Private-Bookers
Яго батальён
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Стаяць тут няма як, таму сядайце і слухайце, — сказаў Валошын. Байцы зважліва апусціліся ў мігатлівы прыцемак пад сцяной. — Вам баявая задача. Вельмі важная. I зусім простая. Узяць нажы ці штыхі, а таксама паболей паперы — газет, кніжку якую мо растрыбушыць, ціхенька перайсці балота і з узмежка — па-пластунску ўгору да нямецкай траншэі. Без аніводнага гуку. Ля траншэі развярнуцца і такім жа манерам назад. Вось і ўсё. Зразумела?

Байцы шырокімі вачмі глядзелі на камбата.

— Не зразумела? Тлумачу. Прапаўзці і нажамі прама-цаць зямлю. Калі дзе міна — не чапаць. Толькі на тое месца кавалак паперы і глыжом прыціснуць. Каб ветрам не здзьмула. I так далей. Цяпер ясна?

— Ясна, — не дужа ўпэўнена сказаў Дрозд. Кабакоў шмыргануў носам, камбат уважліва паглядзеў на яго.

— Усё гэта зойме ў вас не болып дзвюх гадзін. Можа, так здарыцца, што на нейтралцы будуць немцы. Тады паслухайце, чым яны займаюцца. I назад. Я вас чакаю. Пытанні ёсць?

— Ясна, — трохі ўжо болей бадзёра, чым першы раз, сказаў Дрозд. Кабакоў зноў шмыргануў носам і няпэўна закашляўся.

— Значыць, усё зразумела? — заключыў камбат. — Тады сяржант Нагорны праводзіць вас да лёду і паставіць задачу на мясцовасці.

Байцы ўсталі з-пад сцяны, павярнуліся да выхаду, але Кабакоў, які быў першы, раптам спыніўся.

— Я гэта… таварыш камбат, кашляю.

— Да? I здорава?

— Як калі. Часам калі нойдзе…

Баец з перабольшаным стараннем пракашляўся.

Валошын зірнуў у яго вочы і ўбачыў там неадольную боязь — занадта знаёмае на вайне пачуццё, толькі згле-дзеўшы якое, усё станавілася простым да абурэння. Цяпер, аднак, камбат пастараўся быць стрыманым.

— Тады адставіць, — сказаў ён рашуча. — Вашу канды-датуру адставіць. Замест вас пойдзе старшы сяржант На-горны.

— Ёсць! — сказаў Нагорны і запытаў, счакаўшы: — Дазвольце выконваць?

— Выконвайце, — сказаў камбат. — Вернецеся — адразу ка мне.

Нагорны з Драздом вылезлі, напусціўшы сцюжы. Кабакоў паныла апусціў галаву.

— Баіцёся? — запытаў камбат, ва ўпор разглядваючы байца і як заўжды ў такіх выпадках чакаючы апраўдання і хлусні. Але Кабакоў ціха пацвердзіў:

— Баюся.

I яшчэ ніжэй нагнуў галаву. Канец провада дагарэў да самае палкі, пачаў дымна хліпаць. Вера прыўстала на ногі і з запасам пацягнула яго з-пад столі.

— Лейтэнант Самохін, ён што — заўжды труса святкуе?

— Ды не быццам. Не замячалася.

— Даўно на фронце?

— Чатыры месяцы.

— Адкуль сам?

— 3 Пензенскай вобласці.

— Хто дома?

— Маці. I тры сястронкі.

— Старшыя?

— Меншыя. У школу ходзяць.

— А бацька?

— Няма. У сорак першым з-пад Кіева прыслаў адно пісьмо, і ўсё.

Стала ціха. Вераценнікава гаротна, перарывіста ўздыхнула. Знадворку пачулася страляніна — кулямётная чарга недзе на ўчастку суседзяў.

— Значыць, баішся? — з'едліва запытаў Самохін. — За сваю шкуру дрыжыш?

— Усе баяцца. Каму паміраць хочацца?

— Ах, вось як? Яшчэ філасофію разводзіш? Разгільдзяй, я табе пакажу зараз! Ану, знімай дзягу.

Ротны ўстаў і, угнуўшы голаў, рашуча ступіў да байца.

— Ціха, таварыш лейтэнант! — сказаў камбат. — Хай ідзе. Ідзіце на месца, Кабакоў.

Баец нязграбна вылез з бліндажа. Самохін нагой адкінуў парожні кацялок.

— Ну і дарма! Трэба было з Нагорным спецыяльна паслаць! Ад трусасці палячыць.

Камбат палез у кішэнь па закурку.

— Не варта, Самохін.

— А-а, таму, што прызнаўся, так? На гэта зважылі? Лейтэнант пераставаў стрымліваць сябе, быў гатовы сарвацца, як таго патрабавала ў ім усё перажытае за сённяшні вечар. Але камбат разумеў гэта і не мог дазволіць такой вольнасці ротнаму, якога чакалі справы куды болей нервовыя і важныя.

— Так, зважыў,— спакойна сказаў ён. — Памятаеце талстоўскую прытчу: за разбіты кубак — дзякуй. Бо не схлусіў.

— Прытча! — сказаў Самохін, аднак спакайнеючы. — Яму прытча, а Дрозд што — камень? Да? Не баіцца? Вось шарахне — і ашмоцце адно застанецца. А гэты жыць будзе. Праўдзівец!

5

Першы з выкліканых камандзіраў прыбег малодшы лейтэнант Ярашчук — камандзір прыдацзенага батальёна ўзвода буйнакалі-берных кулямётаў ДШК. Самы малодшы па званню ён быў самы стары сярод камандзіраў па ўзросту — гадоў пад сорак дзядзька, былы сельпоўскі работнік з Пензеншчыны, якому некалі перад звальненнем з тэрміновай службы прысвоілі званне малодшага лейтэнан-та запасу. Далей гэтае званне на ягоных плячах не расло, што, аднак, мала непакоіла Ярашчука — чалавека прасцецкага, не надта пісьменнага і надта цывільнага. Ён упіхнуў у бліндаж сваё зусім не камандзірскага выгляду, шчуплае, як-колечы захінутае ў чырвонаармейскі шынелак цела і загаманіў хрыплаватым спрасоння голасам:

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка