Быкаў Васіль
Шрифт:
Ну і чорт з імі, думаў Ступак, што яму зброя? Ці ён не настраляўся ў Афгане? Ён ужо пачаў думаць, каб яе не давалі як мага даўжэй, хоць бы месяцы два, каб ён параскашаваў на міліцэйскіх харчах, адляжаўся на белых прасьцінах. А то яшчэ і прыдбаў кватэру. На вечаровай бяседзе з асабовым складам палкоўнік сказаў, што афіцэрам дадуць кватэры ці палепшаць старыя - будуецца дом у прэстыжным раёне, блізка ад станцыі метро. Нехта спытаў: дык то ж для творчай інтэлігенцыі, як пісалі ў газетах. На тое палкоўнік адказаў: так, для творчай інтэлігенцыі. Дзесяць кватэр пісьменьнікам, а трыццаць пяць нам. Мы ў большай павазе, чым п’янтосы-пісьменьнікі, якія наскрозь бэнээфаўцы. Што ж, займець сваю кватэру бяз гэтай свалаты Людкі было дужа зманліва, думаў Ступак. Каб яшчэ і прыдбаць іншамарку, такую, як у Шпака. А што, ці ён не заслужыў? Хоць у Афгане.
Па вечарах у чырвоным кутку, як у іх называлася вялікая вуглавая зала, працаваў тэлевізар, перад якім, звычайна, сядзелі амапаўцы. Збольшага цікавіліся маскоўскімі шоу, сьпевакамі, сьпявачкамі, менш навінамі спорту. Але ў пэўны час тэлевізар пераключалі на мясцовы канал, і тады ўсе сьціхалі, глядзелі і слухалі самога. Ступак слухаў таксама, і надзіва цяпер і выступ, і жэсты, і аблічча самога не выклікала ў яго ранейшага зласьлівага пачуцьця, хіба адно - абыякавасьць. Пра свой ранейшы намер ён стараўся ня думаць, няпэўна казаў сабе ў думках: пабачым. Пажывем, пабачым, як яно будзе.
Неяк у выходны ён рашыў завітаць на сваю хрушчоўку. Трэба было забраць партбілет (сказалі, што будзе добра, калі ён адновіцца ў кампартыі. У якой з дзьвюх - то яго асабістая справа). А галоўнае, яму трэба быў ордэн, які валяўся дзесь у жончынай шафе. Добра, жонкі не было дома, была толькі дачка, яна паказала шафу, што цяпер стаяла ў прыхожай, а ўся гасьцёўня была цесна застаўленая новымі столікамі і крэсламі ад шыкоўнага нямецкага гарнітуру. Дачка без вялікай радасьці ад спатканьня з бацькам пахвалілася, што маці - ужо дырэктар банку. Ступак ціха пазайздросьціў жонцы, - значыць, ня ўсім кепска, ёсьць людзі, якім і цяпер шанцуе. Доўга не затрымліваючыся ў кватэры, ён знайшоў усё, што трэба было, і, выйшаўшы з пад’езду, павярнуў да гаражоў пад ліпамі. Тут яго першым згледзеў сівагаловы Сазон, дужа зьдзівіўся ягонай уніформе. Пазяхаючы бяззубым ротам, усё аглядаў яго з галавы да ног і захапляўся:
– Вот и я когда-то… Такой молодой, подтянутый…
Вылез з-пад свайго «запарожца» Плешка, стрымана павітаўся.
– Глядзі ты - лейтэнант міліцыі! А нам і не сказаў нічога, усё ў сакрэце. I колькі плоцяць?
Ступак яму не адказаў, сапраўды, хай будзе ў сакрэце. Зноў жа, пра тое ён нядаўна даваў падпіску, - ня мог прыпамятаць, каторую за нядоўгі час. Значыць, трэба было маўчаць.
– А дзе Аляксей?
– папытаўся ён, згледзеўшы два замкі на жалезных дзьвярах былога суседа.
– Гэ, Аляксей! Аляксей зьехаў, - сказаў Плешка.
– Куды зьехаў?
– Нам не сказаў. У Нямеччыну ці далей. Можа, у Ізраіль.
– Як у Ізраіль?
– зьдзівіўся Ступак, - Ён жа беларус.
– Он-то белорус. А вот жена - довольно сомнительных кровей, - туманна растлумачыў Сазон.
Ступак прамаўчаў. Яму было шкада Аляксея, які колісь яго ўратаваў. Каб на паўхвіліны пазьней - яго б ужо не было тут. Ні тут, ні ў АМАПе, падумаў Ступак. I гэтыя дзядкі
не дзівіліся б з яго камуфляжу. Зрэшты, можа і добра Аляксею. Каб у яго, Ступака, жонка была не беларуска, ён бы таксама зьехаў. У Ізраіль ці хоць да д’ябла. А так во трапіў на службу, прадаў д’яблу душу.
Але, можа, так яшчэ і лепей.
Таго ж дня ўвечары, толькі ён вярнуўся з гораду, як дзяжурны сказаў, што яго выклікае падпалкоўнік Шпак. Ступак трохі падзівіўся: чаму падпалкоўнік? Нядаўна яшчэ быў маёр, а цяпер падпалкоўнік, ці не наблытаў дзяжурны? Але не наблытаў. У штабе яго сапраўды чакаў колішні калега, у якога цяпер на пагонах блішчэлі дзьве вялікія зоркі, - Лейтэнант Ступак, загадана забраць рэчы і да штаба. Праз паўгадзіны ад’езд.
– Куды?
– вырвалася ў Ступака.
– Да іншага месца службы.
Вось табе і на - ужо і да іншага. Трэба было зьдзівіцца, але Ступак перастаў ужо тут зьдзіўляцца. Афіцэры абступілі Шпака, а ён пайшоў у гасьцініцу, сабраў сваё небагатае майно. Праз паўгадзіны яго ўжо везьлі ў закрытым «Урале» кудысь за горад. У кузаве побач сядзелі яшчэ тры чалавекі - усе з іхняга АМАПу. Але яны былі мала знаёмыя Ступаку, і ён маўчаў. Неўзабаве, аднак, машына спынілася, яны вылезьлі. Вакол у вечаровым прыцемку стаялі высачэзныя хвоі, і пад імі мясьціліся шырокія нізкія будыніны - дачы. То была, як ён здагадаўся, старая ўрадавая рэзідэнцыя, куды іх прывезьлі, каб папоўніць асабістую ахову самога. «Во папаў!» - зноў падзівіўся Ступак, яшчэ ня ведаючы, радавацца з тае нагоды ці засмучацца. Аднак зьнешне ён не выказваў нічога, толькі слухаў і выконваў усё, што загадвалі, ішоў, куды вялі. Зноў былі анкеты, падпіскі, нават подпіс строгай таемнай прысягі. Усё тое ён рабіў, бы машынальна, бы які бязвольны зомбі; свой даўні намер засунуў углыб памяці і нават трохі трывожыўся, каб яго не заўважылі.
Праз дзён колькі, аднак, давялося парадавацца, як іх тут узбройвалі, чаго ён не дачакаўся ў АМАПе. I не якімі хвалёнымі качэргамі АК, што адбівалі плячо пры стральбе і нямала заміналі на маршы, а новенькімі карацелькамі «Узі». Дужа спрытныя выдаліся аўтамацікі, бы самі прасіліся ў рукі і зусім не заміналі - хоць на плячы, хоць на грудзях. Б’юць, казалі, за дваццаць крокаў у вераб’я пры нулявым расьсейваньні. Ступак старанна выцер з варанёнага металу лішак негустой змазкі, рукамі паважыў у сабраным стане. Ён быў задаволены. Можа, спатрэбіцца.