Шрифт:
— Ну, што ты на гэта скажаш?
— Выдаў нехта. Ведама — пры лесе, — сіпата азваўся ля студні Сотнікаў і, зябка адхінаючыся ад ветру, бокам прысланіўся да зруба. У ягоных грудзях штось ціхенька рыпела, як у сапсутым гармоніку.
Рыбак, памаўчаўшы, запусціў руку ў кішэню шыняля і там пад патронамі і рознай драбязой набраў жменю паранага жыта — рэшту таго, што асталося з яго сённяшняй харчовай нормы.
— Хочаш?
Без асаблівай гатоўнасці Сотнікаў працяг руку, у якую Рыбак адсыпаў з свае жмені. Абодва моўчкі пажавалі сцюдзёнай паранкі.
— Падрубалі, называецца!
Рыбак разумеў, што пачынала ўсур'ёз не шэнціць, другая гэта няўдача злосцю і раздражненнем азвалася ў яго пачуццях. І не так важна было, што самі асталіся галодныя, — болей прыгнятаў успамін пра тых, на балоце, што гібелі цяпер на сцюжы і чакалі іх з якім-ніякім харчам. За тыдзень баёў і беганіны ў лясах людзі надта прыбіліся, згаладнелі, з'явіліся параненыя, траіх няслі з сабой на насілках. А тут карнікі абклалі так, што нідзе не праткнуцца, толькі вось гэты краёчак балота і аставаўся яшчэ не закрыты. Але сюды далёка не сунешся — праз тры кіламетры мястэчка з гарнізонам, патрулі на дарогах, паліцыя, і да таго ж бязлессе — туды ім дарогі няма.
Дажаваўшы ўсё са жмені, Рыбак азірнуў напарніка.
— Ну, як ты? Калі надта кепска, топай назад. Я, можа, куды ў вёску падскочу.
— Адзін?
— Адзін, а што? Не вяртацца ж з пустымі рукамі.
Сотнікаў памаўчаў, нястрымна скалануўся ад сцюжы — на месцы пачаў прабіраць мароз. Яму было холадна, усё нутро сцялася ў ледзяной знямозе. Каб захаваць рэшткі цяпла, ён глыбей насунуў на вушы пілотку і шчыльней захінуўся ў шынелак.
— Што ты шапкі якой не дастаў? Хіба сагрэе гэта аблавушка? — з папрокам сказаў Рыбак.
— Шапкі ж не растуць у лесе.
— Затое ў вёсцы ў кожнага мужыка шапка.
Сотнікаў адказаў не адразу.
— Што ж, з мужыка здзіраць?
— Абавязкова здзіраць? Можна і яшчэ як.
— Ладна, пайшлі! — абарваў размову Сотнікаў.
Яны рушылі ад студні і праз праломіну ў плоце выйшлі ў поле. Сотнікаў ураз ссутуліўся, глыбей уцягнуў у каўнер маленькую, у пілотцы, галаву. На хадзе ўжо Рыбак выдзер аднекуль з-за пазухі замусолены вафельны ручнічок і павярнуўся да Сотнікава.
— На, абматай шыю. Цяплей будзе.
— Ды ладна.
— На, на. Ён, знаеш, як шалік, грэе, — настойваў Рыбак, трымаючы ў выцягнутай руцэ ручнічок, канцы якога адразу заматляў вецер.
Сотнікаў прыпыніўся, заціснуў між каленяў вінтоўку і змёрзлымі нягнуткімі пальцамі тоўста і нязграбна абкруціў прастуджаную шыю.
— Во і харашо. Давай ірванём у Азярышча. Тут недалёка, вярсты дзве. Што-небудзь расстараемся, не можа быць…
2
У полі было куды халадней, чым у лесе. Насустрач дзьмуў пругкі, не моцны, але даволі марозлівы вецер, ад яго болем заходзіліся азызлыя без рукавіц рукі — як Сотнікаў ні хаваў іх то ў кішэні, то ў рукавах, то за пазухай — усё роўна мерзлі. Памарозіцца было надта проста, асабліва твар, ды і рукі; за ногі ён быў спакайнейшы — ногі на хадзе грэліся. Праўда, на правай адняліся, не чуваць сталі два пальцы, але яны адымаліся заўжды ад сцюжы і звычайна балелі ў цяпле. Тым не менш на холадзе ныла ўсё яго прастуджанае цела, якое сёння пачало яшчэ і ліхаманіць.
Добра хаця, што снег у полі быў цвёрды або неглыбокі — яны ішлі амаль скрозь па версе, толькі мясцінамі правальваліся то адной, то другой нагой, ламаючы зацвярдзелую ад марозу скарынку. Кіравалі па быльняжку па-над узмежкам — з касагору ўніз. Ззаду са змроку валакліся два шнуркі іхніх слядоў. У полі было відней, чым у лесе, шэры прывідны змрок расхінаўся шырэй, наўкола ў доле трымцелі на ветры змёрзлыя калівы быльнягу, тамсям чарнелі адзінокія палявыя дрэўцы. Праз чвэрць гадзіны наперадзе, мусіць у лагчынцы, зашарэла нейкае кустоўе — лаза ці які хмызняк па-над рачулкай.
Па праўдзе кажучы, Сотнікаў адчуваў сябе вельмі кепска: пачынала кружыць галава, часам нават штосьці правальвалася — знікала ў памяці, і тады на кароткі час ён забываўся, дзе ён і куды ідзе. Мусіць, сапраўды трэ было вярнуцца або лепш зусім не патыкацца з лесу, ды ён проста не верыў, што можа захварэць. Яшчэ чаго не хапала на вайне — хварэць! Ніхто ў іх не хварэў так, каб вызвалялі ад заданняў, ды яшчэ такіх простых, як гэта. Кашлялі, прастуджваліся многія, але прастуда не лічылася за сур'ёзную хваробу. І калі там, ля кастра на балоце, камандзір назваў яго прозвішча, ён быў гатовы, а калі даведаўся, што па харч, дык аж узрадаваўся, бо быў, як і ўсе, згаладнелы, хацеў пад'есці, да таго ж — вабіла магчымасць пагрэцца якую гадзіну ў хатнім цяпле.