Private-Bookers
Цемра зямлю ахінае
вернуться

Анджаеўскі Ежы

Шрифт:

— «Хай свяціцца імя тваё».

— «Хай свяціцца імя тваё».

Дыега адчуў спазмы ў горле і гарачыя слёзы пад павекамі.

— «Хай прыйдзе царства тваё», — сказаў ён ціха, каб не выдаць дрыжання голасу.

— «Хай будзе воля твая як у небе, так і на зямлі».

Дыега паўтарыў і гэтую фразу, але яшчэ цішэй. Ён адчуваў, што з наступным радком не авалодае ўзрушанасцю, якая нахлынула на яго, і заплача ўголас. Але вялебны айцец Вялікі інквізітар больш не маліўся. Ён замоўк, заціснуў далонямі скроні, нібы забыўся на таго, хто кленчыў побач з ім.

Сігнатурка сёстраў кармелітак зноў пачала званіць удалечыні. Падрэ Тарквемада ўзняў галаву.

— Аман, — сказаў моцным, сабраным голасам. — Браце Дыега!

— Пане?

— Вяртайся, сыне мой, да сябе. Неўзабаве развіднее, чакае цябе, як я думаю, нялёгкі дзень.

— Абы каб стаў пачаткам апошняга! — усклікнуў Дыега.

На гэта Тарквемада сказаў:

— Кожны чалавек пан і адначасова слуга свайго лёсу. Ідзі ўжо requiescere in расе ў сваю цэлю, чакай, пакуль не атрымаеш новых указанняў ад вышэйшых.

Ноч сапраўды канчалася, і, калі брат Дыега ішоў кляштарным дзядзінцам, на небе, ужо на ўсходзе асветленым блакітнаватым водбліскам, зоркі пачалі тухнуць. Мглістая шэрань золку залівала паветра, і холад гэтай апошняй начной гадзіны быў асабліва пранізлівы.

У цені каланады стаяў чалавек. Дыега спыніўся, пасля падышоў бліжэй.

— Гэта ты, Матэа?

— Я, — сказаў той. — Адкуль ідзеш? Ты быў у царкве?

— Быў.

— Божа вялікі! Ты бачыў яго?

— Пра каго ты? Я бачыў д'ябла.

— Дыега!

— На гэты раз ён перамог мяне. Я маліўся з ім.

Брат Матэа схапіў яго за руку.

— Дыега, мой маленькі Дыега. Я прачнуўся ноччу, пайшоў у тваю келлю, але яна была пустая. Пасля ў калідоры мне загарадзіў дарогу малады рыцар, адзін з яго служак. Ён спытаўся ў мяне: «Куды вы ідзяце, вялебны браце?» Я адказаў: «У царкву». Тады ён крануў мяне за плячо і сказаў: «Ужо ноч, вялебны браце, не перабівайце нашаму шаноўнаму айцу хвілін самотнага роздуму». Я тут чакаў цябе, Дыега. Вельмі доўга чакаў.

Дыега падняў галаву.

— Навошта?

— Я баяўся за цябе. Нашто ты хочаш загубіць сябе? Што гэта азначае, што ты маліўся разам з ім?

— Нічога, — сказаў Дыега, гледзячы ў змрок пад нізкімі скляпеннямі аркад.

— Нічога?

— Я хацеў забіць яго, а пасля паўтараў за ім пацеры.

Брат Матэа здрыгануўся.

— Дыега, што ты зрабіў з сабою? Нашто па сваёй волі аддаешся ў рукі непрыяцелю?

Дыега паціснуў плячыма.

— Не ведаю. А пра што ты, уласна, кажаш? І так няма ратунку. Можна звар'яцець або самога сябе знішчыць. Гэта ўсё.

— Яшчэ ёсць Бог!

Дыега адвёў руку.

— Бывай, Матэа. Я стаміўся, хачу спаць, rеqeiescerе іn расе, як ён наказаў мне, вялебны айцец.

— Дыега!

Дыега спыніўся каля ўвахода ў кляштар:

— Чаго?

— Я любіў цябе за чысціню твайго сумлення, як нікога на свеце.

— Чаму кажаш — любіў?

— Дыега, калі што якое станецца, малю цябе, зберажы сваё сумленне.

— Што гэта азначае?

— Што?

— Сумленне.

— Будзь самім сабою.

— Толькі таго?

— Гэта ўсё.

— Усё? Усё заўсёды азначае найменш. Я застаюся самім сабою, калі раблю адно, і застаюся самім сабою, калі раблю нешта зусім другое. Ці ў страху таксама ёсць сумленне?

— Дыега, нават скажоная праўда не перастае быць праўдай.

— Ах, так! — сказаў Дыега. — Будзь здаровы.

Дыега заснуў адразу і так моцна, што, калі прачнуўся надвячоркам, не мог разабрацца, ці гэта досвітак, ці ўжо змяркаецца. Нейкую хвіліну ляжаў нерухома ў тупой стоме, і, перш чым паспеў абудзіцца ад гэтага памарачэння, заснуў зноў, і амаль адразу, у глыбокім сне вельмі востра і раптоўна ўсвядоміў, што не спіць і што не адзін у келлі. Аднак ён не расплюшчыў вачэй. Ведаў, што тое, што павінна стацца, станецца, але хацеў адсунуць гэтую непазбежную, хоць яшчэ і невядомую, неабходнасць на некалькі хвілін, каб сабрацца з думкамі. «Нельга мне баяцца», — падумаў ён, але адначасова адчуваў, што страх нібы толькі і чакаў позвы, — сэрца забілася хутчэй, халадок прабег па скронях і шчоках. «Не, не, толькі не гэта!» — сказаў ён уголас і паглядзеў.

Пасярод келлі стаяў падрэ Тарквемада. Было цёмна, але ноч за акном здавалася амаль яснай, нібы ахопленыя водбліскамі вялізнага пажару. «Адкуль гэтае святло?» — падумаў ён. Яшчэ ніколі ён не бачыў яснасці, адначасова халоднай і мёртвай. Устаў.

— Вы прыйшлі, пане? — сказаў проста.

Сапраўды, калі ён і адчуваў у гэты момант здзіўленне, дык толькі з той прычыны, што зусім не здзівіўся.

— Як бачыш, — сказаў Тарквемада. — Я ж сказаў табе, што кожны чалавек — і пан і слуга свайго лёсу.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка