Private-Bookers
Ciвая легенда
вернуться

Караткевiч Уладзiмiр

Шрифт:

– Ён, – сказаў Кізгайла, і я зразумеў, хто гэта “ён”.

А вазы рыпелі і рыпелі ўначы, і ўжо не заставалася нічога, акрамя гэтага рыпення.

– З’явіўся, варажына, – сказаў гаспадар праз зубы, – што ж, рыхтуйся, Цхакен, заўтра будзем біцца. Насмерць.

Я баяўся за гаспадара, але цяпер мой страх мінуўся. Ён проста быў з той пароды, для якой чакаць небяспекі горш за самую небяспеку.

Я цяпер ведаў, што ён будзе і баяцца, і ненавідзець, але будзе трымацца і не дасць зразумець гэтага. Гэта дрэнна, але ўсё ж гэта лепей, чым відовішча дрыготкай жывёліны.

– Што ж, – сказаў я, – біцца дык біцца. Я доўгі час атрымліваў вашу плату дарма. Праўда, лепей было б мне, як таму ўрачу, усё жыццё атрымліваць яе дарэмна. Але калі так ужо сталася – не трэба непакоіцца, пане.

Я вырашыў не турбаваць людзей і даць ім выспацца. Толькі падвоіў каравул і паставіў каля спячых аднаго хлопца, каб па першым трывожным сігнале падняў усіх. А сам я, захінуўшыся ў плашч, сеў на забрале каля вартаўніка і яго дачкі і стаў драмаць, штохвілінна прачынаючыся. Гэтыя ночы, калі спіна прыхілена да дрэва ці каменя, былі мне вельмі знаёмыя. Засынаеш і раптам падаеш кудысь. Такія сны, напэўна, бачаць малпы на сваіх дрэвах. Але чым лепшы за малпу салдат-наёмнік? Дурное, агіднае рамяство – вайна.

Такія думкі прыходзілі да мяне за апошні час усё часцей: відаць, я пачаў старэць. Я засынаў і прачынаўся, глядзеў на гэтую жанчыну, якую ніхто не прымушаў сядзець на муры, і бачыў яе закураны белы твар пад хусткаю, вачніцы ў ценях.

Нічога няма прыгажэй за жаночы твар у прыцемку. Таму, напэўна, і кахаюць у гэты час.

У адно з такіх абуджэнняў я ўбачыў, што ўжо не толькі светла, але вось-вось узыдзе сонца. За намі быў блакітны туманны Дняпро. Перад намі – роў, невялікае, ледзь узгорыстае поле, а далей – лясістыя ўзгоркі і сярод іх ружавеючая роўнядзь Святога возера.

Сонца ўжо выкінула з-за лесу тысячы чырвоных дзід, заліло расплаўленым золатам маленькія воблачкі ля далягляду. Але я пазіраў не на яго.

Поле за гэтую ноч, здавалася, абрасло маладым лесам. Па абодвух баках вялікай лагчыны сядзелі, хадзілі, ляжалі тысячы людзей. Дзіды, уторкнутыя ў зямлю, рацішчы [6] , адагнутыя ў шыйцы косы. Далей, каля лесу, сотні вазоў выставілі да неба свае аглоблі.

Падымаўся ў бязвоблачную вышыню дым вогнішчаў. Мы бачылі як на далоні ўсё поле, акрамя шырокай лагчыны. Але, напэўна, і там былі людзі.

6

Рагаціны

На адным з недалёкіх узгоркаў стаяла кучка людзей. І гэтыя людзі былі не ў белай вопратцы, значыць, не мужыкі.

У мяне добрая падзорная труба са шкельцамі галандскай ручной шліфоўкі. Я навёў яе на ўзгорак і ўбачыў трох чалавек.

Сярэдні быў высокі і тонкі ў касці. На ім – барвяны плашч, што падаў амаль да зямлі. Доўгія, да плячэй, валасы, ладная пастава, вельмі вузкія клубы. Гэты чалавек нешта казаў двум другім, паказваючы рукою на муры. Поруч з ім стаяў юнак ці малады мужчына, крыху падобны да сярэдняга. На ім былі светлыя латы і таксама плашч, толькі блакітны. А з другога боку стаяў каржакаваты чалавек, ніжэйшы за іх ростам і моцна сутулы. Ён быў без барады і вусоў, хоць па гадах мог быць бацькам маладому. На бязвусым латы былі цёмныя, а плашч зялёны з чорным.

– Дай, – сказаў мне Кізгайла, які зноў выйшаў на мур.

Ён прынік да трубы, аж падаўся наперад.

– Яны, – сказаў ён пасля нядоўгага маўчання. – Той, што ў барвяным, – сам Раман, ваўчына драпежная. Ну, пападзіся ты мне – я табе пакажу, як гэта быдла ўзнімаць.

– А астатнія?

– У светлых латах – Лаўр, з Раманавай варты. Байструк.

– Яны чамусьці падобныя.

– Баюць, што там не абышлося без Якуба, якога я на той свет адправіў. А чорны – Пятро, таксама брат Раманаў. Родны... Адроддзе дэйноўскае! Здохлага зубра запалявалі...

Лаянка Кізгайлы мне здалася непрыстойнай. Усякае нараджэнне законнае, калі ад яго нараджаецца добры воін ці дзеўка, створаная для радасці і кахання.

А лаяцца тым, што людзі родам з былога Дэйноўскага княства, краіны лясоў і балот, і зусім бязглузда.

Яны не пасылалі да нас вяшчальніка, не марнавалі часу. Кожны разумеў, што адзін не адмовіцца ад аблогі, а другі не здасца.

– Ану, майстра, – сказаў я пушкару, – даўбані па гэтых, на пагорку.

Гармата вырыгнула полымя і рэзка адкацілася назад.

Я ў падзорную трубу бачыў, як дасланы намі чыгунны мяч ударыў у схіл узгорка, ніжэй военачальнікаў. Там узнялося лёгкае таючае воблачка. Заржаў і стаў на дыбкі гожы белы конь, якога трымаў за повад хлопец у белай кашулі.

Раман стаяў усё так жа спакойна, не зрабіўшы і кроку ўбок. Потым ён махнуў рукою і стаў спускацца з узгорка. За ім – два астатнія. Мы так на іх заглядзеліся, што не заўважылі, як з лагчыны, зусім блізка ад нас, пачалі, быццам самі сабою, выпаўзаць вазы. Адзін, другі, дзесяты, дваццаты.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка