляваць на мядзведзяў у гарах Швейцарыі, вы, напэўна, адказалі-б: «Добра, заўтра пойдзем паляваць на мядзведзяў». Калі-б вас запрасілі паляваць па львоў у раўнінах Атласа альбо на тыграў у джунглях Індыі, вы, магчыма, падумалі-б: «Што-ж, папаляваць на тыграў альбо на львоў, гэта цікава». Але калі вас запрашаюць паляваць на акул не з палубы карабля, а ў іхнім уласным родным асяроддзі, вы, напэўна, сур’ёзна падумаеце, раней як прымеце такое запрашэнне.

Скажу шчыра, калі капітан Нэма выйшаў з салона, я павінен быў сцерці з ілба выступіўшы на ім халодны пот.

«Падумай добра, — сказаў я сабе, — спяшацца няма куды. Адна справа — паляванне на выдраў у падводных лясах вострава Крэспо — гэта толькі прыемная забава. Але другая справа — вандраваць па дну мора, калі цвёрда ўпэўнены, што немінуча сустрэнеш акул. Я ведаю, што ў некаторых месцах, у прыватнасці на Андаманскіх астравах, негры не баяцца нападаць на акул з кінжалам у адной руцэ і пятлёй — у другой. Але я ведаю таксама, што шмат смельчакоў, якія ўступаюць у паядынак з гэтымі вялізнымі драпежнікамі, не вяртаюцца жывымі. Акрамя таго, я-ж не негр, а калі-б і быў ім, дык у гэтым выпадку мае хістанні былі-б да некаторай ступені апраўданымі».

Перада мною ў думках праплывалі зграі акул; я бачыў іхнія вялізныя пасці, узброеныя некалькімі радамі зубоў, здольных перакусіць напалам чалавека; я адчуваў, як гэтыя зубы ўядаюцца ў мае бакі…

Акрамя таго, я не мог зразумець той бесклапотнасці, з якой капітан зрабіў мне гэтую прапанову. Можна было падумаць, што ён запрашаў мяне ў лес на паляванне на якую-небудзь нічога не вартую лісічку.

«Кансель, пэўна, адмовіцца, — падумаў я. — Гэта дасць і мне магчымасць адхіліць запрашэнне капітана Нэма».

Што тычыцца Нэда Лэнда, прызнаюся, я менш верыў у яго разважнасць. Небяспека, якой-бы вялікай яна ні была, заўсёды вабіла гэтую баявую натуру.

Я вярнуўся да кнігі Сіра, але перагортваў яе зусім машынальна; з яе старонак на мяне глядзелі страшэнныя разяўленыя пасці акул.

У салон увайшлі ў гэтую хвіліну Нэд Лэнд і Кансель. У абодвух быў добры настрой. Яны не ведалі, што чакае іх.

— Ведаеце, — звярнуўся да мяне Нэд Лэнд, — ваш капітан Нэма — ліха на яго! — толькі што зрабіў нам даволі прыемную прапанову.

— А, — сказаў я, — вы ўжо ведаеце?

— З дазволу гаспадара, — адказаў Кансель, — скажу, што камандзір «Наўтылуса» запрасіў нас наведаць цікавыя перлавыя промыслы ў Цэйлоне. Ён быў выключна далікатны з намі і трымаў сябе, як сапраўдны джэнтльмен.

— Ён больш нічога не сказаў вам?

— Нічога, — адказаў канадзец, — калі не лічыць яго заўвагі аб тым, што ён і вас запрасіў прыняць удзел у гэтым маленькім шпацыры.

— Сапраўды, — сказаў я. — Але ён не сказаў вам нічога аб…

— Не, спадар прафесар. Вы, вядома, пойдзеце з намі, так?

— Я?.. Вядома. Я бачу, што вам пачынаюць падабацца падводныя прагулкі, містэр Лэнд?

— Так, гэта цікава. Дужа цікава.

— Але можа крыху і небяспечна, — сказаў я, нібы мімаходзь.

— Што-ж можа быць небяспечнага ў простай пагулянцы на перлавую мялізну? — адказаў Нэд Лэнд.

Было відаць, што капітан Нэма не лічыў патрэбным палохаць маіх таварышаў думкай аб акулах. Я глядзеў на іх так, нібы яны ўжо страцілі руку ці нагу. Ці трэба было мне папярэдзіць іх аб небяспецы? Вядома. Але я не ведаў, як узяцца за гэта.

— Ці не згадзіцца гаспадар, — сказаў Кансель, — расказаць нам што-небудзь аб лоўлі перлаў?

— Пра самую лоўлю, ці пра звязаныя з ёй небяспекі? — запытаўся я, убачыўшы ў гэтым магчымасць даць гутарцы належны кірунак.

— Пра лоўлю, — адказаў канадзец. — Трэба заўсёды ведаць усё пра дарогу, па якой збіраешся ісці.

— У такім выпадку сядайце бліжэй, прыяцелі мае, і я раскажу вам аб перлавым промысле ўсё, што сам даведаўся з кнігі Сіра.

Нэд і Кансель селі на канапу побач са мной. Канадзец перш за ўсё задаў мне пытанне:

— Спадар прафесар, што такое перл?

— Для паэта, дружа Нэд, перл — гэта сляза мора. Для ўсходніх народаў — гэта зацвярдзелая раса; для дам — гэта каштоўнейшы авальны камень з цмяным бляскам, які можна насіць, як аздобу на пальцах, на шыі, альбо ў вушах; для хіміка — гэта злучэнне фосфарнакіслых солей з вуглекіслым кальцыем і невялікай колькасцю жалатыны; нарэшце, для натураліста гэта проста хваравіты нараст у некаторых двустворчатых ракушак…

— Належачых да аддзела малюскаў, класа пласцін-чатажаберных, — падхапіў Кансель.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid