Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Мелодыя аддалася ў камянях пустэчы, як вецер.
— Тую, што прыслаў брат, — ціха просіць каралеву П'янда. — Іспанскую.
— Не па-нашаму, — буркнуў гаспадар Іван.
Каралева пакасілася на яго, жарсткавата ўсміхнулася і падняла вочы. Грудны, нечакана цёплы, прагучэў голас:
Ах, как долго, долго едем! Как трудна в горах дорога! Чуть видны вдали хребты туманной сьерры. Ах, как тихо, тихо в мире… Лишь порою из-под мула, Прошумев, сорвется в бездну камень серый.Мерна ступаюць капыты коней. Званочкі. Свіст ветру.
I раптам, быццам праступаючы праз гэта вiдовiшча… сцягi… сцягi… сцягi, што трапечуць на ветры.
Грозным, як ад хмары, стае пейзаж. Але ўсё гучыць і гучыць, легкаважная, як званочак, песня:
Тишина. Лишь только песню О любви поет погонщик, Только песню о любви поет погонщик, Да порой встряхнется мул. И колокольчики на нем, И колокольчики на нем забьются звонче. З аблічча каралевы знікла ўсякая пячаць зла. …але рэюць… рэюць… рэюць белыя сцягі. Ну, скорей, скорей, мой мул! Я вижу, ты совсем заснул. Ну, поспешим! — застанем дома дорогую; Ты напьешься из ручья, А я мешок сорву с плеча И потреплю тебя и в морду поцелую.Аддаляюцца, знікаючы паміж белых глыб, маленечкія коннікі. Вецер, белыя сцягі.
У хаце дзяўчыны. Рагач выбіў бычыны пузыр. Рыззё выкінута. Дзяўчына ляжыць бліжэй да святла, на сухой лістоце. Над ёй сядзіць Рагач. Булькоча над ачагом гаршчок, у якім нешта варыцца.
Дзяўчына расплюшчвае вочы:
— Ты хто?
— Шкаляр. Я знойшоў цябе паўмёртвай.
— Але быў голад. Мы з бацькам былі апошнія жывыя… Дзе ён?
— Я пахаваў яго.
Сляза паўзе па шчацэ дзяўчыны з-пад апушчаных вей.
Рагач выходзіць з хаты на вуліцу. Заляскаў белы сцяг над варотамі. І тады “шкаляр” падскоквае, здзірае яго з дрэўка. З раз’юшаным тварам ірве яго на кавалкі. Кідае іх у пыл. І потым усміхаецца.
Дзяўчына ўжо напалову сядзіць на сваім лістоўным ложку.
— Як цябе завуць? — пытае Рагач.
— Дубраўка, — кажа яна. — Ты нашто ўратаваў мяне?
— Ды так, — зніякавеў Рагач, быццам яго спаймалі на саромнай справе.
— А цябе як завуць? — пытае яна.
Рагач у збянтэжанасці.
— Завуць? Завуць… Андрэй.
— А прозвішча?
— Рагач.
— Ой, — здзіўлена кажа яна. — Прозвішча… быцам у нячыстага. Дзе ж у цябе рогі?
— Былі рогі, - змрочна кажа ён.
Яна засмяялася слабенькім яшчэ смехам.
— Ты вясёлы… Рагач.
Рагач заўважае, што гэта імя непрыемнае для яе.
— Я не Рагач, — кажа ён. — Я Рогач.
— Вось гэта ўжо лепей… Рогач… Ро-гач… Прыгожае прозвішча.
— Чаго ж тут прыгожага? Ты вось лепей еш. Я спаймаў у сіло цяцерку.
— Дарэмна… У іх зараз дзеці… Мне і есці расхацелася.
— А можа, я памыліўся, — хлусіць Рогач. — Чорная такая… з чырвонымі брывамі.
Яна глядзіць у гаршчок з варывам. Відаць, ёй вельмі хочацца есці.
— З чырвонымі брывамі, кажу.
— Праўда? — пытае яна. — І белыя люстэркі на крылах?
— Ну так… быццам.
— Дык гэта цецярук, дурны. Гэтага можна… Ты еш са мной.
— Нашто еш?
— Як нашто? Трэба. Ты ж шэсць дзён мяне выхайваеш.
— Гм… ну так, вядома… есці.
Ён сядае поруч і няўмела возіць лыжкай з гаршка.
…Вось ён зрэзаў у хмызняку тоўсты стволік ядлоўцу і згінае з яго лук…
…Вось прыладжвае ў расшчэпе будучай стралы перыйка цяцеркі…
…Страла ўзвілася ў неба і наздагнала там дзікага качура.
Дзяўчына сядзіць на зэдліку. Ашчыквае качура. Рогач сядзіць поруч з ёй.
— Шыбеніцы не баішся… за гэта? — пытае яна.
— Ну іх к чорту.
— Чартыхацца нельга, — павучае яна. — Грэх. Нават папы так гавораць.
Рогач здрыгануўся:
— Але, папы гэта справа жудасная.
— Я цяпер ведаю, што ёсць сярод іх і дрэнныя людзі. Апошні налог з нас здзерлі на царкву.
Зябка пакурчылася.
— Як памірала вёска… Як чалавек… Пад канец ляпалі сцягі…