UR.ANUS
80000 кіламетраў пад вадой
вернуться

Верн Жуль

Шрифт:
Вся книга целиком

Маючы заўсёды дачыненне да гуртка вучоных, наведваўшых маю маленькую кватэру, Кансель паступова сам многаму навучыўся і ператварыўся ў спецыяліста ў галіне прыродазнаўчай класіфікацыі, здольнага са шпаркасцю акрабата прабягаць усе ступені аддзелаў, груп, класаў, падкласаў, атрадаў, сем’яў, родаў, відаў і падвідаў. Але ўсе яго веды гэтым і абмяжоўваліся. Класіфікаваць — у гэтым заключалася ўсё яго жыццё і на гэтым ён спыніўся. Многа ведаючы ў тэорыі класіфікацыі і вельмі далёка ад практычных ведаў, ён не здолеў-бы, я думаю, адрозніць кіта ад кашалота!

І ўсё-ж які харошы дзяцюк!

На працягу дзесяці год Кансель суправаджаў мяне усюды, куды толькі вабіла мяне навука. Ніколі ніводнай скаргі на працягласць падарожжа або стому!

Заўсёды згодны адправіцца ў якую хочаш краіну, на якую хочаш адлегласць, хай гэта будзе Кітай або Конго, ён гатовы быў ехаць абы куды, ні пра што не распытваючы.

У яго было выключнае здароўе, пры якім не страшны ніякія хваробы, моцныя мускулы і сапраўды жалезныя нервы.

Яму было трыццаць гадоў, і яго ўзрост адносіўся да ўзросту яго гаспадара, як пятнаццаць да дваццаці. Прашу прабачэння за гэты некалькі складаны спосаб прызнання ў тым, што мне сорак год. Кансель меў толькі адзін недахоп. Непапраўны фармаліст, ён гаварыў са мною не інакш, як у трэцяй асобе, і гэта нярэдка выводзіла мяне з цярплівасці.

— Кансель! — паўтарыў я, пачынаючы ў той-жа час паспешна рыхтавацца да ад’езду.

Я быў упэўнены, што Кансель бязмежна адданы мне. Звычайна я ніколі не пытаў яго, ці згодзен ён суправаджаць мяне ў падарожжа; але на гэты раз меркавалася экспедыцыя, якая пагражала нямаведама паколькі зацягнуцца і да таго яшчэ была рызыкоўным прадпрыемствам. Гэта не жарты: праследваць жывёлу, здольную патапіць фрэгат, як арэхавую лушпайку! Было над чым задумацца нават самаму спакойнаму чалавеку ў свеце! Што скажа Кансель?

— Кансель! — клікнуў я яго трэці раз.

Кансель з’явіўся.

— Гаспадар клікаў мяне? — спытаў ён, уваходзячы.

— Так, галубок. Прыгатуй усё, што патрэбна для мяне і для цябе. Праз дзве гадзіны мы адпраўляемся.

— Як будзе пажадана гаспадару, — спакойна адказаў Кансель.

— Нельга траціць ніводнай хвіліны. Складзі ў мой чамадан усё неабходнае для дарогі, вопратку, кашулі, шкарпэткі, палажы іх столькі, колькі ўлезе, але толькі як мага хутчэй!

— А калекцыі гаспадара? — заўважыў Кансель.

— Мы зоймемся імі пазней. Яны застануцца на схову ў гасцініцы.

— А аленні кабан?

— Яго будуць карміць і без нас. Дарэчы, я распараджуся, каб увесь наш звярынец адправілі ва Францыю.

— Значыцца мы не вяртаемся ў Парыж? — спытаў Кансель.

— Але, так, — ухіляючыся, адказаў я, — але робячы крук…

— Які хочаце друк, калі гэта да спадобы гаспадару.

— О, гэта дробязь! Той-жа шлях, толькі крыху даўжэйшы. Вось і ўсё. Мы адправімся на «Аўрааме Лінкальне».

— Як пажадае гаспадар, — спакойна адказаў Кансель.

— Ты ведаеш, любы мой, справа ідзе аб страшыдле… вядомым нарвале… Мы павінны вызваліць ад яго мора!.. Аўтар двухтомных «Таямніц марскога дна» не можа адмовіцца ад падарожжа з капітанам Фарагутам… Слаўная місія, але разам з тым і небяспечная! Зусім невядома куды нас завядзе нарвал… Гэтая жывёла можа аказацца дужа капрызнай. І ўсё-ж паедзем! Наш капітан— малайчына!

— Куды паедзе гаспадар, туды паеду і я, — сказаў Кансель.

— Падумай добра! Я нічога не хачу ад цябе хаваць. Гэта адно з тых падарожжаў, адкуль не заўсёды вяртаюцца.

— Як будзе пажадана гаспадару…

Праз чвэртку гадзіны нашы чамаданы былі складзены. Кансель зрабіў усё адным мігам, і я быў упэўнены, што ён нічога не запамятаў. Гэты дзяцюк класіфікаваў кашулі і адзенне таксама ўдала, як птушак і звяроў. Слуга гасцініцы склаў нашы рэчы ў вестыбюлі. Я спусціўся ў кантору заплаціць па рахунку і загадаў, каб мне пакункі з прэпарыраванымі жывёламі і засушанымі раслінамі былі адпраўлены ў Парыж. Я адкрыў значны крэдыт аленняму кабану і нарэшце ўскочыў у каляску разам з Канселем.

Экіпаж спусціўся па Брадвею да Юніён-сквера, завярнуў на Чацвертую авеню, ехаў па ёй да Катрын-стрыт і нарэшце спыніўся ля Трыццаць чацвёртай наберажнай. Адтуль паром перавёз усіх нас — людзей, коней і экіпаж — у Бруклін, прадмесце Нью-Ёрка, што ляжыць на левым беразе ракі Гудзон. Праз некалькі хвілін каляска пад’ехала прама да ўсходцаў «Аўраама Лінкальна», выпускаўшага густыя клубы чорнага дыму з абодвух труб.

Наш багаж зараз-жа быў узняты на палубу фрэгата. Я паспешна ўзбег па трапу. Спытаў, дзе можна знайсці капітана Фарагута. Адзін з матросаў завёў мяне на мосцік і паказаў мне на высокага з ветлівым тварам афіцэра. Той працягнуў мне руку.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid