Шрифт:
Заходжу, абодва сціхаюць. Сядзяць, адзін на аднаго не пазіраюць. Пытаюся як мага ласкавей: «Што сталася, Уллянка?» — «А што сталася? Дрэнь сталася. Патрабуюць Мароза, іначай, сказалі, хлопцаў павесяць. Мароз ім патрэбны».
«Ты чуеш? — крычыць камандзір.— I яна з гэтым прымчала ў лагер! Так ім Мароз і пабяжыць. Знайшлі дурня!»
Улляна маўчыць. Яна ўжо накрычалася і, мусіць, болей не хоча. Сядзіць, папраўляе пад барадой хустку. Я стаю ашаломлены... Бедны Мароз! Памятаю як цяпер, менавіта гэтак падумаў. Яшчэ адзін камень на яго душу. Вярней, шэсць камянёў — ёсць ад чаго чарнець. Вядома, ніхто тады з нас і думкі не меў, каб пасылаць Мароза ў вёску. Здурнелі мы, ці што! Пэўна ж, яны і мальцоў не пусцяць і яго кокнуць. Ведаем мы гэтыя штучкі. Як-ніяк, дзевяты месяц пад немцам жывём. Нагледзеліся.
А Улляна расказвае:
«Я што, хіба жалезная? Прыбягае ноччу цётка Таццяна і цётка Груша — валасы на сябе рвуць. Ведама, маці. Просяць хрыстом-богам: «Улляначка, родненькая, памажы! Ты ведаеш як». Я ім талкую: «Нічога я не ведаю. Куды я пайду?» А яны: «Ідзі, ты знаеш, дзе Алесь Іванавіч, хай ратуе мальцоў. Ён жа разумны, ён жа іхні настаўнік». Я сваё вяду: «Адкуль мне ведаць, дзе той Алесь Іванавіч? Мусіць, уцёк куды, дзе я яго шукаць буду?» — «Не, золатка, не адмаўляйся, ты з партызанамі знаешся. А то ж заўтра павядуць у мястэчка, мы ж іх болей не ўбачым». Ну што мне было рабіць?»
Да. Ось такая наспела сітуацыя. Невясёлая, прама скажу, сітуацыя. А Селязнёў пагарачыўся, накрычаў ды і змоўк. Зацяўся, нахмурыўся. I я маўчу. А што зробіш?
Прапалі, мусі быць, хлопцы. Гэта так. Але як жа маткам? Мусіць жа ім жыць яшчэ трэба. I Марозу таксама.
Мы маўчым, як пні, а Улляна ўстае. «Рашайце, як хочаце, я пайшла. I хай правядзе хто. А то ля кладкі нейкі ваш дурань чуць не застрэліў».
Зразумела, дзяўчыну трзба праводзіць. Яна выходзіць, я за ёю. Вылажу з зямлянкі і тут жа нос у нос — з Марозам. Стаіць ля ўвахода, трымае ў руцэ сваю вінтоўку без мушкі, а ў самога твар, нібы смерць. Зірнуў на яго і адразу бачу: ён усё чуў. «Зайдзі,— кажу,— к камандзіру, справа ёсць». Ён палез у зямлянку, а я павёў Улляну. Пакуль знайшоў, каго вылучыць ёй у праважатыя, пакуль даваў заданне таму, пакуль развітваўся — мінула хвілін дваццаць, калі не болей. Вяртаюся ў зямлянку, там камандзір, як тыгр, бегае з кутка ў куток, гімнасцёрка расшпілена, вочы гараць. Крычыцъ на Мароза: «Ты з глузду з'ехаў, ты дурань, псіх, ідыёт!» А Мароз стаіць ля дзвярэй і паныла глядзіць у зямлю. Здаецца, ён нават і не чуе таго камандзіравага крыку.
Я саджуся на нары, чакаю, пакуль яны мне вытлумачаць, у чым справа. А яны на мяне нуль увагі. Селязнёў усё ярыцца, грозіцца Мароза да яліны паставіць. Ну, думаю, калі ўжо да яліны дайшло, то справа сапраўды сур'ёзная.
А справа сапраўды далей некуды. Камандзір выкрычаў сваё і да мяне: «Чуў, хоча ў вёску ісці!» — «Чаго?» — «А гэта ты яго запытай». Гляджу на Мароза, a ён толькі ўздыхае. Тут ужо і я пачаў абурацца. Трэба быць круглым ідыётам, каб паверыць немцам, што яны выпусцяць хлопцаў. Значыць, ісці туды — самае бязглуздае самагубства. Так я і сказаў Марозу. Як думаў. Той выслухаў і раптам кажа гэтак спакойна: «Гэта праўда. І ўсё ж трэба ісці».
Тут мы ўжо абодва ўтрапелі: што за дзівацтва? Камандзір кажа: «Калі так, я цябе пасаджу ў зямлянку. Пад варту». Я таксама раю: «Ты падумай спярша, што гаворыш». А Мароз маўчыць. Сядзіць, угнуўшы галаву, і не варушыцца. Бачым — такая справа, трэба, мусіць, параіцца нам удвух з камандзірам, што з ім зрабіць. I тады Селязнёў, натаміўшыся ад спрэчкі, кажа: «Ладна, ідзі падумай. Праз гадзіну прадоўжым гаворку».
Ну, Мароз устаў і пакульгваючы, вылез сабе з зямлянкі. Мы засталіся ўдвух. Селязнёў сядзіць злы ў кутку, бачу, на мяне зуб мае — маўляў, твая кадра. Кадра сапраўды мая, але, адчуваю, я тут ні пры чым. Тут у яго свае нейкія прынцыпы, у гэтага Мароза. Хоць я і камісар, але ён за мяне не дурнейшы. Што я магу з ім зрабіць?
Пасядзелі так, Селязнёў і кажа са строгасцю ў голасе, да якой я ўсё яшчэ не мог да канца прывыкнуць: «Пагавары з ім. Каб ён гэтую дурату выкінуў з галавы. А не, дык на Шчару паганю. У сцюдзёнай вадзе пабоўтаецца — паразумнее».
Думаю, ладна. Трэба неяк пагаварыць, адвесці ад яго гэты бязглузды намер. Вядома, я разумеў: шкада хлопцаў, шкада мацярок. Але, мусіць, ім ужо не паможаш. Пагінуць хлопцы. Ды хіба адны Марозавы хлопцы гінуць? Вайна, паміраюць мільёны. I не такія арлы, як гэтыя падшыванцы.
Да, я чэсна збіраўся пагутарыць і адгаварыць яго нават і думаць пра яўку ў Сяльцо. Але вось не пагаварыў. Я прамарудзіў. Можа, прытаміўся, а можа проста не сабраўся з духам зрабіць гэта зараз жа пасля гаворкі ў зямлянцы. А далей здарылася адна мінтрэга, стала не да Мароза.
Сядзім, маўчым, думаем і раптам чуем галасы непадалёк, ля першай зямлянкі. Нехта бягом пратупацеў ля акенца. Услухаўся — голас Браневіча. А Браневіч толькі ўранку адправіўся на адзін хутар з сержантам Пекушавым — было заданне наконт сувязі з мястэчкам. Пайшлі на тры дні, і раптам ужо ўвечары яны тут.
Першы, учуўшы нядобрае, выскачыў камандзір, я ўслед. А што ж бачым? Сядзіць перад зямлянкай Браневіч, а побач у доле ляжыць Пекушаў. Я зірнуў і бачу адразу: мёртвы. А Браневіч расшкуматаны ўвесь, потны, мокры па пояс, з акрываўленымі рукамі, заікаючыся, расказвае. Аказваецца, кепская справа. Ішлі і каля аднаго там хутара наскочылі на паліцаяў, тыя абстралялі і вось забілі сержанта. А харошы быў хлопец, з пагранічнікаў. Добра яшчэ, Браневіч неяк выкруціўся і прывалок цела. У самога куляй прабіта на плячы ватоўка.