Private-Bookers
Зямля пад белымі крыламі
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:
Шырокі, высокі, акованы куфар, Малёваны вокал, з клямкаю са сталі, Не ўстыдно б такому і на панскі хутар. Куфар не замкнёны, бо ў нас не кралі.

Гэта праўда. І зараз у далёкіх вёсках гаспадар, выходзячы з хаты, толькі прыпірае дзверы кійком, каб ведалі, што нікога няма дома, і каб часам не ўлезлі сабакі ці свіння.

У пахучым куфры важка ўсё ляжала, што сама бабуля працай рук прыдбала. Быццам водар з поля пранясло ля хаты, так запахла лугам, чабаром і мятай.

Вось ляжыць, на памяць, пялюшка першынца. У некаторых мясцінах яе кладуць маці ў труну, калі памрэ. Каб "памятала", як маладую маці на трэці дзень, на "ўзвары", наведвалі суседкі і прыносілі ёй розныя стравы, як "бабку" (нават калі маці была ў радзільным доме) садзілі ў санкі ці на воз і з песнямі везлі па сялу, а тая падганяла жанок доўгай хлудзінай, як "бабка" частавала ўсіх "бабінай кашай", а тыя за гэта дарылі бабу.

Як мужчыны, "на шчасце кугакалу" [4] , стралялі за весніцамі са стрэльбаў у паветра (гэты звычай, між іншым, быў не ўсюды).

4

Крык дзіцяці і крык савы адноль кава перадаецца выклічнікам "ку-га!" (уа!), таму нават бытавала павер'е, нібыта крык савы прарочыць, што ў доме хутка народзіцца дзіця.

Як спявалі бясконцыя песні, у якіх, не заўсёды нявінна, даставалася бабцы, куму і куме.

А вось стаяць, як палі, сувоі белага ільнянога палатна. І можна ўспомніць, як, дзяўчынаю ўжо, церла гэты лён і прала, віла і снавала, і як у маі ўвесь свет быў белы: ад вішань, ад яблынь, ад палотнаў на лузе пад сляпучым сонцам.

Цяпер саматканыя палотны робяць рэдка, але робяць, дый старое палатно берагуць. "Свая" тканіна і вопратка з яе лічацца самай здаровай для летняй спёкі.

Далей ляжаць "сцежкамі ў полі" розна вышытыя ручнікі. На іх "сінія валошкі з макамі ў вяночак, галубок і пеўнік, ягады каліны, нагаткі, рамонкі, гожыя юргіні. Па канцах карункі тонкім павуціннем…"

У кожнай мясціне вышыўка была непаўторнай, каларытнай, мясцовай, не такой, як у суседзяў, хаця, вядома, якой бы яна ні была, чалавек заўсёды скажа: "Вось польскі ручнік, вось украінскі, а вось гэта — беларускі". На Беларусі вядома больш за сто спосабаў і відаў вышыўкі.

Ручнікі на сценах, ручнікі ў мыцельніку.

А ручнік яшчэ ж і падарунак… Вось гэты падрыхтаваны для свата, каб лепей жартаваў на вяселлі.

Ляжаць белыя "кашулі" (сарочкі), вышытыя па каўняры, рукавах, поліках, а часам і па ўсёй пазусе. Чорна-чырвоныя візэрункі, зялёныя, калі травамі, зялёна-карычневыя, сінія, калі валошкі.

Тут жа безрукаўкi. У iх апраналiся паўзверх сарочкi, i называлiся яны па-рознаму: "шнуроўка", "кабат", "станiк", "гарсэт". Яны барвовыя, зялёныя, сiнiя, шнураваныя.

Звычайна безрукаўкі падпярэзваліся тонкім паяском, які ззаду завязваўся прыгожым бантам і спускаўся на спадніцу. Некаторыя ўпрыгожаны каляровымі шаўковымі істужкамі, срэбным ці залатым галуном.

Спадніцы з сукна, так званыя "андаракі". Густа-сінія, зялёныя, часцей чырвоныя, як жар. У папярочныя тканыя палосы з ромбаў і квадратаў. Самыя прыгожыя, шырокія палосы ідуць ля падола. Чым вышэй, тым яны вузейшыя, тым прасцейшы ўзор.

Часам тканы андарак — гэта твор мастацтва.

Урэшце фартухі. Іх насілі абавязкова. Палатняныя, кужэльныя. Затканыя гарызантальнымі ці (радзей) вертыкальнымі палосамі з кветак, зорак ці крыжыкаў.

Можна ім закрыць вочы ад шчасця, калі шчокі калінай ірдзяць, схаваць слёзы, калі не удасца тое шчасце навекі ўтрымаць. Хвартушок — чарадзейнае хусце — гэта стан свой задорна абвіць. У бель чаромухі голаў чыюсьці ў забыцці на хвартух палажыць.

У баку ляжаць некалькі тканых узорных настольніц.

Хай едуць госці, хай едуць нават сваты — пасцялі на стол, стаў пірагі, частуй мёдам.

Тут жа дываны, тканыя па лёне воўнай.

То узорам чорным па утку зялёным, то на белым-сінім, бы расой замглёным, то ў вянкі, ў алені нейк перабірана, быццам не рукамi, а машынай ткана. То з адное воўны дываны на сані. Ярыя, як вішні, кутасы звісаюць.

Тут хусткі. Цёмныя на жалобу, ясныя — на свята, на нядзелю, у гасціну.

Яшчэ адна хустка, цёплая, цяжкая, баба яе велькай хусткай называе. Ёю ў непагоду трэба атуліцца, старым у дарозе і для маладзіцаў. Мяккаю, шырокай, зложанай удвое, ахінуць ля сэрца дзіцянё малое.

Але да дзіцяці яшчэ далёка. Усё ў куфры падрыхтавана для вяселля. Вяселле ў розных мясцінах таксама рознае. Запісана некалькі сот варыянтаў. Раскажу аб адным, якое ад пачатку да канца бачыў сам.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка