Private-Bookers
Альпійская балада
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Усё ж Іван позна заўважыў небяспеку. Ён паспешна тыцнуў насустрач пісталетам, але стрэлу не было, — пэўна, штосьці заела. Тады ён тузануў пісталет да сябе, ляпнуў па затворы далоняй, аднак ваўкадаў ужо быў побач, хрьшата рыкнуў і скочыў. Іван, прыгнуўшыся, шаснуў за яліну, ваўкадаў пранёсся ля яго пляча, цяжка перакуліўся і з разяўленай зяпай вёртка скочыў назад. Іван, не ведаючы, як бараніцца, ускінуў насустрач рукі.

Гэта быў дужа імпэтны скачок, Іван не ўстаяў на нагах, пісталет выпаў, і яны абодва, чалавек і сабака, пакаціліся па зямлі. Здавалася, усё хутка скончыцца, але Іван у апошняе імгненне паспеў схапіць ваўкадава за ашыйнік і ў амаль нечалавечым напружанні рук не даў сашчапіцца на сабе ягоным зубам. Сабака дзерануў яго кіпцюрамі, недзе, трэснуўшы, разарвалася адзежына. Іван, аднак, з усяе сілы трымаючы аўчарку за ашыйнік, левай рукой схапіў яе за пярэднюю лапу і крутнуў. Так яны яшчэ разы два перакаціліся адно цераз аднаго і зноў апынуліся побач. Іван выкінуў убок ногі і стараўся як-небудзь узваліцца на ваўкадава, але той задышліва хакаў, шалёна рвучыся да яго, і Іван адчуў, што доўга так не ўтрывае. Тады ён у апошнім рашучым намаганні, у якое сабраў увесь спрыт, вертануўся на зямлі, злаўчыўся, перакінуў цераз сябе сабаку, каб самому апынуцца вышэй, і з усяе сілы даўлянуў яго каленам у скабіны. Той таксама тузануўся, ледзьве не вырваўшы з рукі ашыйніка, коратка екатнуў, але — адчуў Іван — пад каленам у яго штось нібы хруснула. Сабака прарэзліва завішчаў, чалавек, здзіраючы з пальцаў скуру, тужэй закруціў ашыйнік, і яшчэ намогся каленам. Аднак ваўкадаў віскнуў, падкінуў задам, ашалела тузануўся і вырваўся.

У Івана штось азвярэла ў душы, ён сцяўся, адразу ж чакаючы новага скачка. Але сабака не скакаў, распластаўся на зямлі і, выцягшы наперад тоўстую морду з вываленым набок языком, часта, зморана дыхаў і дзіка глядзеў на чалавека. У Івана, натруджаная ашыйнікам, пякуча гарэла правая рука, нервова торгаўся ад ператомы мускул у прадплеччы, ледзьве не выскоквала з грудзей сэрца. Ён таксама некалькі секунд, паклаўшы на траву дрыготкія рукі, стаяў на каленях і амаль не па-чалавечы, здзічэла глядзеў на сабаку.

Яны абодва ашалелымі вачыма сачылі адзін за адным, баючыся прапусціць адзін у другога першае жаданне скочыць. Іван да таго ж вельмі баяўся, што вось-вось з’явяцца немцы, і гэтыя некалькі секунд здаліся яму вечнасцю. Пасля ён падумаў, што ваўкадаў наўрад ці кінецца на яго, і нерашуча падняўся на ногі. Не адрываючы ад ворага пільнага позірку, ён сігануў убок і схапіў з травы кавалак каменя. Ваўкадаў натапырыў хрыбціну, ударыў па зямлі хвастом, здалося, скокне, але ўсё ж не скочыў, — відаць, яму дасталося не менш, чым чалавеку, і ён ціхенька, бяссільна екатаў. Тады Іван болей рашуча ступіў назад яшчэ раз, ваўкадаў прыўзняўся, пасунуўся, почапка яго заварушылася ў траве. Аднак ён не пабег і не скочыў. Іван, бачачы гэта, яшчэ больш асмялеў і бокам хутка пасігаў угору да яліны, дзе быў пісталет.

Сабака заскавытаў ад бяссільнай ярасці, валочачы пакалечаны зад, аслабела прапоўз у траве і спыніўся. А чалавек ухапіў з травы браўнінг і зморана, наколькі дазваляла рэшта яго сіл, патрухаў па распадку ўгору, у яловы гушчар.

2

Яшчэ праз якіх пяць хвілін ён быў ужо ў лесе і бег уздоўж вірлівага, з празрыстай вадой, ручая. Лес тут быў чысты, без ламачча, бегчы, аднак, перашкаджалі частыя абломкі скал. Пад’ём таксама станавіўся ўсё болей круты і хутка забіраў сілы. Чакаючы і баючыся новай пагоні, Іван ускочыў быў у ручай, каб схаваць ад аўчарак след. Вада ледзяным холадам пругка ўдарыла ў ногі, да болю апякла ступні, і ён, прабегшы якіх дваццаць крокаў, выскачыў зноў на бераг. Ускарабкаўся на скальную кручу, тузануў, перазараджаючы, пісталет, — затвор выкінуў на камяні перакошаны патрон. Іван сагнуўся падняць яго і раптам абмёр — праз гаманлівае булькатанне ручая ззаду данеслася гамонка. Забыўшыся на патрон, ён таропка кінуўся ўгору, крышку ў бок ад ручая, на схіл распадка, пралез цераз гушчар маладога ельніку і, ледзьве спраўляючыся з дыханнем, апусціўся на чацвярэнькі.

