Private-Bookers
Пасля Жыццё
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

І ён заварушыўся, прыўзняў голаў - цераз узмежак агнявымі пчоламі імчалі ў хмызняк раі куль, наперадзе, з-пад цёмнай гарбіны будыніны, пыхкаў і пыхкаў агеньчык, і выляталі тыя бліскаўкі-трасы.

«Баішся! Калоцішся!
– з помслівай асалодаю здзекваўся з сябе Тарасікаў.
– А ну, уставай! Агонь!!!»

– Тарасікаў, агонь! Агонь! Такую тваю… - гучэла ў вушах суровая каманда Жаркова.

І хлопец устаў, нясмела прыўзняў голаў, падсунуўся да кулямёта, каб захінуцца яго сталёвым шчытком, і паглядзеў наперад. Каля самага вуха люта фыркнула некалькі нябачных куль, узляцела ракета, хлопец зноў тыцнуўся тварам у зямлю, а калі зноў счарнела ўваччу, торапка, каб не даць узгарэцца ў сабе спалоху, ухапіў ручкі кулямёта і націснуў спуск.

Чарга аглушыла яго, збянтэжыла, але ён не адпусціў пальцаў і яшчэ праз некалькі секунд здзіўлена сцяміў, што жывы і што трасы нейкім незразумелым чынам міналі яго, рассейваючыся скрозь у чарнаце ночы. І тады ён на момант прыпыніўся і зірнуў у прыцэл. У вузенькай рамцы відаць быў кароценькі мігатлівы бляск пад чорным узгоркам будыніны, і хлопец, давярнуўшы кулямёт, зноў націснуў на спуск.

Ён ціснуў яго, аж покуль хапіла духу ў грудзях, а калі задыхнуўся ад напружання, адняў пальцы. У вачах усё бліскалі аранжавыя пыхаўкі ад кулямёта. Сэрца яго шалёна стукацела, было дужа страшна - хлопец рассунуў локці і зноў прыпаў да зямлі. І, відаць, зрабіў гэта ў час, бо зараз жа з варожага боку сыпануў сюды рой куль. Некалькі іх мільганула ўгары паверх кулямёта, а некалькі гучна ляснулі ў шчыт і агністымі мухамі зыўкнулі ўгору і ўбакі; Тарасікаў аж здрыгануўся, абмёр, але спакваля сцяміў, што жывы і нават не ранены. Ён асцярожна прыўзняў голаў у касцы і зірнуў з-за кола - там, наперадзе, на рагу чорнай пахілай будыніны па-ранейшаму кораценька і часта папыхквала полымя.

Было цёмна і ў гэтае цемры Тарасікаў адчуў сябе трошачкі схоўней. Ракеты, мабыць, болей за іншае прыгняталі яго (можа быць, яшчэ ад тае ночы, калі іх бамбілі на вялікай станцыі - тады ўсё ў доле было заліта святлом мноства страшэнна яркіх ракет-ліхтароў, што віселі ў небе). У цемры ж адчуваць сябе куды лепей, калі б толькі даўжэй была тая жыцце-ахоўная цемра.

Трошкі аддыхаўшыся і асмялеўшы, Тарасікаў яшчэ раз зірнуў наперад - кулямёт з-за будыніны папыхкваў кудысь, але трасы ішлі ўбок, і Тарасікаў, хуценька прыўзняўшыся, навёў кулямёт і замацаваў яго. Калі ён зноў узяўся за ручкі і прыўзняў ахоўнік, хваляванне і нерашучасць зноў ахапілі хлопца, і ён паляжаў яшчэ, не адважваючыся ўтапіць спуск. Але ўрэшце з ярасцю і злосцю на сябе зрабіў гэта, кулямёт затрэсся і хлопец, здаецца, ад страху ажно прыплюшчыў вочы. Ён разумеў, што цяпер нямецкі кулямётчык прыкмеціць яго і ў самыя бліжэйшыя секунды будзе вырашана, хто каго.

Кулямёт пратарахцеў доўгую чаргу і змоўк, Тарасікаў здзівіўся, не адразу здагадаўшыся, што скончылася стужка. У той час загарэлася ўгары ракета, і ён раптам убачыў, як наперадзе, да тае пунькі, дзе страляў яго вораг, бяжыць нейкі салдат. Трапіўшы пад ракету, ён пляцнуўся на гарод, умомант раскінуў ногі і пусціў з аўтамата чаргу. «Заб’юць! Заб’юць!
– стукнула ў голаў думка.
– Там жа кулямёт!» І Тарасікаў, спалохаўшыся за таго смельчака, не стаў ужо хавацца ад ракеты, а ўхапіў зводдаль новую каробку і стаў зараджаць «гарунова».

Ракета пагасла, а Тарасікаў, сцяўшы белыя броўкі, нейкі час узіраўся ў цемру, каб пабачыць, што сталася з тым байцом. Навёўшы кулямёт, ён пачаў пільнаваць тую плямку, каб адразу, як пыхне яна, пусціць туды струмень сваіх нябачных смяротных куль.

Аднак кулямёт той болей і не стрэліў.

Тым часам страляніна трохі паслабла, Тарасікаў адзначыў гэта і здзівіўся, падумаўшы, што бой быццам сціхае, а ён усё жывы. Хлопец папільнаваў яшчэ, думаючы, што, можа, урэшце блісне ўсё ж варожы стрэл, але час ішоў, а агеньчыка ўсё не было. Тады раптам Тарасікаў адчуў, што чамусьці аж шкада яму - хлопец толькі што ўбачыў у сабе маленькую яшчэ і такую радасную надзею, што пераможа. Ён пачаў ужо спадзявацца на сябе, бо ведаў, што страляць умеў трапна, вока ў яго было вострае, вось толькі нянавісны неадчэпны страх - з ім хлопец ніяк не мог зладзіць.

Але раптам ён спахапіўся, што нікога не чуваць побач, мабыць, усе ўжо пабеглі далей, можа, нават узялі вёску, а ён застаўся з кулямётам адзін. Адрывацца ж ад усіх, заставацца ззаду Тарасікаў не хацеў, хоць і было вельмі страшна, ён усё ж імкнуўся заўсёды не адстаць, бо адзінота палохала яго не меней, чым нямецкі агонь.

Не ўстаючы з долу, ён заварушыўся, прыгледзеўся, услухаўся і падумаў, што сапраўды трэба падавацца туды, наперад. Праўда, дужа боязна было вылазіць з-пад выратоўчага ўзмежка, падстаўляць усяго сябе ворагу і кожную хвіліну адчуваць, як накіраваны на яго з цемры ствалы нямецкіх кулямётаў. Але ж трэба!

Тады ён прыўзняўся, на каленях дацягнуўся да сваіх скрынак, узяў адну ў руку, другую зашчаміў падпахай, правай павярнуў кулямёт і, прыгінаючыся і дужа баючыся, павалок яго па гародзе. Праўда, доўга яму цягнуць не давялося: неўзабаве зноў засвяціла ракета, хлопец адразу ўпаў на ўмерзлыя

глыжы долу. Але ён не хаваў ужо свае галавы, ён агледзеўся навакол і ўбачыў, што ззаду цераз узмежак з-пад паламанага плоту вылазіць яшчэ нехта. Ён ціхенька гукнуў яго і махнуў ля зямлі рукою.

Калі зноў сцямнела, ён пачуў блізкі шорхат і неўзабаве ўбачыў шараватую ў цемры постаць. Баец быў незнаёмы, пэўна, сувязіст, ён падпоўз да Тарасікава і моўчкі запытальна ўставіўся ў яго невыразным у цемнаце тварам. Тарасікаў павярнуўся і паклаў на зямлю абедзве свае скрынкі.

– На, бяры. Паможаш!
– зусім ціха, ажно сам здзівіўся (ці не страціў голас), прашаптаў хлопец і адразу закашляўся. Баец зразумеў, падпоўз бліжай, нясмела і няспрытна загрэбаў пальцамі па скрынцы, каб узяць як яе, і тады Тарасікаў, сутаргава, нястрымна кашляючы, убачыў, што ніжняя сківіца ў байца дзіўна неяк адпала і дрыжыць. Спачатку ён здзівіўся, падумаў, ці не пакалечыла хлопца, а пасля здагадаўся: гэта ж ён напалоханы і баіцца.

– Бяры, бяры хутчэй!
– гучней ужо загадаў Тарасікаў і, ускочыўшы, пацягнуў кулямёт.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка