Private-Bookers
Зямля пад белымі крыламі
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Гомель і раней, да рэвалюцыі, быў досыць прамысловы. Шкло, тканіны, запалкавыя фабрыкі, вытворчасць карабельнай парусіны і канатаў на Ветцы, механічныя майстэрні Лібава — Роменскай чыгункі (1200 рабочых). Папяровая фабрыка ў Добрушы (заснавана ў 1870 годзе, у 1914 г. працавала на ёй 1276 чалавек).

Пачатак новай індустрыі ў 1930 годзе паклаў беларускі першынец сельскагаспадарчага машынабудавання "Гомсельмаш". У фашысцкую акупацыю быў поўнасцю ператвораны ў руіны. У 1948 годзе адноўлены і цалкам рэканструяваны, насычаны самай сучаснай тэхнікай. "Гомсельмаш" — гэта сіласаўборачныя камбайны, стагакіды, сіласарэзкі.

Мне даводзілася гаварыць аб прадукцыі "Гомсельмаша" з працаўнікамі сельскай гаспадаркі. Хваляць. Але вусную пахвалу не дужа запішаш. Таму замест яе прыкладаю "паслужны спісак" гомельскіх машын. Няпоўны.

1958. — Сусветная выстаўка ў Бруселі. — Камбайн УКСК-2,6 — першая прэмія "Гран-пры" і дыплом гонару.

1966. — Міжнародная выстаўка сельскагаспадарчых машын у Маскве. — Сіласаўборачны камбайн КС-2,6 і трактарны прычэп 2ПТС-4 — залатыя медалі.

1967. — Выстаўка ў Мекленбурзе. — Камбайн КС-2,6 — залаты медаль.

Можа, і досыць.

Тут ёсць яшчэ кабельны, суднарамонтна-суднабудаўнічы (выпуск суднаў на падводных крылах), падшыпнікавы заводы і заводы трактарных пускавых рухавікоў і вымяральных прыбораў. Гомель — буйны рачны порт з прычаламі, складамі, добрай акваторыяй, сліпам для пад'ёму суднаў на бераг, добрымі пад'язднымі шляхамі. З суднаў, што прыходзяць з Украіны, тут выгружаюць соль, збожжа, метал, які ідзе ў Прыбалтыку, Ленінград, сацыялістычныя краіны і Беларусь, хутка будуць выгружаць львоўскую сыравіну для вялізнага завода суперфасфатных угнаенняў. Адсюль на Украіну пойдуць гатовыя ўгнаенні, а ўжо цяпер ідзе ўсё тое, што дае беларускі лес (сыравіна і гатовая прадукцыя) і беларуская прамысловасць. Аж да вопраткі, сусветна вядомых ільняных нашых тканін (ідуць яны і гатовыя вырабы з іх, гожа вышытыя, у іншыя рэспублікі, у сацыялістычныя краіны і ў ФРГ, Швецыю і Нарвегію).

Шмат тут усяго. Фанерна-запалкавы камбінат і кандытарскі камбінат "Спартак", што ў дзень выпускае 100 т шакаладу, тартоў, цукерак.

Навукова-даследчы інстытут, інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту, малады універсітэт, тэхнікумы.

Цяпер давайце сядзем на "Ракету" i паiмчым Сажом, Дняпром, трапiм ненадоўга на Украiну, зноў вернемся на плынь беларускай часткi Прыпяцi, звернем ля Пiнска (да гэтага горада мы яшчэ вернемся) у Пiну, пройдзем Днепра-Бугскiм каналам у Мухавец i дабяромся iм да Буга пад самым Брэстам. Абганяючы цеплаходы, рудавозы, маторкi. Па Прыпяцi, усё яшчэ досыць цiхай, усё яшчэ дужа рыбнай. Я аднойчы прайшоў гэты шлях. Амаль увесь на агiтцеплаходзе "Маякоўскi", а пад канец i пешшу.

Ласі пераплываюць раку. Людзі з вёсак, што ляжаць ля ціхіх прыстаняў, вечарамі глядзяць фільмы, што мы ім дэманструем. Плывеш, а зялёныя гарадкі і вёскі ўтульна ляжаць на берагах, глядзяцца ў ваду дужа даўнія, шматвяковыя палацы, храмы і белыя альтанкі. Даяркі на ферме, справіўшыся з работай, спяваюць на беразе цудоўныя палескія песні, і фалькларысты нашай экспедыцыі ўпотай запісваюць іх на магнітафон. "Волга" пераганяе жанчыну ў народным уборы, на якім няма жывога месца ад вышыўкі. І на плячы ў жанчыны з бяросты плеценая "вярэнька", браць ежу ў дарогу. Пінскія велічныя муры. Ганчарныя вёскі, дзе робяць дасканалы посуд і да гэтага напаўжартам гавораць: "Наша прохвесія самая старая. Бо й Адам буў злеплены з гліны, а значыць, не хто-небудзь, а сам бог быў першы ганчар…" І канал. Кобрын з домікам Суворава і помнікам першай перамогі над Напалеонам у 1812 годзе.

Брама краiны

І вось Брэст. Брама краіны. Часам, на жаль, рэдка, у яе ўваходзілі нашы сябры, і тады іх сустракалі з беларускай гасціннасцю. Але найбольш ахвотнікаў было ўварвацца ў тую браму сілай. Сведчаннем гэтаму Камянецкая Вежа, царква-крэпасць у Чарнаўчыцах (1583–1585 гг.), у якой жыхарам часта даводзілася трымацца ў аблозе, з якой у 1941 годзе страляў цывільны беларускі чалавек па фашыстах і якая пасля гэтага была падпалена. Ды ці мала чаго яшчэ. Гэтая зямля спрадвеку ўсыпана магіламі, курганамі, згубленай у баі зброяй. Каго тут толькі не было?! Нават готы ў другім стагоддзі ішлі тут са сваёй туманнай поўначы да Чорнага мора, а потым, калі паўдзённыя плямёны турнулі іх, — зноў каціліся на поўнач. Археолагі выкапалі ў скарбе другога стагоддзя наканечнік дзіды з рунічным надпісам: "Наперад!" А на такім жа наканечніку чацвёртага стагоддзя, тыя ж вуглаватыя суровыя руны: "Назад!"

У тое сваё падарожжа я выйшаў да Мухаўца 22 чэрвеня ў чатыры гадзіны раніцы. І хаця ішоў 1969-ы, я ўспомніў 1941-ы. Гераічную абарону крэпасці.

Дарэчы, крэпасць ляжыць якраз на месцы таго Бярэсця, якое ўжо ў 1019 годзе ўпамінаецца як досыць вялікае пасяленне. Іменна там жылі мастакі-рамеснікі і мужныя воіны, якія ў 1241 годзе паляглі да апошняга, а не здаліся манголам і тым далі магчымасць жыхарам Слуцка, Крычава і іншых гарадоў адбіцца, а пасля перайсці ў наступ і не пусціць орды Батыя на тэрыторыю будучай Беларусі. Іменна там жылі тыя, што выставілі свой полк пад Грунвальд, што біліся з Карлам XII, ішлі з косамі пад сцягі Касцюшкі. Якія многа бачылі. І тое, як везлі ў Варшаву паліць сярэдневяковага атэіста і філосафа Казіміра Лышчынскага (родам з вёскі Лышчыцы, кіламетраў за 20 ад Брэста). І ўжо ў XIX ст. бачылі Грыбаедава, Кюхельбекера, Чаадаева.

Толькі ў 1831 годзе жыхароў перасялілі ад Буга на Мухавец, стары горад знеслі, а на яго месцы пабудавалі крэпасць. Цэнтр яе, Цытадэль — кальцавая казарма на 500 казематаў і 12 тыс. чалавек. Пасля крымскага паражэння пабудавалі на адлегласці 3–4 км, па коле, некалькі фартоў. А пагроза першай сусветнай вайны выклікала неабходнасць пабудовы яшчэ некалькіх, аддаленых на 12 км.

Так што, калі шчырыя брэсцкія патрыёты будуць паказваць вам "дом Грыбаедава" — вы ім не дужа верце. Паэт загінуў за сем год да ўзнікнення новага горада, а жыў у старым — за пятнаццаць год да пагібелі. Толькі вы не крыўдуйце на іх. Гэта яны робяць з добрымі намерамі. Хаця ім і без таго ёсць чым ганарыцца. І старажытнымі кнігамі, некалі напісанымі тут, і чыгуначнай, рабочай славай, і ўпартай барацьбой пасля рыжскага дагавору 1921 года, калі Заходняя Беларусь, а значыць, і Брэст трапілі пад уладу паноў, сталі калоніяй Польшчы на 18 год.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка