Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Немцы ў першую акупацыю знішчылі чвэрць апошняга "Uhrwald'y" ў Еўропе.
За польскім часам англійская фірма (тая, ад якой засталіся насыпы вузкакалеек) ледзь не даканала астатняе. Бедны лес!
Усе гэта свінства, увесь гэты беспардонны разбой бачыла Камянецкая вежа. З яе адбіваліся атакі ятвягаў і крыжаносцаў, на ёй былі царскія ўрадавыя пасты ў часе паўстання Касцюшкі і Каліноўскага. Пушча заўсёды хавала сваіх сыноў (між іншым, і партызан у Айчынную вайну), сыноў свабоды. І вось вежа глядзела, як гэты аплот свабоды высякаюць.
У 1921 годзе нехта Барталамей Жпакоўскі забіў апошняга зубра, у 1923 г. на Парыжскім міжнародным кангрэсе аховы прыроды выявілі, што на зямлі засталося 52 зубры, прададзеныя ў свой час з Белавежы ў заапаркі і паркі заходніх арыстакратаў і магнатаў прамысловасці. Некаторых з іх купілі і ў 1929 г. зноў завезлі на радзіму, адкуль калісьці прадалі, у Пушчу.
Зараз на беларускай палове запаведніка (частка Пушчы ляжыць на тэрыторыі ПНР) налічваецца семдзесят (па звестках 1970 г.) зуброў, ды шмат яшчэ перавезлі ў некаторыя другія запаведнікі краіны і за мяжу. Каб разводзіліся. Каб не рызыкаваць "адзіным месцам абітання" каштоўнай жывёлы.
Белавежскія зубры, якія нарадзіліся ў Польшчы, носяць імёны, якія пачынаюцца на літару "п". Тыя, што нарадзіліся на Беларусі, маюць імёны, першая літара якіх — "б" (напрыклад, Борус).
…Зубр дужа цікавы звер. Засведчаны, напрыклад, такі факт з пачатку ХІХ ст. Нейкі шляхціц вяртаўся дужа п'яны з гулянкі пушчанскай дарогай і, вядома, заснуў у санках, зашыўшыся ў сена. Зубр падышоў, асцярожна паддзеў чалавека рагамі і выкаціў у снег. У таго адразу ж і хмель прапаў. Коні не збаяліся зубра. Як ступалі дагэтуль, так ступалі і далей. Зубр ішоў за санкамі і еў сена. А шляхціц валокся за ім па снезе і гарлаў:
— Жываціна ты подлая! Карова ты халерная! Аддай, кажу! Апсік (як на ката)! Каб цябе самога так выкаціла, як ты мяне выкаціў…
Зубр, не звяртаючы ўвагі, "уклаў" (з'еў) усё сена і пайшоў у лес.
Раскажу яшчэ некалікі выпадкаў, сведкам якіх быў я сам.
У пушчы зуброў трымаюць па-рознаму. Ля галоўнага будынка (там гасцініца, рэстаран, музей) ёсць нешта накшталт заапарка: вялікія вальеры, у якіх звяры жывуць у максімальна прыбліжаных да натуральнага свайго жыцця ўмовах (калі яны вытапчуць траву, агароджа пераносіцца на новае месца, пакуль старое не зарасце). Тут некалькі зуброў, дзікі, алені, лані і іншыя жывёлы пушчы. Гэта каб людзі маглі паглядзець жывёл, не ад'язджаючы далёка, не забіраючыся ў глыб пушчы. Каб не калясілі, не палохалі звяроў, каб сэрца пушчы засталося нечапаным.
Другі спосаб утрымання зуброў — на вялізных агароджаных участках лесу. Так, у прыватнасці, трымаюць матак з маленькімі лабастымі цяляткамі, якія так непаразумела глядзяць на цябе, калі ты падыходзіш.
І, урэшце, значная частка зуброў жыве проста на волі. Едзеш і раптам бачыш сярод зялёнай-зялёнай паляны бурую вялізную тушу. Метры тры даўжынёю, высачэнную, вагою да тоны. Магутны, цяжкі, як гара, горб. Рагастая, лабастая і барадатая галава апушчана.
…У адзін з першых прыездаў у Пушчу я і мае сябры — мясцовы настаўнік і пісьменнік з Брэста — дужа хацелі ўбачыць зубра на волі. "Дзе мы яго знойдзем? Ходзіць недзе, — сказалі нам. — Куды захацеў — туды і пайшоў. Шукайце. Пашанцуе, то ўбачыце. А лепей ідзіце туды. Там тарпаны!"
Рабіць няма чаго, пайшлі ў нетры глядзець тарпанаў. Маленькія мышастыя конікі з раменьчыкам на хрыбціне. Ідзём уздоўж агароджы вялізнага загона. На дарозе — елка-выварацень. Агромністая. Карані з зямлёю стаяць блінам вышынёю паверхі на два. Падыходзяць тарпаны. Нас дзеліць вузкая агароджа. Ідзём да іх, мінаем елку, галосна клічам, смяёмся. І тут я, азірнуўшыся, аж пахаладзеў. За спіною (з-за елкі не бачылі), метрах у чатырох, мілая сямейка: баця, здаравенны, мама, крыху меншая, і цялятка. Што рабіць? Каб адзін зубр, то хаця вакол дрэва можна было бегаць. А так двох, з двух бакоў дастануць. Скакаць да тарпанаў? Невядома, як яны да гэтага паставяцца. Дый што зубру такая лядаштая загародка?.. На шчасце, звяры не звярнулі на нас увагі. Тады я асмялеў, выйшаў з-за елкі, і сябар сфатаграфаваў мяне і іх. Тыя толькі пакасіліся, аддаляючыся ў гушчу.
Пазней, калі мне давялося памногу бываць там, я заўсёды браў з сабою некалькі газет. Ідзеш, а ён стаіць на паляне, на самой дарозе, і ў вус не дзьме. Адчувае сябе гаспадаром. Адчувае, што галоўны тут ён, а не ты. Запаліш газету і ідзеш, махаеш. Тады ен неахвотна — "ат, не варта звязвацца з рознаю дробяззю" — адыходзіць, дае дарогу…
Да аўтамашыны зубр ставіцца памяркоўна, але матацыклаў цярпець не можа, яны яго нервуюць. Некалькі разоў зубр так гнаўся за матацыклістамі, што няшчасным ледзь удавалася ўцячы.
Вельмі любіць чыстую ваду. Аднойчы студэнтка-практыкантка ўмывалася ля студні, з якой пояць зуброў (каб не хадзілі далёка на вадапой), паклала на зруб мыла, а яно ўзяло ды і ўпала ўніз. Ужо і мыла клятае дасталі, і ваду некалькі разоў да дна вычарпалі, а зубры ўсё адно некалькі тыдняў не пілі з гэтай студні.
Значэнне загарадак вакол вялікіх загонаў, дзе ходзіць частка зуброў, чыста сімвалічнае. Зубр лёгка разбівае лобам іхнія бярвенні дыяметрам у 15–20 см. Егер казаў мне: "Як кінецца на агароджу — не ўцякайце далей. Усё адно не ўцячэце".