Private-Bookers
Пасля Жыццё
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

– Адставіць капаць!
– сказаў у цемру Жаркоў.
– Давай усе сюды.

Няроўны выпрастаўся ў неглыбокай, да калень, яміне, няўцямна паглядзеў на камандзіра, адклаў лапату і моўчкі вылез наверх. Пагадзя з цемры, валюхаючы, выйшаў Гушчын, за ім пачуўся кашаль Тарасікава, ён бег да камандзіра. Не было толькі Рыбчонка.

– Схадзі таго глушца артмайстра пакліч, - прасіпеў Гушчын Тарасікаву.
– Не чуе ж.

Тарасікаў паслухмяна вярнуўся ў цемру, а Гушчын зняў з галавы каску, сеў на яе ля сяржантавых ног і пачаў аддзіраць паперку.

– Закапалі лейтэнанта, вечная яму памяць, - паведаміў ён, відаць, адчуваючы сябе тут быццам намеснікам камандзіра-сяржанта.
– А той з нагой пайшоў у санчасць. Яшчэ двое - Бяляк і Сухавееў - таксама выйшлі. Тожа параненыя, у Сухавеева рука разбіта. Пайшлі ў тыл.

Жаркоў ціхенька падавіў уздых і моўчкі пачакаў, пакуль у цемрадзі не завалюхалі дзве постаці.

– Ты чаго не паклікаў, Магіла?
– без усякай асцярогі гучна загаманіў Рыбчонак. Жаркоў шыкнуў на яго.

– Не чуў я!
– апраўдваючыся, зноў гэтак жа голасна і не ў лад сказаў Рыбчонак.
– Аглушыла ў балоце.

– А ты і раней «дай» не дачуваў, толькі «на», - глуха зазначыў Гушчын. Рыбчонак насцярожыўся, пэўна, нешта крыўднае пачулася яму, і хлопец зазлаваўся:

– Ты, Магіла, маўчы! Скажаш лепш, як цябе жонка бэхала, - баец развязна засмяяўся.
– Пашкадаваў бабу, з дзецьмі ўзяў, а яна без жаласці.
– І да Гушчына: - Эх, і даставалася табе, праўда? Добра, вайна пачалася, а то ўходала б!

Гушчын засоп і памарудзіў з адказам. Стары салдат, відаць, нахмурыўся за тое і рашыў за лепшае змоўчаць. Жаркоў адчуў, што размова пераступіла мяжу жартоўнага і сказаў:

– Кінь, Рыбчонак!

– Га?

– Хопіць, кажу, прытварацца. Слухайце задачу.

– Што я выдумляю?!
– здзівіўся Рыбчонак.
– Ягоны ж зямляк Вырчанка з пятай роты сам казаў. Чацвёра чужых дзяцей гадуе, а баба б’ецца, як тыгра!

– Загадана зноў атакаваць, - сцішана і сур’ёзна паведаміў Жаркоў.
– Праз гадзіну. Даюць нам сувязістаў і яшчэ некага. Чацвёртая і пятая роты ад лесу, а мы адсюль.

Стала ціха, адчувалася ў цемры, як байцы апанурыліся і сядзелі не кратаючыся. Адзін Рыбчонак, недачуўшы, перапытаў:

– Куды? Га?

– Да кудыкі, - прасіпеў яму ў вуха Гушчын.
– Усё туды ж. А артылерыя як, ці падсобіць?
– запытаўся ён у сяржанта.

– Артылерыі пакуль няма. Прыйдзецца нам знянацку як. Інакш нічога не выйдзе. Я думаю так… - Сяржант прысеў у доле і паказаў на балацявіну.
– Паціху падпаўзем па балоце да ўзмежка… Толькі б не заўважылі. А з-за ўзмежка, як дадуць ракету, усе ўраз на кулямёты надавім, не можа быць, каб не заўважылі. Толькі смялей трэба. Усім разам. Гранаты ёсць?

– У мяне дзве толькі, - слабым ад кашлю голасам сказаў з цемры Тарасікаў.

– У мяне гранат гэтых са тры ёсць, ага, - прасіпеў Гушчын.

– Што? Атака?
– толькі цяпер зразумеў гаворку Рыбчонак.
– Якая ўчорта атака?! Пяць чалавек!
– ён узрушана ўскочыў з долу.
– Здурнелі яны там ці што!

– Ціш ты, Рыбчонак!
– са злосцю прыкрыкнуў на яго Жаркоў.
– Ад таго, што пакрычыш, загад не адменіцца.

– Не, ужо годзе!
– крыкнуў Рыбчонак.
– Я кантужаны. Пайду ў санчасць.

– Нікуды не пойдзеш!
– ціха, але цвёрда сказаў сяржант.
– І давай рыхтавацца. Каб нічога ні ў каго не брэнькала, паўзці будзем. Зразумела? Разыдзіся!

Шэрыя постаці ў чорным доле заварушыліся, Рыбчонак, лаючыся, пайшоў на сваё месца. Няроўны моўчкі пачаў нацягваць на ватоўку шынель. Гушчын затрымаўся і, слінячы цыгарку, разважаў:

– Каб от «кацюша» сыграла разок, для духу хоць бы. А то што пяхота без аруддзяў - мухі!

«Здаецца, не заўпарцяцца, - з палёгкай падумаў сяржант.
– Разумеюць хлопцы, паслухаюцца. Ось толькі Рыбчонак!..»

– Нічога, Гушчын, - сказаў ён услых.
– Можа, як-небудзь управімся. Патроны ёсць?

– Ды патронаў хопіць. О, паўторбы, - салдат варухнуў плячамі, і ў рэчмяшку коратка і важка лязгнула.
– Я не дужа таго… бэхаю. Ашчаджаю.

– Ну добра. Тарасікаў, давай хутчэй, браце, набіваць стужкі. Колькі ў нас, тры пустых?

– Тры, - ціха пацвердзіў Тарасікаў і закашляўся сухім адрывістым, бясконцым кашлем. Сяржант і салдат заклапочана паглядзелі на яго.

– Прыкіпеў ты недзе, хлопча, - заўважыў Гушчын.
– Як тая нямецкая зянітка: цяў ды цяў.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка