Private-Bookers
Салдацкi лёс
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Не, не дай Бог…

— Не дай Бог! Я аж зледзянеў. I бачу, пабеглi трое. За дубы. Я прылажыўся, як даў — адзiн вобзем. Адзiн — прама, адзiн — убок. Ну, ускочыў, кажу Краўчонку: «Лапай таго!» — што ўбок, значыць. А сам за пярэднiм. Як прыпушчу. Чорт, адкуль толькi спрыту набраў. Хаця маладзейшы ж быў. I два скакуны меў, не тое што цяпер. Як урэзаў — гляджу, даганяю. Ладны такi фрыцуга, цыбаты, у камбiнзоне. Ён па мне з-за дуба пук-пук — кулi ля вуха. А i я за дуб. Камель во! Нiякая куля не возьме. Ён пукне — ды за наступны. А я — за ягоны. Так i гулялi ў даганялку. I я, ведаеш, правiльна разлiчыў. Думаю, страляй, страляй, — у мяне болей патронаў. Я цябе прыцiсну…

— Ге, не дужа iх лёгка было прыцiскаць. Мы раз пад Аўгустовам акружылi чалавек сто, дык бiлiся да апошняга. Толькi параненых некалькi засталося. Астатнiя — трупы.

— Ну… Не, я правiльна скумекаў. Сышлiся мы за адзiн дуб. Значыць, дагнаў я яго. Ён па адзiн бок, я — па другi. Тут ужо ўцякаць яму — не з рукi, баiцца, адбяжыць — я i тыркну ў спiну. Дык ён хаваецца. Я аўтамат напярод i бокам за iм. Ён бокам ад мяне. я ў другi бок — ён таксама. Як дзецi. Цяпер дык аж смешна. Тады — не да смеху, праўда, было. Злосць мяне разабрала, ашалеў проста. За Дзянiсава — такi хлапец!.. I вось якраз падляцеў — прама на яго парабел. Чую — трэсь, курок, значыць, а стрэлу няма. Асечка, цi што? Цi, можа, патроны ўсе?

— Асечка. Калi патроны канчаюцца, тады гэты парабел iх затвор паднiмае. Тарчком так.

— Можа, i асечка, ага. Падскочыў я ды як трахну яго прыкладам, ён i паляцеў спотырча. Я зверху. Згрэб яго рукi, аўтамат мой не ведаю, куды i дзяваўся. Але i ён, гадзiна, дужы, рукасты фрыц, не якi там пархацiк. Пiсталет у яго выпаў, ну, думаю, цяпер ты мой, галубчык. I тут трохi здзiвiла мяне, помню, рукамi ён не за мяне, а нешта за сябе хапнуўся. Так, глядзь я гэта, а ў яго на двух пальцах ужо колца з чакой. Выдзернуў, значыць. а ў другой граната.

— Ого!

— Я ўвесь ахалонуў, аж воласы дыбам. Але неяк паспеў, згрэб ягоную лапу з гранатай. Як цяпер памятаю — зялёненькая такая, круглая, бы гусiнае яечка, з паскай пасярэдзiне. а ў канцы — вядома, узрывальнiк. Знаеш жа — планку адпусцiць, пстрыкне i — капут абодвум. Кiшкi на сучча… Дай тваiх паспрабаваць, балгарскiх, гэтыя нягеглыя нешта. Сiгарэт i тых людскiх прывезцi не можа. Гандлярка наша.

— Мусiць жа, сама не курыць?

— Сама-та не. Дык мужык курыць. Магла б пацiкавiцца. А то ж без курава якая жызнь!

— Не дужа яны тым цiкавяцца.

— Ось i бяда. I м абы выручка i каб клопату менш. Хаця магло i на базе не быць. I такое мажлiва. Ну. Дык, значыць, сапiм мы абодва i выкручваемся, як вужы. I ўсё ж я ашчаперыў яго лапу i дзяржу, аж жылы мае трашчаць. А ён i так, i гэтак — морда ўся ў поце, вочы на лоб, зуб сталёвы ў роце блiскае — болей мне з таго зуб гэты запомнiўся — белы, як лыжка, блiскучы. I, мусiць, не ўтрываў я, здаў недзе. Ён i пхнуў гранату абоч, якраз ля майго калена ў траву. Я, ужо халадзеючы, неяк злаўчыўся, нагой яе як шпоркну ад сябе. Чую, хляснула — узрывальнiк, значыць, я на другi бок за яго, а тут як грохне — дымам, зямлёй завалiла, боль… Не дакумекаеш ужо, што i балела. Проста боль, хоць заравi я i ачумеў. Самлеў. Нiчога не помню.

— Во i ў нас гэтак было. На Пулкаўскiм. Наш аддзялённы Яфiмкiн першы ўварваўся ў дзот, схапiў кулямёт iхнi… I давай…

— Ты чакай… Ачнуўся, чую — смярдзiць калёным, падняў галаву — млосна i ванiтаваць хочацца. Ляжым мы крыж-накрыж — ён, праўда, на мне — i недзе рыззё тлее. А пада мной мокра — кроў яго i мая — усё ў адной лужыне. Неяк сапхнуў яго — камбiнзон у шматы, ўся спiна, знаеш, нiбы ваўкi яе рвалi. Але i я — не дай Бог! Крануўся — чую, хана! Нага нежывая, косць тырчыць, ад бота — кiрзовыя ласкуты. Давай крычаць. Разы два вякнуў i зноў самлеў.

— Ну! Ведама ж, калi крывi столькi. I яшчэ вады хочацца, ага?

— Во праўда. Смага — гарэла ўсё.

— Гэта ад крывi. Кроў выходзiць — пiць хочацца. Знаю… I з Яфiмкiным так было, ледзь уратавалi. Ну, прадставiлi яго да Героя, а нас — каго да Айчыннай, каго да адвагi…

— Усё ж пашэнцiла. Пачулi сапёры. Унялi кроў, вывалаклi мяне на дарогу. У таго фрыца дакументы забралi. Прывязлi ў вёску, дзе штаб наш. А Краўчонак ужо сядзiць на прызбе, чакае палкоўнiка да залiвае хлопцам, як немца лавiў. Аказваецца, i ягоны фрыц тут жа, у хаце. Як мы разбеглiся ў лесе, Краўчонак з iм дужа не цацкаўся — куляй цюкнуў у плячо, той i задраў руку ўгору. Ну, Краўчонак i выгнаў яго на дарогу. Падбеглi байцы — глядзяць, што за звер. А немчык стары такi, з адышкай, даволi плюгаваты — словам, нiкчэмны фрыцок. Адно толькi пагоны нешта дужа кручоныя. Павялi ў штаб, а там як убачылi, як набеглi, — аказаўся генералам, крыж такi меў з дубовымi лiсцямi. Ну яго, канешне, на самалёт i — у штаб фронту. Да самаго камандуючага. А мой фрыц, калi раскумекалi ў дакументах, быў ягоны шафёр. Каб на цябе халера! Ну, вядома, праз месяц Краўчонку — ордэн Ленiна, сяржанта прысвоiлi. Во як! А я ўжо на тым i скончыў — сем месяцаў у шпiталi — адзiнаццаць ран, не жартачкi. Нагу адцяпалi па калена. Во як!

— А мы гэта свае мядалькi праз тыдзень i палучылi. А Яфiмкiн, бедалак, прыходзiць са шпiталю, няма нiчога. Кажуць — на Героя не пацягнуў. Так i застаўся без нiчога.

— Ну дык гэта што! А Краўчонка ў штаб узялi. Як жа — з такiм ордэнам. Гэткай узнагароды нават палкоўнiк не меў. Дэмабiлiзаваўся — у калгас ужо не пайшоў, старшынёй сельпа паставiлi. Вунь паглядзеў бы на яго дамоўку.

— Бачыў. З верандай, сiнiм пафарбавана.

— Ну. Жыве чалавек! Але хай! Я не шкадую. Супраць нiчога не маю. Толькi думаю: ось жа каму пашэнцiць, а каму i не…

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка