Private-Bookers
Ciвая легенда
вернуться

Караткевiч Уладзiмiр

Шрифт:

– Дык прападай жа, дурань, – плюнуў я са злосці.

Парадзелая больш чам напалову сотня адхлынула нарэшце ад дзівоснай спаруды і пачала адступаць да муроў, спадзеючыся, як сказаў нейкі пісака, “больш на шпоры, чым на мячы”.

Іх падбадзёрваў роў з муроў, але я ўжо ведаў, з кім мы маем справу, ведаў, што гэты не выпусціць іх так проста са сваіх рук.

Я здзівіўся толькі аднаму: што магло прымусіць гэтых, з лесвіцамі, пайсці на справу, якая не абяцала жыцця, а толькі смерць? Напэўна, нясцерпным стала жыццё.

Рэшткі атрадаў кірасіраў скакалі на ўсю моц, а я ўсё паўтараў сам сабе:

– Не спадзявайцеся, гэты не выпусціць, гэты не з тых.

І я не здзівіўся, калі з лагчыны, напярэймы адступаючым, вылецела конніца. На чале яе імчаў чалавек у барвяным плашчы са сваімі двума спадарожнікамі. І было гэтых конных людзей не больш за дзве сотні, але я пазнаў па шэрых ваўчыных шапках з заломам на левае вуха, што гэта за людзі.

Так носяць шапкі толькі конныя пастухі, што вандруюць з панскімі чародамі па ўсіх пясчаных і вапняковых пустэчах гэтай зямлі.

Божа, умяшаліся ў бойку нават гэтыя людзі, што ўдарам канца карбача [7] па носе забіваюць ваўка! Каго ж ты не пакрыўдзіла, панства гэтай зямлі?!

Я ўжо амаль не глядзеў, як яны дагналі кірасіраў, урэзаліся ім ва фланг, змялі і адрэзалі ад замка. Я толькі глядзеў, як гэты барвяны д’ябал арудаваў двухручным мячом – па-даўнейшаму.

І яшчэ бачыў я, як чорна-зялёны, быццам тванню запэцканы, галаморды Пятро – у яго, як у многіх дэйноўцаў, кепска расла барада – збіў сваім канём цяжкага каня капітана, на хаду выхапіў кірасіра са страмёнаў, перакінуў яго цераз сядло і загікаў, засвістаў разбойніцкім посвістам, памчаў прэч ад месца сутычкі – каб не адбілі.

7

Карбач - кароткі бізун

Не ўцёк ні адзін кірасір, яны расправіліся з імі хутка, як галодны швейцарац з засмажаным трусом. Частка засталася ляжаць на зямлі, і з іх на месцы здзіралі латы, частку пагналі на вяроўках у бок лясістых узгоркаў.

А гэтыя прыскакалі амаль да самых муроў і пачалі нахабна гарцаваць пад імі. Пасля я ўжо і сам не мог разабрацца, хто каго лае – такія праклёныя сыпаліся з муроў і з поля:

– Зямлянікі, рыдлёўшчыкі!

– Воўчая сыць! Недаедкі!

– Студні салілі!

– Шклоўскія іспанцы!

– Недасекі! Сабаку з’елі!

– Хамаўшчына чарнаногая!

– Гудзі, дуброва, едзе князь па дровы! Матку на суку-харта змянялі! Польская косць, ды сабачам мясам абрасла!

Я загадаў страляць, але тыя так і пырснулі на ўсе бакі. Чалавекі тры звалілася, ды і тых яны падхапілі на ляту, забралі.

Цяпер мы маглі страляць без апаскі. І мы стралялі з гадзіну па асобных кучках людзей. Трымаліся яны нахабна. Два праехалі пад самымі мурамі на кірасірскіх конях і ў латах. Адзін – на кані, пакрытым замест падкладкі ксяндзоўскай рызай (з Рагачыка, відаць, узялі).

Я супакоіўся, нават перамаргнуўся з Дар’яй, што блукала па двары. Усміхнулася і яна мне.

Тыя таксама, відаць, адпачывалі.

А потым стала не да адпачынку. Таму што вазы, тыя самыя, акутыя, пачалі паўзці з-пад лесу да цытадэльных муроў. Іх кацілі надзейна прыкрытыя мужыкі.

Зноў з’явілася конніца і замаячыла па ўзгорках. Так, з вазамі яны прыдумалі хітра, амаль як чэшскія ерэтыкі калісьці. Праўда, “Вагенбург” Ракутовіча быў лягчэйшы і, відаць, больш рухомы. Калі ён прапоўз палову адлегласці да крапасных муроў – мы пачалі паліць па ім з гармат. Пару разоў трапілі. Але праз імгненне адтуль таксама грукнулі гарматы, шэсць штук, роўна столькі, колькі было на мурах у Рагачыку.

Пырснулі каменныя асколкі ля самага майго твару, паваліўся і застагнаў адзін з маіх хлопцаў.

А яны палілі, пасоўваючыся бліжэй і бліжэй. Абваліліся два-тры зубцы на сцяне.

Пятро, які нешта гарланіў пушкарам, раптам шалёным намётам памчаў да Жабінай Вежы. Асадзіў каня і, прымушаючы яго гарачыцца, закрычаў дурным матам:

– Здавайцеся, штурмаваць будзем!

Кізгайла вырваў у пушкара, што наводзіў гармату, фіціль, вылаяўся, сунуў яго ў запальнік. Пашча гарматы вырыгнула агонь.

Мы пачулі глухі ўдар. Потым на тым самым месцы, дзе куражыўся Пятро, устаў косы, завіты, як гляйсар, слуп дыму. Конь узняўся на дыбкі і перакуліўся на спіну, прыціснуўшы сабою седака.

Муры завылі трыумфуючы.

Я не бачыў, як яго падхапілі, – агонь стаяў жахлівым. “Вагенбург” усё набліжаўся, і поле за ім варушылася: ішоў народ. Зноў неслі лесвіцы.

...Прыйшла наша чарга. Я загадаў Аўгусту Тухеру, адзінаму сярод нас немцу, стаць на маё месца, сачыць за боем і падаваць мне сігналы гукамі ражка, а сам спусціўся да брамы. Вылазка стала неабходная бо мая абарона – гэта напад. “Вагенбург” трэба было знішчыць. Трэба было пазбавіць іх гармат.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка