Сямёнава Ала
Шрифт:
Важную справу робіць наша паэзія — школа думкі, грамадскай, патрыятычнай, грамадзянскай, эстэтычнай.
Паэзія, якую твораць асобы, што павінны ўвесь нас дбаць пра культуру мыслення, культуру палітычную, маральную, культуру слова. Каб былі і будняў плён і азарэнняў свята.
КАЛІ «ЎЗЯЦЬ ПРОБЫ» НА ГЛЫБІНІ
Чалавек напісаў нізку вершаў. Жанчыне. Пазней, публікуючы, ён не рабіў прысвячэпняў. І быў, як мастак, правы. Каму б ні прысвячаліся тыя вершы, яны сталі фактам мастацкім. У нейкай меры адчужаныя нават ад свайго творцы і ад той, што была нібыта непасрэднай прычынай напісання вершаў. Сапраўды, хіба высокая эстэтычная існасць пушкінскага «Я помню чудное мгновенье...» змянілася б ад таго, калі б гэты верш быў прысвечаны не Анне Паўлаўне Керн, а Екацярыне Ксавер'еўне Варанцовай? Або Наталлі Мікалаеўне Ганчаровай? Канечне, і для даследчыкаў, і для чытачоў цікавыя і важныя канкрэтныя біяграфічныя звесткі для разумення асобы паэта і генезісу матываў яго творчасці. Але... Верш існуе і зачароўвае нас сваёй мастацкай самакаштоўнасцю. Як і санеты Петраркі, як Багдановічава «Мне доўгае расстанне з вамі...».
У тым і сакрэт гэтых з'яў асабістых, што яны ў мастацкім увасабленні пашырыліся да разумення філасофскага. Уласнае перажыванне, асабістае, суб'ектыўнае, тыпізавалася, факт біяграфічны ператварыўся ў факт мастацкага пазнання.
Свядома згадваю рэчы непраграмныя, здавалася б, падкрэслена асабістага кшталту. Аднак і тут важнасць і важкасць залежаць ад глыбіні мастакоўскага ўсведамлення быцця. І тут адчуваецца абавязковая залежнасць ад свайго часу, эпохі, і тут ёсць спрасаваны эмацыянальны вопыт, сацыяльная афарбоўка. Так, пра што б ні пісаў сапраўдны талент, усе гэтыя катэгорыі свядома ці падсвядома абавязкова прысутнічаюць у творчасці. Акт самаўсведамлення ў мастацтве — гэта і самаўсведамленне ў часе, прасторы, у канкрэтных жыццёвых рэаліях. Канечне, у творах грамадзянскай, палітычнай, філасофскай тэматыкі маштабнасць, гістарызм мыслення, сацыяльная пазіцыя аўтара выяўляюцца непараўнана больш выразна і адкрыта. У прамой залежнасці ад маштабу таленту, яго ідэйнага крэда, узроўню мыслення, культуры духоўнай, культуры валодання вершам. Калі гэта сапраўдны талент. Акцэнт зроблены не выпадкова. Як вядома, самую высокую ідэю можна зглуміць сумотным і невыразным выяўленнем. Мастацкае выяўленне павінна быць адпаведным сацыяльнаму і філасофскаму сэнсу.
...Не маючы на мэце стварыць карціну ці хаця б даць схему беларускай паэзіі ў якім-небудзь канкрэтным перыядзе, не намагаючыся класіфікаваць ці рабіць сінхронны, «гарызантальны» разрэз (Ю. Тынянаў), паспрабуем узяць некалькі «проб на глыбіні». Некалькі ў нечым адвольных па выбары, а ў нечым характэрных для пэўнага храналагічнага адрэзка літаратурных узораў, арыентуючыся ў асноўным на апублікаванае апошнім часам. Што там, на глыбіні? Якая народа?
Зноў, імкнучыся матэрыялізаваць у слове свае вывераныя жыццём прынцыпы, сцвердзіць не так сябе, як сваё, М. Танк прыгадае думку, што адпавядае яго жыццёвым высновам:
«Не гавары: Зямля мая,— Казаў мудрэйшы з інкаў,— А гавары: Зямля, я — твой...»У. Калеснік у кнізе пра М. Танка адзначаў як паказчык творчай самабытнасці паэта «выключную адпорнасць на крайнасці як рамантычна-эстэцкага характару, так і на змрокавую празаізацыю формы», шырыню творчага дыяпазону. Паэт, дасягнуўшы вяршыняў творчай сталасці, канкрэтнай практыкай сцвярджае гэта, выкарыстоўваючы як выяўленне эстэтычнай рэфлексіі іронію.
Калі вы будзеце, сябры, Зноў разважаць . . . . . . . . . . . . . Аб непарушнасці Канонаў жанравых . . . . . . . . . . . . . Ці аб тым, Якім памерам Трэба пісаць вершы,— Паклічце і мяне. Бо, як некалі Маэстра Дунікоўскі гаварыў: «Я ўжо чалавек стары І хацеў бы Памерці ад смеху».Дарэчы, каноны, навацыі, традыцыі... Сёння гаварыць пра іх па-за сусветным літаратурным вопытам немагчыма. І хаця за традыцыйныя формы прынята лічыць формы класічныя, але ні і многія навацыі набылі ўжо трывалую традыцыю. Многія з іх прымаюць як новакласічныя каноны — ламаны радок, свабодны верш.
Але ёсць нейкія варункі творчыя, што ўжо мелі ў нечым падобныя спробы на ўзмежжы XIX-XX стагоддзяў, у 20-я гады, у сённяшнія дні. Гэта славеснасць, што не супадае з класічнымі, тысячагоддзямі выверанымі правіламі, не толькі формамі, але перш за ўсё зместам, які абумоўлівае адпаведныя формы. Не супадае зместавым напаўненнем, відавочнай устаноўкай на ўскладненасць, неадпаведнасць слоўнага выяўлення сэнсу, калі і сімволіка выдаецца занадта просталінейнай, перавага аддаецца слоўнаму коду, шыфру. Паэтаў такіх у нашай, у асноўным старакласічнай традыцыйнай паэзіі не так многа. У першую чаргу Алесь Разанаў. Пра яго пісалі, і нямала. У тым ліку і такія ўдумлівыя, не з тых, што трымаюцца толькі іерархіі густу, літаратары: У. Калеснік, В. Вітка, А. Сідарэвіч. Ёсць у паэта і свая чытацкая аўдыторыя — найбольш фізікі, увогуле навуковыя супрацоўнікі з галін дакладных навук, мастакі, студэнты. Мабыць, гэта і не выпадкова. Менавіта гэтыя чытачы бачаць у яго творчасці не разумовы хаос, а сугучнасць навуковым ведам, навуцы на ўзроўні XX стагоддзя, калі ўсе ісціны аспрэчваюцца, усе паняцці, што здаваліся на працягу тысячагоддзяў непахіснымі, сталі адноснымі — час, прастора, непадзельнасць атама. І яны згодны ў кожным слове паэта бачыць «цэлы комплекс паняццяў, больш важных, як прамое значэнне слова» (Е. Ярмілава).
Паэзію Разанава зацята прымаюць і яшчэ больш зацята не прымаюць. Але з'яўленне яго ў беларускай літаратуры — з'ява невыпадковая, яго паэтычныя вопыты — гэта адбітак светапогляду пэўных, хай сабе і нешматлікіх сацыяльных груп, адказ на іх эстэтычныя запатрабаванні. У самога ж Разанава мне гэта падаецца натуральным працягам тых пошукаў, што былі выяўлены ў традыцыйнай форме, але ішлі ад законаў фізікі, былі навеяны роздумам «нефілалагічнага» парадку. Памятаеце ягонае: «І білі звонкія ранеты/Па выпадковай галаве./А адкрыццё брыло начамі/Пад гоман рэчак і асін/У выпадковасці адчайнай/ Невыпадковае зусім». Магчыма, так. Ад Ньютана да Эйнштэйна. Пашыраныя далягляды навукі не аднаго яго звабілі сваёй нечаканасцю і неабмежаванымі магчымасцямі. Што яї, магчымасці мастацтва таксама невычэрпныя. Але ці перасякаюцца тыя паралельныя па Лабачэўскаму?
Паэзія спрыяе думцы. Высветліць раптам тое, што бачыў неаднойчы і неяк не звяртаў увагі. Напрыклад, у Панчанкі:
Нездарма ў мастакоў старажытнай пары У суровых трагічных карцінах І ягняты на лузе, І малыя звяры, І анёлы з усмешкай дзяцінай.Сапраўды — Цінтарэта, Кранах, Дзюрэр — у іх нават на Галгофе будуць тыя істоты з прасветленымі абліччамі. Дзеля раўнавагі? Хутчэй — дзеля напаміну вечнай існасці жыцця.
І мы ўгадваем гэты пазатэкставы фактар верша Панчанкі, як і адчуваем жывы вопыт яго паэзіі, ужо напісанага і намі чытанага, калі знаёмімся з новымі яго творамі. Як адчуваем, што для Міхася Стральцова, вядомага сваімі няпростымі ўрокамі ў многіх жанрах, паэзія — адна з формаў яго існавання. Існавання, што ўвесь час патрабуе дапытлівага роздуму, небесстаронняга стаўлення да рэальнасці.
Матыў лірычны, адмысловы, У важнай думе ці журбе — Ён неабходны, каб па слове, Паэце, верылі табе. Яно, канечне, слова — лекі. Дык што ж — узяў і прапісаў? А што, як скажуць чалавекі: Мой лекар, вылечуся сам?Тут — іронія — выяўленне той эстэтычнай рэфлексіі, што ідзе ад вераспавядальнай выпакутаванасці, першасутнаснай быційнай няўхільнасці. Залог душэўнай раўнавагі лірычнага героя — у нармальным успрыманні жыцця, у натуральнай згодзе са светам, у накіраванасці розуму і пачуцця на прасветленасць і паўнацэннасць быцця. Нават калі часам лірычнаму герою М. Стральцова падасца, што «гэты дзень, / Святло якога дагарае,—/Не пакідаючы надзей,/Са мною разам памірае», дык прасвятленне, ачышчэнне, катарсіс для яго абавязковыя як для чалавека, выхаванага на класічных традыцыях, замацаваных у лепшых сваіх выявах сённяшнім нашым днём: