Private-Bookers
Сотнікаў
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Зрэшты, Партноў не надта настойваў.

— Так, так, зразумела. Як яго прозвішча?

— Каго?

— Напарніка.

Прозвішча! Навошта б яно ім здалося, гэтае прозвішча?

Але калі Сотнікаў не назваў сябе, тады нягожа называць яго і яму. Мабыць, трэба было б неяк схлусіць, ды Рыбак не мог знайсці як.

— Не ведаю, — урэшце сказаў ён. — Я нядаўна ў гэтым атрадзе, яшчэ не ўсіх знаю па прозвішчах.

— Так, не ведаеш, — з лёгкай прытворнай прыкрасцю канстатаваў Партноў. — А стараста гэты, кажаш, Сыч? Так ён у вас значыцца?

Рыбак напружыў памяць — здаецца, ён не чуў нават і прозвішча старасты, не толькі ягонай мянушкі.

— А не ведаю. Чуў — у вёсцы яго завуць Пётра.

— Ах, Пётра.

Яму на хвіліну здалося, што Партноў гэты нейкі недалужны блытанік, але тут жа ён здагадаўся: следчы хоча заблытаць яго.

— Так, так. Значыць, родам адкуль? З Магілева?

— З-пад Гомеля, — цярпліва паправіў Рыбак. — Рэчыцкі раён.

— Прозвішча?

— Чыё?

— Тваё.

— Рыбак.

— Дзе астатнія з банды?

— На… У Баркоўскім лесе.

— Колькі да яго кіламетраў?

— Адсюль?

— Ну, адкуль жа яшчэ?

— Не ведаю точна. Кіламетраў васемнаццаць будзе.

— Правільна, будзе. Якія вёскі радам?

— Вёскі? Дзягцярня, Уклеіна. Ну і гэта, як яе… Драгуны.

Партноў зазірнуў у паперку, што ляжала перад ім на стале.

— А якія ў вас сувязі з гэтай… Вокунь Аўгінняй?

— Дзёмчыхай? Яй-богу, ніякіх. Проста зайшлі перахавацца, паесці. Ну а вашыя хлопцы…

— А хлопцы і награнулі! Малайцы хлопцы! Дык, кажаш, ніякіх?

— Абсалютна. Аўгіння тут ні пры чым.

Следчы борздзенька ўскочыў за сталом, локцямі смыкнуў угору — мусіць, велікаватыя ў паясніцы штаны.

— Не вінавата! А вас прымала? На гарышча хавала? Што, думаеш, не знала, каго хавала? Добра знала! Пакрывала, значыць. А па законах ваеннага часу за гэта што палагаецца?

Рыбак ужо ведаў, што за гэта палагаецца па законах ваеннага часу, і падумаў, што, мабыць, трэба адмовіцца ад намеру абараніць Дзёмчыху. Было зразумела, што на кожную такую спробу следчы будзе рэагаваць, як бык на чырвоны шкумат. І ён рашыў не дражніцца. Ці да Дзёмчыхі тут, калі невядома яшчэ, як выкараскацца самому.

— Так, добра! — Следчы падышоў да акна і жвава павярнуўся на абцасах, рукі яго былі засунуты ў кішэні штаноў, пінжак на жываце расхінуты. — Мы яшчэ пагаворым. А ўвогуле я скажу: ты хлопец разумны. Магчыма, мы табе пакінем жыццё. Што, не верыш? — Следчы іранічна ўхмыльнуўся. — Мы можам. Гэта Саветы нічога не мелі. А мы можам караць, а можам і мілаваць. Гледзячы каго. Дык вось слухай.

Ён падступіў да Рыбака амаль упрытык, і той, адчуўшы, што допыт на тым, мабыць, канчаецца, зважліва падняўся з крэсла. Следчы быў яму да пляча, і Рыбак падумаў, што з лёгкасцю прыдушыў бы гэтага маламерка. Але, падумаўшы так, ён амаль спалохаўся свае такой недарэчнай цяпер тут думкі і з робленай адданасцю зірнуў у рухавыя, з начальніцкім халадком вочы паліцэйскага.

— Дык вось. Ты нам раскажаш усё. Толькі мы праверым, не думай. Не налжэш — пакінем жыць, уступіш у паліцыю і будзеш служыць вялікай Германіі.

— Я? — не паверыў Рыбак.

Падлога пад ім дзіўным чынам хіснулася, сцены гэтага заплёванага пакоя раздаліся ўшыркі, праз хвілінную збянтэжанасць у сабе ён раптам адчуў недзе волю, прастор, нават подых свежага ветру ў полі. Усё ягонае жыццё пераварочвалася дагары нагамі, але, здаецца, давала надзею выжыць.

— Да, ты. Ці не згодны? Можаш адразу не адказваць. Ідзі падумай. Але помні: альбо пан, альбо прапаў. Гаманюк!

Перш чым ён, ашаломлены і акрыяны адначасна, паспеў зразумець, што будзе далей, дзверы расчыніліся, і на парозе вырас той самы Стась.

— У склеп!

Стась дурасліва цепнуў на следчага сваімі выразнымі вачамі.

— Дык гэта, Будзіла чакае.

— У склеп! — віскнуў следчы. — Ты што, глухі?

Стась трапятнуўся.

— Яволь у склеп! Бітэ, прашу.

Рыбак выйшаў, як і заходзіў, у вялікай разгубленасці, толькі ўжо з другое прычыны. Хоць ён яшчэ не ўсвядоміў усяе складанасці перажытага, але адчуваў востра і радасна — будзе жыць! З'явілася магчымасць жыць — гэта было галоўнае. Іншае — потым.

— Га, значыць, адкладваецца? — тузануў яго за рукаў Стась, калі яны выйшлі на двор.

— Да, адкладваецца! — цвёрда сказаў Рыбак і ўпершыню з выклікам зірнуў у прыгожы, з'едліва-ўсмешысты твар паліцая.

Той рагатнуў хрыпатым, накшталт казлінага бляяння голасам.

— Нікуды не дзенешся! Аддасі! Дабравольна, але абязацельна, вантробы з цябе вон!

«Дурны ці прытвараецца?» — падумаў Рыбак. Але ў яго з'явіўся абаронца, і Стась цяпер мала палохаў, ён быў для яго нястрашны.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка