Калеснік Уладзімір
Шрифт:
Паэт не дае сябе звесці зіхоткім выслоўям, у якіх на ўсе лады скланяецца эпітэт «сучасны». Ён прыгадвае, як аднойчы прайшоў з Дантэ па пекле і той дзівіўся, сустрэўшы ў пекле новыя сучасныя кругі. Кругі тыя — таксама выпладак сучаснага прагрэсу, суперуласніцкай цывілізацыі...
А выйсце дзе? — слушна будзе пытацца чытач. Якую надзею дае паэт чалавецтву? Якую гарантыю?
Сам факт, што песні яго бачаць і чуюць, выкрываюць,— ужо надзея. Паэт не мірыцца з наяўнасцю зла і пагрозы, паэт не дае змірыцца чытачу. Надзея ва ўсеагульнай непрымірымасці са злом. Паэт-трыбун ідзе на бераг Іардана, у тыя мясціны, дзе, як гавораць біблейскія паданні, людзі нашай еўрапейскай цывілізацыі страцілі рай, дзе потым прарокі навучалі іх, як вярнуць гэтую страту, паэт ідзе, каб на гэтым адвечным месцы прароцтваў сказаць сваю бязбожную пропаведзь:
Раскрыўшы самую святую Кнігу чалавецтва На словах: «Пралетарыі ўсіх краін, Яднайцеся!»... (ХБС, 134)Гарантыю на памыснае вандраванне чалавецтва на караблі «Зямля» да порта шчасця мастак бачыць у глыбіннай еднасці людзей. Тут дадамо яшчэ адзін штрых з верша «Фінская лазня», дзе амаль у сімвалічных абагульненнях паэт сцвярджае гуманістычную еднасць чалавецтва, якая праяўляецца ў сходнасці нораваў, натуральных чалавечых схільнасцей, адчуванняў. Паэтызацыя ідзе ў стылі «Калевалы»:
Прывалок ён для распалу Корч, што пражыўся на скалах, Дроў бярозавых удалых, Палкіх, быццам маладзіцы. Як пачаў агонь іх песціць I смалу з бяросты гнесці, Цалаваць іх, а нарэшце, Кінуўся ў чырвоны тапец — Жар такі пайшоў ад лазні, Што і там, дзе чэрці гразлі, Тлець пачаў з імхом дзяразнік, Аж не ўлежаў яніс-заяц. Уцякла лісіца — нету, Сусі-воўк за ёю следам, Потым з карху-медаедам I вядзьмарка мойта-ака (ХБС, 144).У гэтых ідэалізаваных на казачны лад абставінах вельмі натуральна праяўляецца еднасць чалавечай закваскі сяброў — беларуса і яго фінскага друга Арві. Здавалася б, што тут такога? Але без гэтай закваскі поспехаў у барацьбе за яднанне чалавецтва цяжка было б чакаць.
...Гравійка, па якой мы едзем, размалочана грузавікамі дашчэнту. Шафёр круціць за руль так спрытна, нібыта вучыўся маланкавасці рэагавання ў Чарлі Чапліна з фільма «Агні вялікага горада», дзе той іграў ролю амерыканскага рабочага, якога фабрычны канвеер ператварыў у жанглёра. Наша «Волга» грукоча збітымі амартызатарамі, але слухаецца руля і выкручваецца паміж лужынамі і калдобінамі ды прэ сабе даволі нават хутка і адносна плаўна. Пераскочылі сасоннік, поўны задубянелых маслякоў (ноччу быў замаразак), і выбраліся на шырокую, як вокам акінуць, раўніну. Асушанае тарфянішча. Наўзбоч прамое высокае грэблі, па якой пралягла дарога, серабрацца каналы, нібы казацкія пікі, пакіданыя ваякамі ў начных бойках з чарцямі, якія ў гэтых балотах мелі сваё царства.
На асушанай дрыгве — плантацыі цукровых буракоў. Поле ажно да гарызонта прыбрана. Пра ўрадлівасць зямлі сведчаць густа скучаныя бурты, прысыпаныя тонкім слоем глебы ад падмярзання і ад падсыхання, каб не страціў бурак ні ў вазе, ні ў цукровасці. За тыдзень-два грузавікі перавязуць дабро на станцыю, а там у Жабінку на завод.
— Вось гэта і ёсць наша «залатое дно», тарфянікі,— тлумачыць Сямён Васільевіч Курзаў.— Ураджай самі можаце ацаніць.
— Людзі ў вас працавітыя, народ залаты,— нібы дапаўняе субяседніка Максім Танк.
— О так, народ работу любіць. Угаворваць не даводзіцца. I сваю зямлю ўробяць як належыць і на Украіну дапруць у заробкі. Нават у Сібір ездзяць на лета, цяслярскай ды мулярскай справай зарабляюць там — уга. Праўленні калгасаў не пярэчаць — рабочых рук хапае. Хай чалавек працуе, дзе яму лепш.
— А не перасяляюцца туды?
— Не, можна сказаць, мала. Тутэйшы чалавек свае мясціны любіць.
Спыняемся ў сельсавеце. Дэпутат і сакратар парткома гутараць са старшынёю Савета наконт электрыфікацыі той вёсачкі. Рашэнне раённых інстанцый паступіла і будзе выконвацца. Старшыня, малады чалавек з дыпломам настаўніка. запэўнівае, што справу ўзяў пад свой нагляд і кантроль. Можна ехаць у Моталь.
Я ўпершыню тут. Вялізнае палескае сяло, амаль мястэчка, выгнулася паўз бераг возера. Вайну, відаць, перанесла нязгорш, бо побач стаяць старыя і новыя хаты. Вуліца выбрукавана, сялібы абсаджаны.
На канфлікт мясцовага значэння наткнуліся нечакана, там, дзе менш за ўсё чакалі яго,— у Мотальскай школе. Завуч, чалавек выбухны, з парога аглавушыў гасцей такімі звесткамі, што хоць ты затыкай вушы. Ён выкрыкваў «Старшыня калгаса самадурнічае, ненавідзіць інтэлігенцыю, дзе толькі можа, там стараецца зганьбаваць, прынізіць, абразіць. Публічна зневажае, абзывае дармаедамі, утрыманцамі, носьбітамі бандыцкай маралі... Загадаў святло абрэзаць у школе і на кватэрах настаўнікаў...»