Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч — читать книгу онлайн
— Дзень гневу, дзень слёз, дзень велічы і горычы, — спяваюць ангельскія галасы. Яшчэ нічога не разумеючы, ён падымаецца на ногі і раптам бачыць слуп чорнага густога дыму, што ўстае наводдаль, за акном.
Пашыранымі вачыма ён глядзіць на яго, а потым пачынае шалёна тарабаніць у дзверы камеры… Не адчынаюць… І тут ён бачыць на пальцы зусім забыты ім пярсцёнак з ізумрудам…
— Пусціце! Пусціце! У мяне пярсцёнак каралевы.
Ён калоціцца аб дзверы ўсім целам.
І вось ён стаіць перад сінедрыёнам, пад тым самым дрэвам. Трошкі ўбаку дымеюць галавешкі пад абгарэлым слупом.
— Дзе ён? — пытае радца.
— Вось, — торкае яму пярсцёнкам пад нос Рогач.
Радца апускаецца на калені, цалуе пярсцёнак і ўстае.
— Каб мы ведалі, - вочы яго бегаюць. — Ідзіце проста ў палац… Даруйце.
— А жанчына?
— Пан Бог возьме яе ў сваё лона.
Радцы мехавата стаяць вакол…І раптам праз натоўп праштурхоўваецца надоешная баба. Толькі цяпер яна цвярозая.
— Бацюхна! — з лямантам падае яна ніц. — Грэшная! Сп'яна агаварыла! Не бачыла я нічога! Загадайце адмяніць!
Радцы глядзяць адзін на аднаго. На тоўстых мордах непаразуменне. Ім застаецца зрабіць адно. І яны гэта робяць. Усе адразу. Яны ўдараюць сябе па крыссях:
— Вось табе на!
Гук рога адбіўся пад сурова-пачварнымі каменнымі вежамі замка. Узнёслыя ў неба камяніцы, зубцы, магутныя аркады.
…З бразгатам апускаецца пад'ёмны мост.
— Чалавек з пярсцёнкам каралевы! Чалавек з пярсёнкам! Чалавек! — гучаць галасы нябачных вартаўнікоў.
Малюсенькі Рогач ідзе ўнутраным дваром да ўвахода ў палац.
Вялізная змрочная зала ў палацы. Нават ззянне сотняў свечак не робіць яе прытульнай. Ля калон два стракатыя ланцужкі прыдворных. Каралевы яшчэ няма.
Да Рогача, што стаіць непадалёку ад трона, падыходзіць мужчына з доўгімі сівеючымі валасамі, апрануты ў грубае сукно.
— Гэта ты прыйшоў з пярсцёнкам каралевы?
— Але.
— Нашто яна дала яго табе?
— Не ведаю.
— Даўно дала?
— Дзесяць месяцаў таму.
— Ты не спяшаўся і, магчыма, раскаешся ў гэтым. Гэтае адроддзе Беліяла не шкадуе людзей і нікому не дае літасці.
— Я нікога не баюся.
Чалавек з цікавасцю аглядзеў Рогача.
— Гэта радасць, — кажа ён. — І, калі гэта так, мы будзем блізкія.
— Хто ты?
— Я Пётр-прапаведнік… Пётр-прадракальнік…
— Поп? — з жахам адхіснуўся Рогач.
— Не, я ненавіджу папоў.
— А я іх баюся.
Фанфары ўспаролі цішыню. Мядзведжымі галасамі зараўлі дуды.
— Каралева Агата!
Каралева ідзе паперадзе ўсіх прыдворных. Твар непранікальна горды, закамянелы ва ўладнасці.
"На каго ж яна падобная? Чые гэта глыбокія вочы? " — думае Рогач.
— Сёння пакаралі смерцю трох, — кажа Пётр. — Як усялякая жанчына, яна створана для шчасця. А яна, замест таго, сячэ галовы.
Ён гаворыць гэта голасна, і суседзі адыходзяць ад яго. Скора вакол яго і Рогача — пустэча.
Каралева зраўнавалася з імі. Рогач устаў на адно калена.
— Прыпадаю да ног тваіх, каралева Агата.
Яна ўгледзелася, пазнала. Але адразу ж лягла ў краёчку рота жорсткая складка.
— Ты хто?
— Вы забылі мяне?
— Вялікія нічога не забываюць. Яны проста часам не парупяцца, каб памятаць.
— Я стаяў на кургане…
— А-а. Доўга ж ты ішоў… заячы злодзей.
І яна праходзіць паўз яго. Гаспадар Іван груба адсоўвае Рогача з дарогі астатніх.
— Бачыў — кажа Пётр.
— Бачыў, - змрочна адказвае Рогач.
Прыдворныя праходзяць паўз іх. Праходзіць маладзенькая жанчына, малітоўна ўзняўшы да неба празрыстыя вочы.
— Гаспадыня Гальшка з Оштарпа, — кажа Пётр.
— Якія нявінныя вочы.
— Яшчэ б… Святая кабыла.
Праходзіць магнат П'янда з Чапяліна. Падміргвае Рогачу:
— Хто позна прыходзіць — косткі знаходзіць… Прывітанне, Рогач… Твая думка аб нейтроннай бомбе?
Рогач плюнуў.
Старая жанчына праходзіць паўз Рогача. На вуснах яе непрыкметна пажадлівая ўсмешка. Праходзячы, яна ўпускае хусцінку. Рогач паціскае плячыма і адварочваецца. Адразу ж некалькі маладых прыдворных кідаюцца да хусцінкі і, завалодаўшы ёю, учацвярых падносяць жанчыне.
