Шрифт:
— Ну, бытта. Шэсцьдзесят сем год пражыў, а пад старасць на такое дзела… Не-е, не па мне гэта.
Побач з саломы падхапіўся Сотнікаў, неяк спалохана ўздрыгнуў і прыўзняўся на руках.
— Хто гэта?
— Ды той, лясінаўскі стараста, — апанурана сказаў Рыбак.
Сотнікаў вяла апаў на салому, хвіліну маўчаў. Адчуваў ён сябе куды як кепска, нага па-ранейшаму балела ад сцягна да ступні, калола ў пальцах на руках, у грудзях усё гарэла, цела пылала жарам. Свядомасць яго раз-пораз абрывалася змрочным праваллем: ён то выразна адчуваў наваколле, то яно амаль знікала ў тлумнай мешаніне прывідаў. Гэты раз, аднак, ён хутка ўспомніў начны іх заход у Лясіны, старасту Пётру і цяпер, учуўшы яго побач, усё зразумеў адразу. Праўда, асаблівага жалю да яго ў Сотнікава не было: стараста — не Дзёмчыха. І ўсё ж было непрыемна бачыць гэтага старога поруч з сабой у паліцэйскім засценку, выйсці з якога, мусіць, не ўдасца нікому.
Размова на тым абарвалася, Рыбак і Пётра сцішыліся кожны ў сваім кутку. Сотнікаў не то задрамаў ці, можа, забыўся ў гарачцы. Акенца зусім пагасла і ледзь шарэла пад столлю, раздзеленае жалязякамі кратаў на чатыры квадраты. У камеры стала зусім цёмна. Гаварыць нікому не хацелася, кожны паглыбіўся ў сябе і свае невясёлыя думкі.
І тады зноў на прыступках затупалі, расчыніліся надворныя дзверы і нечакана лязгнуў засоў іхняе камеры. Яны ўсе насцярожыліся, сцятыя аднолькавым у такіх выпадках пытаннем: па каго? Тым не менш і цяпер, відаць, не забіралі нікога, — наадварот, некага вялі сюды.
— Ну, марш!
Хтось нябачны і амаль нячутны прашмыгнуў у дзверы і стаіўся каля парога ля самых ног Рыбака. Калі дзверы за ім зачыніліся і паліцай, пасвістваючы, замкнуў надворны замок, Рыбак кінуў у цемру:
— Хто тут?
— Я.
Голас быў дзіцячы, гэта стала зразумела адразу — невялічкая постаць сцялася ля самых дзвярэй і маўчала.
— Хто я? Як завуць?
— Бася.
«Бася? Што за Бася? Быццам жыдоўскае імя, але адкуль яно ўзялося, гэта дзяўчо? — здзівіўся Рыбак. — Усіх жыдоў у мястэчку расстралялі яшчэ ўвосень, здаецца, не асталося ніводнага — як гэта апынулася тут? І чаму яе прывялі ў іхнюю камеру, а не да Дзёмчыхі?»
— Адкуль ты? — не тоячы заклапочанае цікаўнасці, запытаў Рыбак. Дзяўчынка маўчала. Тады ён запытаў другое: — А колькі табе гадоў?
— Трынаццаць.
У куце заварушыўся Пётра.
— Гэта самае… Ці не Мэера-шаўца ты дачка?
— Ну, — ціха пацвердзіла дзяўчынка.
— А-я! Мэера ж тады застрэлілі з усімі. Як жа ты ацалела? Мусіць, схавалася дзе?
У адказе было ціхае, насцярожанае, а можа, недаверлівае, маўчанне. Зрэшты, Рыбак ужо не чакаў яе адказу, ён раптам згубіў усякую цікавасць да гэтай дзяўчынкі, устрывожаны іншым: чаму яе сюды прывялі? У склепе ж былі, напэўна, і яшчэ месцы, недзе паблізу сядзелі жанчыны — навошта дзяўчынку падсадзілі ў мужчынскую камеру? Які ў гэтым сэнс?
— І чаго ім трэба ад цябе? — тым часам распытваў Басю Пётра.
— Каб сказала, у каго хавалася.
— А-а, во як! — зразумеў у кутку Пётра. — Ну што ж… Гэта так. А ты не сказала ж?
Бася зацялася, нібы і не дыхала, абмерла і маўчала.
— І не кажы, — проста адобрыў стараста. — Нельга такое казаць. Людзі дабро зрабілі, дык і маўчы. Калі і біць будуць. Ці, мусіць, цябе ўжо білі?
Замест адказу ў парозе пачуўся хліп, за якім прарваўся нясцерпны, балючы плач. Ён быў кароценькі, але столькі дзіцячай роспачы вылілася ў ім, што ўсім у гэтай камеры зрабілася ніякавата.
Сотнікаў на саломе нібы ачнуўся і на момант зацяў дыханне.
— Рыбак!
— Я тут.
— Там вада была.
— Што, піць?
— Дай ёй вады. Ну што ж ты сядзіш!
Намацаўшы пад сцяной кацялок, Рыбак пацягнуўся ў парог да дзяўчынкі.
— Не плач. На вады.
Бася трохі папіла і адразу неяк суцішылася.
— Ідзі да мяне, — паклікаў Пётра. — Тут во месца ёсць. Будзем сядзець. Во ля сцяны дзяржыся.
Дзяўчынка ўстала і, нячутна ступаючы ў цемры босымі нагамі, паслухмяна перайшла да старога. Той трохі пасунуўся, даў ёй месца поруч з сабой.
— Да-а! Папаліся… Што яны яшчэ зробяць з намі?
Рыбак засяроджана маўчаў, не маючы ахвоты падтрымліваць размову; побач ціхенька стагнаў Сотнікаў. Яны чакалі. Уся іх увага цяпер міжвольна засяродзілася на прыступках — адтуль ішла бяда.
І сапраўды, чакаць яе доўга не давялося.
Праз якую гадзіну там затупацелі знаёмыя крокі, пачулася злосная гамонка: «Ідзі, ідзі!» — «Каб цябе так у пекла гналі, нячысцік!» — «Ану, варушыся, а то як дзвіну!» — злосна прагырчаў мужчынскі голас. На прыступках затупалі, замацюкаліся. Сумнення не было — гэта вялі Дзёмчыху.
Але чамусьці яе таксама не пагналі ў ранейшую камеру — крокі спыніліся ля іхніх дзвярэй, загрымеў засоў, і той самы, ужо добра знаёмы ім Стась піхнуў Дзёмчыху цераз парог. Жанчына спатыкнулася, зачапілася за Рыбаковы ногі, упала і голасна залямантавала ў цемры:
— Куды ты піхаеш, нягоднік! Тут мужыкі, а Божачка мой!..
— Давай, давай! Чорт цябе не возьме! — прыкрыкнуў Стась. — Да ранку перабудзеш!
— А ўранку што? — запытаў Рыбак, раптам учуўшы нейкі намёк у голасе паліцая.