Private-Bookers
Сотнікаў
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Дзе паранены?

— У нагу.

— Я не пра тое. Дзе, у якім раёне?

— У лесе. Два дні назад.

— Не пройдзе, — гледзячы ва ўпор, заявіў следчы. — Заліваеце. Не ў лесе, а на бальшаку гэтай ноччу.

Чорт! Ведае пэўна ці ловіць? — апанурыўся Сотнікаў. Але як жа трымацца далей? Няўдала схлусіш у дробязях — не павераць і ў праўду. А праўду пра Дзёмчыху вельмі неабходна было давесці гэтаму прыслужніку, ды ён адчуваў, што давесці яе будзе цяжэй, чым якую хлусню. Сітуацыя ў самым пачатку складвалася самым найгоршым чынам.

— А калі я, напрыклад, пацверджу, вы адпусціце жанчыну? Вы можаце гэта абяцаць?

Вочкі следчага са злосцю, здаецца, пранізалі Сотнікава.

— Я вам нічога не абавязаны абяцаць. Я задаю пытанні, а ваш абавязак адказваць.

Значыць, не ўдасца, паныла думаў Сотнікаў. Вядома, са сваіх рук яны нікога не выпускаюць. Знаёмая завядзёнка. Тады, мабыць, прапала Дзёмчыха.

— Нізашто пагубіце жанчыну. А ў яе трое малых.

— Губім не мы. Губіце вы! Вы яе ў банду ўцягнулі. Чаму тады не думалі пра дзяцей? — жорстка дакараў следчы. — А цяпер позна. Вы ведаеце законы вялікай Германіі?

«Законы! Даўно ты пазнаў іх, пракляты смоўж? — міжвольна падумаў Сотнікаў. — Нядаўна яшчэ, мабыць, зубрыў зусім другія законы, а цяпер вось перакваліфікаваўся, спрытнюга!» Аднак апошняе яго пытанне прагучэла трохі двухсэнсоўна — падобна было, ён нешта хацеў спіхнуць з сябе на плечы вялікай Германіі.

Сотнікаў памаўчаў, а следчы падняўся, адсунуў крэсла і раздумна падышоў да акна з кратамі. Праз акно ён паўзіраўся на двор, дзе чуліся галасы. Зноў ён трымаў у сабе нешта прытоенае, асабліва не напіраў з допытам і ці то думаў, як злавіць яго, ці, можа, разважаў аб чымсь, зусім тут староннім.

У калідоры застукалі боты, пачулася гамана, лаянка, здаецца, некага там вялі ці неслі. Калі гамана перамясцілася на ганак, следчы сказаў энергічна, як чалавек, якому надакучыла займацца нецікавай справай:

— Так, хопіць. Назавіце банду! Яе камандзіра! Сувязных! Колькасны склад! Месца базіравання. Толькі не спрабуйце хлусіць.

Сотнікаў адкашляўся і сумна ўсміхнуўся.

— Надта вы многа ад мяне хочаце.

Неўпрыцям для сябе ён перайшоў на іронію, да якой звычайна звяртаўся ў непрыемных размовах з дурнямі і нахабнікамі. Праўда, для Стася ці яшчэ каго з гэтых запраданцаў іронія яго была далёкая ад разумення — на гэтага ж начальніка яна дзейнічала, здаецца, самым належным чынам. Да пары той, аднак, стрымліваўся, толькі крыва перасмыкнуў вуснамі.

— Куды ішлі?

— Мы заблудзілі.

— Не пройдзе. Хлусня! Даю дзве хвіліны на роздум.

— Не старайцеся. Мабыць, у вас шмат работы.

Тут ён угадаў пэўна. Тхарыны тварык следчага зноў перасмыкнуўся, але, здаецца, ён умеў валодаць сабой. Ён нават не павысіў голасу.

— Жыць хочаш?

— А што вам да майго жыцця? Ужо вы мне яго не даруеце.

Следчы звузіў маленькія вочкі.

— Не даруем! Бандытам не даруем! — сказаў ён і раптам крута павярнуўся ад акна; кавалак попелу з канца яго цыгарэты ўпаў і разбіўся аб насок бота — здаецца, яго вытрымка скончылася. — Расстраляем, гэта безумоўна. Але спярша мы з цябе зробім катлету. Фарш зробім з твайго маладога цела. Павыцягваем усе твае жылы! Паслядоўна пераламаем косці. А пасля аб'явім, што ты выдаў астатніх. Гэта каб цябе там, у лесе, не дужа любілі.

— Не дажджацеся. Не выдам.

— Не выдасі ты — другі нехта выдасць. А спішам на цябе. Паняў? Ну, як?

Сотнікаў маўчаў, яму рабілася млосна. Цела пакрылася потам, стала не да іроніі. Ён адразу адчуў, што гэта не проста пагроза, шантаж — яны здольны на ўсё. Гітлер іх вызваліў ад сумлення, ад людскасці і нават звычайнай чалавечай маралі, іх звярыная сіла ад таго, вядома, пабольшала. Ён жа перад імі толькі чалавек. Ён звязаны дзесяткам абавязкаў перад людзьмі і Радзімай, магчымасць хлусіць і апраўдвацца ў яго не надта вялікая. Так, іх сродкі ў гэтай барацьбе аказаліся няроўныя, перавага была на баку ворага: што выстаўляў Сотнікаў, тое з надзвычайнай лёгкасцю абвяргаў следчы.

Расставіўшы ногі ў абвіслых на каленях брыджах, Партноў упёрся ў яго вострым позіркам і чакаў. Сотнікаву было надта кепска, і ён пакутна падбіраў словы ў адказ, адчуваў — гэта будуць апошнія яго словы, і не знаходзіў нічога. Правая рука следчага асцярожна цягнулася да прэс-пап'е на стале.

— Ну?

— Сволачы!

Следчы трошкі паспешлівей, чым трэба было, схапіў прэс-пап'е і прыстукнуў ім па стале, нібы ставіў апошнюю кропку ў гэтым бяскроўным і тым не меней жахлівым допыце.

— Будзілу ка мне!

У калідоры пачулася зычнае: «Будзілу к спадару следчаму!» — пасля чаго Партноў спакойна абышоў стол і ўсеўся ў сваім крэсле. На Сотнікава ён ужо не глядзеў, нібы яго і не было тут. Ён пачаў закурваць. Здаецца, яго місія была скончана, пачыналася другое аддзяленне допыту.

Сотнікаў увесь напружыўся: урэшце надышоў час таго, кім яго палохалі яшчэ ў вёсцы. І хоць ён ужо не чакаў нічога добрага і гатовы быў да найгоршага, але цяпер аж здрыгануўся, калі дзверы шырока расчыніліся і на парозе з'явіўся Будзіла.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка