Шрифт:
У спапялелую ад гора душу байца дыхнула замілаванай шчаслівай мінуўшчынай яго дзяцінства, шчымлівым болем па ўсім тым, што перажыта, пакінута і назаўжды ўжо страчана для васемнаццацігадовага юнака. Ён ледзьве ўтрымаў крыўдлівую спазму ў горле і глядзеў, глядзеў услед чародцы родных з маленства птушак, якія прынеслі ў яго пачуцці дзесяткі да болю нясцерпных адчуванняў... I калі ўжо яго зрок ледзь-ледзь нашчупваў у шэрай засмужанай высі тую рухавую рыску, з неба зляцеў на зямлю другі, роспачна-абрывісты гук, поўны трывогі, просьбы і безнадзейнага журботнага клічу:
– Курл!.. Курл!.. Курл!..
Наўздагон за зніклай чарадой, з апошніх сіл перабіраючы крыллямі, не дужа высока ляцеў, быццам шкандыбаў у паветраным абшары, адсталы падбіты журавок. Ад яго амаль чалавечай роспачы аж здрыгануўся здзіўлены Глечык, нешта суладнае сваім затоеным пакутам пачуў ён у тым жалобным голасе, і грымаса болю і жалю скрывіла яго круглявы хлапечы твар. А журавель крычаў, кідаў у ветраны прастор дарэмныя гукі трывогі, махаў і махаў аслабелымі крыламі, пяўся наперад сваёй доўгай выгінастай шыяй, але дагнаць чародку не мог.
Ад жахлівае роспачы птушкі нясцерпнай самотай захлынула хлапечае сэрца. Глечык аберуч ухапіўся за галаву, зацяў вушы, напяўся, з усяе сілы сціснуўся, каб толькі стрываць. Так ён сядзеў доўга, зусім змярцвелы і абыякавы да ўсяго, збіты з панталыку тым нестрываным жураўліным сумам. Пасля ён адняў ад вушэй рукі і, нават не зірнуўшы ў неба, у якім даўно растала бедная птушка, усё яшчэ чуў перапоўнены горам і роспаччу тужлівы крык жураўка.
А ў душы, прарваўшыся з памяці ад таго незвычайнага напамінку, ужо шырыліся, грымелі тугой пяшчотныя, дарагія ўспаміны з таго далёкага, што стала ўжо мінулым і такім нясцерпна замілаваным. Як жывая паўстала ў памяці маці – маладая і прыгожая, але не такая прыветная і пяшчотная, як была заўсёды, а з гаротай на твары па ім, яе сыну. Успомнілася настаўніца Клаўдзія Якаўлеўна, якая любіла яго ў школе, несучы яму са свае шчодрай на ласку душы сарамяжлівую і цёплую жаночую прыхільнасць. З’явіўся перад вачыма непаседлівы Алёшка Бондар і з ім – дураслівыя іх забавы, паходы ў Селіцкую пушчу і такія тады зманлівыя гульні ў вайну – самае праклятае з усіх ліхаў, заведзеных жыццём на зямлі. Зашчымела ў душы старое раскаянне за Людку, выдуманым каханнем да якой некалі дражнілі яго ў школе, за што ён зненавідзеў і аднойчы пакрыўдзіў гэтую бялявую дзяўчынку з задуменнымі сінімі вачыма.
Ахоплены ўладарнаю сілай успамінаў, не адразу заўважыў ён, як узняўся аднекуль суцэльны далёкі гул. Хлопец ачнуўся, калі на пагорак абапал дарогі выпаўз статак крыжастых страшыдлаў, загрукатала ўсё наваколле і да самага споду задрыжала зямля. Скочыўшы з бруствера, Глечык схапіў адзіную сваю гранату, прыціснуўся спіной да дрыготкай сцяны траншэі і чакаў. Ён разумеў, што гэта канец, і з усяе сілы зацяў у сабе нясцерпную журботу душы, у якой вялікаю прагай да жыцця ўсё біўся далёкі прызыўны жураўліны крык...
1959
Аблава
Прырэчная лугавая імшарына з раскіданымі па ёй бухматымі купкамі лазняку ды грыўкамі зрудзелага бярэзніку дружна зелянела позняю восеньскай атавай. У доле скрозь было мокра, няўходна, мох часам асядаў пад нагамі, і тады з-пад яго цвіркала мутная жыжа. Але мох дужа не правальваўся, дрыгвы тут не было. Гэта цяпер, увосень, імшарына набрыняла вадой і стала падобнаю на балота, а ўлетку, у пару сенакосу, дык тут скрозь было суха, вольна хадзілі касцы, бабы і нават ездзілі на брыках, калі звозілі сена. Дзе-нідзе ў доле яшчэ і цяпер налітыя чорнай вадой блішчэлі сляды конскіх ног. Пасля дажджоў прырэчнае балота шырока разлілося, заліло імшарыну, якая, бы цеста на дражджах, пачала пухнуць мяккім вільготным мохам. Скураныя пасталы на нагах у чалавека даўно раскіслі ад балотнай вады, анучы наскрозь змакрэлі. Але чалавек не заўважаў таго і між кустоўя ўпарта імкнуўся кудысьці. Наўкола стаяла цішыня, нідзе не было нікога. Людзі завіхаліся на палетках, выбіралі бульбу, - нашто цяпер каму гэтая дальняя прырэчная імшарына? Чалавек, мабыць, ведаў тое і ўсё ж адчуваў сябе неспакойна, нават трывожна; хада яго была такая насцярожаная, што, здавалася, варта недзе каркнуць вароне, як ён здрыганецца і абамрэ на месцы.
Быў ён немаладога веку, даўгалыгі і шырокі ў плячах, але надта худы, з жылаватай выцягнутай шыяй. На даўно не голеным твары чырванеў даўгі прастуджаны нос, з-пад святлявых броваў насцярожана зыркалі шэрыя вочы. Рот яго быў трохі разяўлены - ад стомы ці залішняй увагі, і з-пад абвіслых вусоў вытыркаліся два ніжнія зубы, іншых спераду не было відаць. Дыханне ў чалавека чулася сіпатае і частае - усё ж, мусіць, далася яму ў знакі гэтая хада па балоце. Апрануты ён быў у зрудзелы ад старасці вясковы армячок-паддзёўку, залаплены на плячы чорным суконным лапікам, на запалым жываце скасабочана трымалася раменная папружка. Пакамечаная кепка на галаве даўно ўжо страціла сваю ранейшую форму і выглядала нібы аблавушка - відаць, насілі яе не адзін год. Мабыць, таксама, як і порткі, спераду і ззаду абсаджаныя лапікамі, на якія, у сваю чаргу, былі прышыты новыя лапікі - такія зношаныя былі порткі. Бадай, самае спраўнае на чалавеку былі ягоныя пасталы, хоць і раскіслыя ад вады, але з моцнай сырамятнай скуры, туга сцягненыя на нагах вераўчанымі забэрскамі, канцы якіх былі абкручаны аднізу на калашынах тых нехуцавых порткаў. Ніякай ношы ці хатулька ў чалавека не было відаць, вольныя рукі яго, аднак, не матляліся, а напаўсагнутыя насцярожана віселі па баках.
Відаць было па ўсім, што чалавек даўно ішоў адзін, звыкся са сваёй адзінотай і старанна абмінаў людзей. Людзі для яго былі найвялікшаю небяспекай у полі, на дарогах, ці не таму ён выбіраў шлях воддаль ад дарог, паселішчаў, між параснікаў і балацявін або цераз лес. За час блукання ён адвык ад чалавечага голасу, сам маўчаў, толькі напружана, да болю ў галаве, думаў і безупынна ўзіраўся ў наваколле. Слых яго стаў такі востры, што ён лёгка заўважаў самы кволы птушыны шолах у кустоўі, за вярсту лавіў стук калёс на дарозе; нягучны дзіцячы вокрык даваў яму знаць, дзе пасвіцца вясковы статак. Статка ён не баяўся, ужо разы тры, натрапіўшы на пастушкоў, разжываўся ў іх хлебам ці бульбінай, аднойчы нават паспытаў трохі сала. Сала дала дзяўчынка, якая разам з другой гэткай жа малечай пасвіла шэсць каровак на ржышчы пад лесам, і ён, вылезшы з кустоўя, спярша папытаўся, якая вёска здаля на пагорку і як клічуць дзяўчынку. Мусіць, тая ўсё ж напалохалася, але адразу выняла з кішэні бацькавай світкі загорнуты ў чыстую анучку свой полудзень і моўчкі аддала дзядзьку. Ён узяў, адышоўся і, хоць быў згаладнелы, бы воўк, не мог узяцца есці - так узрушыў яго той яснавокі позіркі дзяўчаці, які неспадзеўкі нагадаў яму ягоную дачушку Волечку. Добра адышоўшыся па ўзлеску, ён зашыўся ў гушчар і не стрымаўся - заплакаў, мо першы раз з таго часу як пахаваў дачушку. Не суджана было ёй пабачыць сваю зямельку, прыбраў бог на чужой старане, навек супакоіў над жвіровым абрывам далёкай сцюдзёнай ракі.
А бацька дайшоў.
Прырэчная імшарына разам з ракой крута паварочвала ўбок, наперадзе між кустоўя засінеўся хвойны грудок, і Хведар Роўба запаволіў хаду, гатовы зусім спыніцца. На твары яго адбіўся выраз тугі, нават болю, ён зморшчыўся сваімі зашчаціненымі маршчакамі, нібы збіраўся заплакаць. Ды і сапраўды ледзь не заплакаў, расчулены, можа, пазнаўшы памятную з дзяцінства мясціну - той пясчаны грудок сярод балацявіны, на якім зімой і ўлетку зелянела купка стромкіх старых хваін. Там, ведаў, была дарога, якою ён калісьці ездзіў на станцыю, у мястэчка, малы - з бацькамі на кірмашы, затым у раён да начальства, колькі разоў вазіў нарыхтоўкі збожжа, падатак просты і два разы цвёрды. Грудок, здаецца, не змяніўся за ўсе доўгія пяць гадоў, як Хведар не бачыў яго, хвойкі нібы папрыгажэлі нават і бухмата зелянелі зводдаль, быццам слалі яму прывітанне з таго даўняга самотнага дня, як ён апошні раз глядзеў на іх з воза па дарозе на станцыю.