Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Шчаслівыя вы ці не — дзякуй. Каб я быў бог — вы ўсе, усе былі б самыя шчаслівыя на свеце, самыя сагрэтыя святлом і дабрынёй.
…Дзіўным сумам павеяла на мяне апошняе спатканне з Кіевам. Дамы нібы пастарэлі, дрэвы разрасліся, нібы лес, там, дзе былі паляны майго юнацтва. Двор "лісця каштанаў" забудаваўся і паменеў, стаў цацачны; даўно ляжыць брук на месцы старых раскопаў непадалёк ад доміка М.Булгакава; стары Зялёны тэатр падобен уначы на марсіянскі цырк, і не мільнануць за рогам вуліц абліччы многіх маіх сяброў і дзяўчат. Горад, які я ведаў да апошняга каменьчыка, цяпер разросся і напалову невядомы мне.
Але ўсё адно душа мая, вершы мае, складзеныя там, словы, прамоўленыя да блізкіх, блукаюць паркамі, бульваамі Шаўчэнкі, начнымі вуліцамі, Пячэрскам, як каханне маё, незабытае і незабітае ні пуцявінамі, ні холадам гадоў. Як душа і каханне ўсяго мноства людзей, што любіла цябе гэтыя многія сотні гадоў.
Але ўсё адно я стаю на беразе майго і твайго Дняпра і малюся не толькі за свой кут, але й за цябе. І жадаю табе таго, чаго пажадаў бы і свайму народу: адсутнасці гардыні, фанабэрыі і зазнайства ў час трыумфу і неадольнай, мужнай і спакойнай стойкасці ў бедах.
І калі зноў выплывуць туманным Дняпром чаўны і людзі на іх спытаюць мяне: "Чій се градок?" — я азірнуся на кручы, на старадаўні горад, на іх і адкажу ў апошні раз:
"Мой. Мой се градок. І маім будзе, пакуль існуе род чалавечы на зямлі, на берагах майго Дняпра".