Спачатку яму здалося, што скрозь было ціха, толькі зводдаль вуркатаў ручай ды шумелі верхавіны елак. Гэта падзьмуў фён, і ў небе з-за гор выплыў ускудлачаны акраек хмары — хутка насоўваўся дождж. Іван насцярожанымі вачыма агледзеўся па баках, аббег позіркам каменне пад елкамі ўнізе — быццам нідзе нікога. Ён ужо хацеў бегчы далей, як ззаду да яго слыху даляцеў трошкі сцішаны, але настойлівы вокліч:

— Руссо!

Іван хіснуўся ніжэй, угнуў голаў — не, то быў не немец, а мусіць, які гефтлінг [1] . Але не хапала яшчэ клопатаў чакаць каго, тут хоць бы як выкарабкацца самому: ведаў з уласнага вопыту, як гэта трудна. Немцы, мусіць, паднялі ўжо трывогу і даганяюць — не так гэта проста ўцячы.

1

Зняволены. (ням.)

I ён з усяе сілы пабег, пакарабкаўся між камянёў і елак угору, наўкос па горным лясістым схіле. Ручай застаўся недзе ўбаку, гоман яго прыціх; мацней і выразней сталі шумець яліны; свежы вецер размашыста гойдаў іх верхавінамі; сонца схавалася; змаркатнелае неба ўсё далей і шырэй абкладвала мутная хмара. Было душна, куртка на спіне прамокла ад поту, паласаты берэт ён недзе згубіў і твар выціраў рукамі, увесь час сочачы за наваколлем і ўслухоўваючыся. Аднаго разу, пераводзячы дыханне, ён пачуў далёкае яшчэ, але настойлівае вуркатанне матацыклаў: тут недзе праходзіла дарога, і немцы, вядома, ужо ачаплялі раён. Ахоплены панылым прадчуваннем, Іван услухоўваўся, мяркуючы, як уцякаць далей, і ў той жа час па нейкім невыразным гуку адчуў, што ззаду хтосьці бяжыць. Гэта ўжо было дрэнна: можа, той зусім не гефтлінг, а немец! Іван адскочыў за імшысты камель елкі і шчоўкнуў ахоўнікам браўнінга. Тым часам матацыклы з усё большым трэскатам набліжаліся. «Абкладваюць, сволачы…» — мільганула думка. Іван азірнуўся, апусціўся за елкай на адно калена і прыўзняў сціснуты ў кулаку пісталет. Зноў унізе стукнулі па камянях крокі. Ён угледзеўся, зусім пэўна адчуваючы ў гушчары месца, дзе з’явіцца чалавек. Але нейкі час ніхто там не паказваўся, і Іван напружана чакаў. Урэшце на прагалак між дрэў унізе выбегла лёгкая паласатая постаць на выгляд быццам падлетка, азірнулася, жвава неяк кінула позірк угору і згледзела яго.

— Руссо!

Жанчына?! Гэта яго здзівіла і збянтэжыла, ён ледзьве не вылаяўся ад прыкрасці, але блізкі роў матацыклаў пераключыў ягоную ўвагу — яны ўжо былі побач, толькі вышэй. Іван вертануўся на зямлі, не ведаючы, куды падацца: між рэдкіх камлёў дрэў яго тут маглі лёгка ўбачыць зверху. I ён сігануў у неглыбокі вышчарбак-нішу пад крутаватай скалою, прыгнуўся, увесь ператварыўшыся ў спрыт і асцярогу. Паласатая постаць унізе на хвіліну знікла за краем абрыву, і ён не глядзеў куды — найболей асцерагаючыся матацыклаў, напружана слухаў. Але вось знізу праз дваццаць крокаў з-за каменя з’явілася дзяўчына ў доўгай, не па росце куртцы з падкасанымі рукавамі і чырвоным трохкутнікам вінкеля на грудзях. Яна хутка зірнула па баках, і ён заўважыў, як пад шапкаю чорных, даўнавата не стрыжаных валасоў радаснай жвавасцю бліснулі гэткія ж чорныя, нібы дзве масліны, вочы.

— Чао!

Ён чуў ужо гэтае слова і зразумеў яго — так заўсёды віталіся гефтлінгі-італьянцы. Аднак цяпер, услухоўваючыся ў трэскат над галавой, ён змоўчаў, чакаючы, што яна вось-вось шмыгне куды ў сховішча. Але яна, здаецца, зусім безуважная да небяспекі, зноў азірнулася і таропка загаманіла па-нямецку, як зразумеў Іван, некага праганяючы ад сябе. Іван паглядзеў у падлесак — там, адкуль выскачыла дзяўчына, туліўся на каленях яшчэ нехта ў паласатым, але ён зараз жа шмыгнуў назад і прапаў у гушчары ельніку. Іван ужо хацеў кінуцца куды далей ад гэтых гефтлінгаў, як дзяўчына лёгка выскачыла з-за абрыву, нагнулася, таропка сунула ногі ў калодкі, якія дагэтуль трымала ў руках, і, заляскаўшы імі, падалася да яго.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка