Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Ніякага дачынення да гістарычнай трухі не мае ўнутраны дворык рыжскага гістарычнага музея, і таму я магу расказаць аб ім болын падрабязна. Гэта маленькі дворык, абкружаны гатычнымі арачкамі, увесь чырвона-цагляны і бела-мармуровы. Над ім блакітнае неба і снежныя рэдкія аблокі, а ў ім, як нявеста, квітнее белая чаромха і пяшчотна-ліловым полымем гарыць бэз.
Рэнесанс памёр, як бы мы ні сумавалі на ім. Ад яго асталіся толькі кнігі і гэты дворык ля Домскай званіцы. I таму, як бы ты ні чакаў у гэтым дворыку сваёй Джульеты, на дне сэрца жыве сум.
I мімаволі зайздросціш срэбным пеўням на шпілях дамоў і званіц, бо яны бачылі ўсё гэта, і перажывуць цябе, і будуць вітаць тваіх прапраўнукаў.
Так, тут нідзе няма на шпілях агіднага знака крыжа, сімвала нялюдскай пакуты і прыніжэння. На ўсіх шпілях Рыгі дзёрзка ўзносяцца ў неба нахабныя, вясёлыя і звонкія пеўні. Яны чхаюць на ўсё, смяюцца з груганоў і хмар, яны толькі што не спяваюць. А можа, мы проста не чуем іхніх спеваў з зямлі?
Пеўнік — сімвал яснага світання! Пеўнік — сімвал нараджэння новага дня!
Менавіта такі пеўнік сядзеў калісь і на званіцы Пятра, самай высокай драўлянай званіцы на зямлі. Пра яго прыгоды раскажа першая янтарная казка…
Казка пра срэбнага пеўніка
Скрып… скрып… скрыпянец… Што азначае: "Сядзеў пеўнік на шпілі…" I не дзе-небудзь, а на шпілі званіцы Пятра. А званіца гэтая была самая высокая драўляная званіца на зямлі, а значыць — і ў Рызе.
I вось што казалі латышскія сяляне пра званіцу Пятра: "Не забудзь зняць шапку перад Пятром. Усё адно Пётр яе скіне".
I як жа было пеўніку не ганарыцца, стоячы вышэй за ўсіх і першым з усіх пеўняў на зямлі сустракаючы сонца? Ён і ганарыўся, тым больш што быў тады зусім маладзенькі: толькі год ці два назад выкаваў яго з чыстага звонкага срэбра юнак Лат, самы здольны мастак ва ўсёй Рызе.
А было гэта чатырыста год назад, і латышам тады дрэнна жылося ў сваім горадзе. Кіравалі горадам епіскап і яго святое апалчэнне, што насіла пад плашчом чысціні акрываўленыя даспехі, а на поясе, побач з ружанцам, прагны рыцарскі меч.
Людзі плакалі і лаяліся, але да пеўніка ўсё гэта не даходзіла. Што яму было, па маладосці год, да людзей? Ён цікавіўся толькі адным Латам, як мы цікавіліся б лёсам далёкага бацькі, пазнаваў яго ў чалавечым мурашніку, сачыў за ім, радаваўся, калі Лат глядзеў на яго.
— Бессардэчны, — казалі пра нашага пеўніка другія пеўні, што стаялі бліжэй да слёз і гневу зямлі.
Яны не ведалі (ды і сам пеўнік не ведаў), што не можа не быць сэрца ў творы вялікага майстра, што сам майстар не можа не даць часткі свайго сэрца свайму твору, што пеўнік проста дрэнна чуе, пра што гнеўна спявае зямля. А між тым яму кожны раз хацелася заспяваць для ўсіх там, унізе, калі першы прамень сонца падаў на яго. Тады нешта цёплае варушылася ў яго срэбных грудзях. Толькі ён не ведаў, што гэта сэрца і што яно стане вялікае, калі ён пачуе песню зямлі.
I вось аднойчы, прачнуўшыся маёвым ранкам і зірнуўшы з вышыні на горад, пеўнік убачыў унутраны дворык ля Домскага сабора. Ніколі ён яму не здаваўся незвычайным, гэты дворык, але сёння пеўнік упершыню адчуў, колькі прыгажосці ў маленькіх арках, у басейне, у белым вэлюме чаромхі і ў ліловай дзёрзкасці бэзу… Яго гаспадар, яго Лат, быў у дворыку, і не адзін. Там была і дзяўчына. I Лат нагадваў дзёрзкі бэз, а дзяўчына — белую чаромху.
Пеўнік не ведаў, што дзяўчына была пляменніца самога епіскапа, што Лату небяспечна было быць там, дзе яна, бо ён смерд. Пеўніка проста здзівіў незвычайны агонь у вачах юнака, і яму ўпершыню захацелася паслухаць, пра што яны там гавораць. А паколькі слухаць ён яшчэ не ўмеў, ён пачуў не ўсё.
— Я… цябе, — сказаў Лат. — Што ты хочаш, каб я зрабіў у славу тваю?
— Выкуй мне са срэбра такую ж зямлю, як гэтая…
— …як бог?
— Хіба не хопіць сілы?
— Хопіць, калі ты падорыш мне адзін…
I тут пеўнік убачыў, што іхнія дзюбы — ці як гэта там завецца ў людзей? — зліліся. Яму стала сорамна чагосьці, і ён апусціў срэбныя павекі.
Так здарылася, што першае слова, якое пачуў пеўнік, было слова любві. А калі такое здарыцца з істотай, тады вушы яе адкрываюцца для ўсіх галасоў зямлі. I на пеўніка раптам нахлынуў прыбой гукаў, і ён пачуў, як смяецца праз слёзы, кляне і лаецца зямля.
— Як жа я мог без гэтага? Як я мог не чуць? Я ж іхні! Мяне выкавалі там! Мала таго — я ж першы, першы з іх сустракаю сонца.
Ён слухаў, слухаў, і нешта вырастала, вырастала ў яго срэбных грудзях. За дзень яно вырасла так, што пеўніку стала балюча, і ён не ведаў, што зрабіць, каб суняць гэты пранізлівы, усеабдымны боль.
Застогне нехта ўнізе — як іголкай працінае.
I таму ён, праседзеўшы цэлы дзень з заплюшчанымі вачыма, нават узрадаваўся, калі прыйшла ноч, бо ўсім пеўням, як вядома, уначы належыць спаць.