Private-Bookers
Пасля Жыццё
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Так, сябравалі, працавалі разам, а калі і што здарылася паміж імі, Серафімка ня ведала дагэтуль. Памятае толькі, як аднойчы позна прыйшоўшы з нейкага сходу, Мікалай здаўся ёй надта расстроеным, проста разьюшаным нават, Ядзьвіга Іванаўна ўсё ўгаворвала яго, суцяшала, а ён круціў галавой і чагосьці ня мог даўмецца. Назаўтра ранічкай, застаўшыся адна з нявесткай, Серафіма запыталася пра брата, і тая скупа адказала: «Абвінавацілі ў нацыяналізме». — «У чым?» — не зразумела Серафімка. «У тым, чаго горш не бывае», — цьмяна растлумачыла нявестка.

Серафімка больш не пыталася, Мікалай патроху стаў спакайнець, па-ранейшаму вучыў у школе, а то езьдзіў у розныя кампаніі па раёне — якраз ішла калектывізацыя, і ён як партыйны больш чым у школе быў у разьездах па самых далёкіх кутках раёну. Сьпектакляў болей ня ставілі, дома не зьбіраліся; у РДК кожны вечар ішлі то сходы, то зьлёты, то канферэнцыі, але Серафімка на іх не хадзіла і пра што там гаварылі ня ведала. Яна толькі пазірала з тугой, як Мікалай усё болей змрачнеў і марнеў, рабіўся маўклівы, дома ніколі не жартаваў нават з жонкай і неяк бы адцураўся дзіця, што ўжо зусім было незразумела Серафімцы. Малой Аленцы было гадкоў шэсьць, гэта была жвавая сьмяшлівая дзяўчынка, Серафімка дужа любіла яе — нават болей за брата з нявесткай. І вось аднойчы, як яна мыла ў начоўках малую, тая раптам і кажа: «А я ведаю, чаму татка ўчора плакаў». — «Плакаў?» — жахнулася Серафімка, такога яна і не падазравала нават. «Плакаў. Таму што ён скрывіў лінію», — бадзёра адказала малая, седзячы ў мыльнай вадзе. «Якую лінію?» — «Ну тую, ну тую… Мусіць, тую, што ў дзядзі Петруся ў партфелі», — надумала пляменьніца, і Серафіма сьпярша паспакайнела, а пасьля задумалася. Мабыць, усё ж то была ня тая лінія-лінейка, што насіў у партфелі настаўнік маляваньня Пётр Пятровіч, то была нейкая іншая лінія, калі пра яе плакаў дарослы мужчына, настаўнік, яе брат. Яна ўсё хацела запытацца пра тое ў Мікалая, ды не наважвалася, брат па-ранейшаму быў нярвовы, маўклівы, разоў колькі, чула яна, у іх пакойчыку ўсчыналася сварка з жонкай, але за што — колькі Серафімка не ўслухоўвалася з кухні, зразумець не магла. «Прынцыповасьць, ухіл, скрыўленьне» — каго і куды, хіба ёй было зразумець з яе трыма класамі адукацыі. Тады ж памятае, неяк увечары на пачатку вясны да іх завітаў Дземідовіч з паўлітрам у кішані, яна сабрала што-нішто на стол і чула, як яны размаўлялі, болей сварыліся, аднак, — зацята і варожа, і рассталіся позна, апоўначы; злосны Мікалай нават ня ўстаў з-за стала праводзіць сябра. Болей Дземідовіча яна ў іх ня бачыла. Хутка, аднак, яна наогул не забачыла белага сьвету, плакала цэлымі днямі, а пасьля і зусім перабралася ў сваю пахілую хатку на ўскраіне Любашоў. Гэта як брата арыштавалі, а нявестка Ядзьвіга Іванаўна праз месяц адмовілася ад яго на нейкім вялікім сходзе і дома злосна сказала, каб Серафімка зьехала да Першамаю, бо яна, Ядзьвіга Іванаўна, ня хоча мець нічога агульнага ні з ворагам народу, ні з ягонай раднёй.

Ужо колькі год мінула з тае вясны, а ўсё помніцца, нібы жывое, і баліць, нібы гэта здарылася ўчора. Цяжка Серафімцы зразумець, хто тады быў правы, хто вінаваты, і ў чым грэх яе адзінага брата; можа, і правільна яго пасадзілі. Толькі дужа балюча ёй найперш за нявестку: ужо, здаецца, кахаў яе Мікалай, як толькі можна кахаць мужчыне: бывала, якую скварку ня зьесьць — усё каб ёй засталося. Якую капейчыну — ёй на ўборы, каб была ня горшай за іншых. Гэтак, гледзячы на яго, адносілася да нявесткі і яна, Серафімка. Шанавалі ў той братавай сямейцы Ядзьвігу Іванаўну болей за ўсіх астатніх. Нават больш за малую, якая ўсім дужа падабалася, і пасьля гадоў колькі Серафімка, як успамінала яе, дык адразу пачынала плакаць — ад журбы па малой Аленцы.

Дземідовіч спаў кепска, з вечара ўсё зацята, надрыўна кашляў, мусіць, пакуль сагрэўся пад Серафімчыным кажушком. Сярод начы Серафімка напаіла яго адмысловым адварам з зёлак, і ён трохі паспакайнеў, можа, заснуў крапчэй. А Серафімка так і не заснула да раньня, усё паліла-награвала грубку, каб было цяплей хоць у запечку, хоць зрабіць тое ў дзіравай, бы рэшата, хаце было нялёгка. Затым варыла бульбу. Таўчы ячмень уначы яна не наважылася, баючыся патрывожыць госьця, і сядзела перад грубкай, — то падкладвала туды дровы, то зграбала да кучы галавешкі. Так міналася ноч, і як трохі занялося днець, яна пачала зьбіраць клумак. Найперш наліла ў слоік сьвежай вады, паклала ў меншы чыгунок бульбы. На гэты раз адсыпала з сальніцы ў чыстую анучу са жменю солі, падумала: што б яшчэ ўзяць з сабой у траншэю, чым пачаставаць небараку параненага. Лекаў, апроч зёлак, у яе не было ніякіх, але зёлкі невідушчаму, пэўна, не памогуць. Дземідовіч, здаецца, спаў, пад ранак троху перастаў кашляць, і яна прыслухалася, каб учуць ягонае дыханьне, па-ранейшаму частае і хрыпатае. Будзіць ня стала, хай сьпіць. Можа, ніхто не патрывожыць, а яна хуценька зьбегае і вернецца да сьняданку — трохі бульбачкі яна пакінула яму і сабе ў накрытым чыгунку ў грубцы.

На двары, перш чым выйсьці на вуліцу, пастаяла, паслухала. Пасьцюдзянелы за ноч вецер напірыста дзьмуў з поўначы, але дажджу не было. За плотам жаласна мяўкаў нейчы асірацелы кот, мусіць занудзіўся па чалавеку. На сьмярдзючым суседскім пажарышчы вецер разьдзімаў іскры, і тыя нізка ляцелі над агародам у недалёкі садок. Над полем ужо віднела, і Серафімка хуценька патупала знаёмай дарожкай уздоўж бульбяной нівы ў поле.

6. [Дземідовіч.]

Дземідовіч заснуў, можа, пад ранак, з вечару яго разпораз біў кашаль, колькі ён ня стрымліваў яго — усё роўна не адчапляўся, аж разрываліся грудзі. Усё ж ён паступова сагрэўся — першы раз за якіх чатыры начы, мусіць Серафімчыны зёлкі мелі нейкую сілу. Дземідовіч дужа пакутваў — ад прастуды, непрыкаянасьці, а яшчэ болей душэўна — ад таго, што гэтак неспадзёўкі рухнуў сьвет, дзе ён прывык існаваць, дзейнічаць, жыць. Пабурыліся ўсе звыклыя меркі, адносіны, а галоўнае — загадкава, незразумела перамяніліся людзі. Тыя, каго ён ведаў шмат год запар, нават змалку, з кім жыў і працаваў гадамі, зараз, калі грымнула гэтая бяда, сталі ня тымі. Сталі незразумелымі, чужымі да ладу ці нядобрымі да яго асабіста — хто ведае. Добра было таму, хто пасьпеў далучыцца да арміі — усё ж войска зьядноўваецца дысцыплінай, загадам начальства, прысягай урэшце. А як вось тым, што мусілі застацца пад акупацыяй, як ім быць? Дземідовіч, на яго няшчасьце, хоць і лічыўся калісь камандзірам запасу, але з прычыны хваробы на сухоты быў сьпісаны з войска па чыстай, пра войска ён ня мог нават марыць. Так сталася, што ён застаўся тут, пад немцам, канешне, меў сёетое заданьне ад адпаведных органаў. Але во — выпадак! Ці ён думаў, што адразу ж, як прыйдуць немцы, у мястэчку паявіцца і Асоўскі, той самы правы ўкланіст, да выкрыцьця якога некалі прыклаў руку і Дземідовіч. Правільна прыклаў, бо такога, як гэты інсьпектар райана, трэба было рэпрэсаваць яшчэ гадоў на дзесяць раней. Ды тады зважалі на яго педагагічны вопыт, высокую адукацыю (падумаеш, скончыў Пецярбургскі універсітэт; цяпер каму не вядома, чаму вучылі ў тым універсітэце). Ды і з якога класу паходзіў, засталося не зусім высьветленым. Дземідовіч жа скончыў педтэхнікум, але ён быў сынам селяніна-парабка (на жаль, не рабочага, як іхні заграйана Крукаў), і ўжо ў класавых пытаньнях яму ня трэба было шмат разьбірацца — класавыя інтарэсы ён адчуваў нутром. Стычкі з Асоўскім у яго пачаліся яшчэ ў трыццатым годзе, як толькі Дземідовіч прыехаў у мястэчка настаўнікам і пачаў прымаць актыўны ўдзел у грамадскім жыцьці сьпярша камсамолу, а затым і партыі, як стаў партыйцамбальшавіком. Стычкі адбываліся збольшага па той прычыне, што ў той час, як ён, Дземідовіч, усімі сіламі і памкненьнямі падтрымліваў палітыку партыі і кіраўніцтва, гэты Асоўскі з усяго імкнуўся зрабіць выключэньне, наконт кожнай кампаніі ён меў сваю думку. І галоўнае — нахабна выказваў яе, не зважаючы нават на прысутнасьць начальства з раёну ці нават з акругі, як ён ня раз тое тлумачыў — па праву старога бальшавіка (на самай справе даўно беспартыйнага, бо яшчэ ў дваццатыя гады яго вычысьцілі з ВКП(б)). Натуральна, што Дземідовіч ня мог трываць гэтых вылазак амаль не замаскіраванага ворага і даваў яму належны адпор. Усё тое было проста, звычайна і правільна для таго часу, хіба ў ягоным выпадку трохі ўскладнілася тою акалічнасьцю, што ён кватараваў у доме гэтага самага Асоўскага, побач з царквой, і як таго рэпрэсавалі, заняў ягоную кватэру. Ну але як было не заняць пусты дом — жонка Асоўскага Маргарыта Леапольдаўна тады зьехала ў Ленінград да інжынерасына, і Дземідовіч быў адзіны прэтэндэнт на гэтую відную дамоўку, бо гадоў пяць цясьніўся ў ягонай бакоўцы за кухняй. Праўда, сям’я ў Дземідовіча была невялікая — ён ды жонка, дзяцей яны ня мелі — дзе ўжо тыя дзеці ў сухотніка? Заняў ладны дом, і ўсё было б добра, калі б некаторыя не пачалі зьвягаць, што, маўляў, таму і пасадзіў, што паквапіўся на жылплошчу. Але ня квапіўся, так атрымалася. І горш за ўсё ў гэтай гісторыі тое, што Мікалай Тарасевіч, ягоны юнацкі сябра, таксама паверыў у яго карысьлівасьць. З таго і пачалося.

Калі ўжо з чаго пачнецца, тады цяжка ўгадаць усе вынікі і прадбачыць хаду падзей у тых зласьлівых адносінах, тады тыя адносіны павядуць цябе самі, часам насуперак асабістаму твайму жаданьню. Так сталася і з Міколам. Сьпярша нешта зьвягнулі жонкі, жонка Дземідовіча Паліна Аляксандраўна ўвечары неяк паскардзілася на Ядзьвігу Іванаўну, ён падумаў: дурное, прамаўчаў нават. Але праз дзён колькі сам пачуў на перапынку, як жанчыны-настаўніцы паміналі яго імя менавіта ў сувязі з яго дамоўкай. Зрабілася крыўдна, і ён пры выпадку сказаў Мікалаю, каб той крыху ўкараціў язык сваёй жонцы. Той не стрываў, ганарыста адказаў у тым сэнсе, што ня трэба было даваць падставы, не спатрэбілася б і ўкарачваць языкі людзям. «Гэта якім людзям?» — узьвіўся Дземідовіч. «Сам знаеш, якім», — сказаў Мікалай Тарасевіч, і размова на тым абарвалася.

Размова дык абарвалася, але канфлікт на гэтым ня скончыўся. І калі неўзабаве на партактыве ў дакладзе сакратара райкаму Катушкіна былі падвергнуты крытыцы некаторыя настаўнікі раёну пераважна за нацыяналістычны ўхіл, у спрэчках выступіў Мікалай Тарасевіч, яўна выгараджваючы тых настаўнікаў. Тады ўзяў слова Дземідовіч і, гледзячы ў вочы свайму нядаўняму сябру, сказаў, што замест таго, каб апраўдваць іншых, таварыш Тарасевіч павінен быў бы сьпярша прызнаць уласныя хібы ў гэтым пытаньні: і як нахвальваў «Новую зямлю» Коласа, некаторыя вершы Купалы, і як недаацэньваў пралетарскую паэзію Чарота і Александровіча. Ён тады адкрыў многім вочы на сапраўдную сутнасьць настаўніка беларускай мовы і літаратуры Тарасевіча і ніколькі не раскайваўся ў тым. З бальшавіцкай праматой ён сказаў праўду, нічога не прыдумаў і не ўтаіў. Пра «Новую зямлю», напрыклад, яны колькі перагаварылі ў тыя гады, як найбольш сябравалі. Тарасевіч тады быў у захапленьні ад тае безумоўна шкоднай кулацка-нацыяналістычнай паэмы. А між тым самі Колас і Купала выступалі ў друку з чыстасардэчным прызнаньнем уласнай контррэвалюцыйнай дзейнасьці, якую дагэтуль ня мог распазнаць у іх творчасьці член партыі і настаўнік Мікалай Тарасевіч. Сяброўства іх з таго часу, канешне ж, ляснула, Тарасевіча праз нейкі час пасадзілі, але завошта канкрэтна — гэтага ўжо Дземідовіч ня ведаў. Да той пасадкі ён ня меў аніякага дачыненьня. Тут ягонае сумленьне было чыстае. У той час ён ужо працаваў у райкаме, і з пасадкай Тарасевіча, мусіць, пастараліся іншыя. Але не Дземідовіч.

Недзе сярод начы яго разбудзіла Серафіма, прынесла конаўку гарачага пітва, што пахла чаборам. Ён сонна піў, — зьнямогла, бяз прагнасьці, бы застарэлы хворы, і, выпіўшы, пластом аблёгся на Серафімчыны транты. Быццам трохі сагрэўся, хоць дрыжака не пакідала назусім яго прастылае цела, але ўнутры стала лепей, ён пакашляў і расплюшчыў вочы. Серафімка трудна ўздыхала ў хаце, па цёмнай і нізкай столі блукалі цьмяныя водбліскі з грубкі, і Дземідовіч падзівіўся з свае ж нечаканае думкі: дзе гэта ён так безадмоўна знайшоў прыпірышча? Ці ён думаў калі, што ў самы для яго трудны час прывеціць яго гэтая цёмная жанчына, родная сястра яго, можна сказаць, ідэйнага ворага. Калі б гэта было раней, дык пры сустрэчы ён бы з ёй не павітаўся нават, зрабіў бы выгляд, што незнаёмы. Сапраўды, мець нейкія сувязі ці падтрымліваць знаёмства з сям’ёй ворагаў народу, нацыяналістаў і контррэвалюцыянераў было болей чым неразумна — было злачынна, і многія паплаціліся за гэта. Ён жа заўсёды стараўся нічым не запляміць свой гонар бальшавіка-партыйца.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка