Друкуецца па аўтографе. На вокладцы — назва рамана і малюнак, які належыць пяру К. Чорнага: два дрэвы на першым плане і трэцяе ўдалечыні. На першым лісце рукапісу намалявана высокае дрэва і будынак, у якім можна ўгадаць гумно з шырокімі варотамі, каля сцяны знаходзіцца фрагмент агароджы. На другім лісце слупком выпісаны імёны і прозвішчы галоўных персанажаў рамана. У канцы аўтографа пазначана: «Канец. Кузьма Чорны. 7 гадзін вечара, 18-га верасня 1943 г. Масква. Гасцініца „Якорь“». 2 ліпеня 1944 года Чорны запісаў у сваім «Дзённіку», што, ачуняўшы пасля цяжкай хваробы, якая суправаджалася амаль поўнай слепатой, ён перапісваў рукапіс рамана: «А яшчэ шэсць месяцаў таму, калі пачынаў перапісваць „Пошукі будучыні“, мне была пакута выпісваць роўна загаловак і першы радок».
Упершыню раман публікаваўся ў часопісе «Полымя», 1950, № 11–12, дзе быў падвергнуты прыкметнай рэдактарскай апрацоўцы.