Книги онлайн » Книги » Проза » Проза прочее » Падары нам дрэва - Сипаков Иван Данилович

Падары нам дрэва - Сипаков Иван Данилович

Читать онлайн книгу «Падары нам дрэва».
Падары нам дрэва - Сипаков Иван Данилович
Название: Падары нам дрэва
ISBN: 985-05-0046-8
Год: 1997
Читать онлайн

Падары нам дрэва - Сипаков Иван Данилович — читать книгу онлайн

Страница 3 из 97

Настройте размер и шрифт текста, включите тёмную тему для удобного чтения. Переходить между страницами можно стрелками внизу или сочетанием Ctrl + ← / →.

Страница 3 из 97

І тады ж заўважыў, што пад нагамі ў яго ўжо нічога няма, што ён проста так вісіць у паветры. І адчуў, што не мае ні цела, ні вагі, што ад яго асталіся толькі думка ды энергія, якія ўжо таксама, здаецца, плаваюць у паветры, але самі па сабе, без яго.

Разумеў, што ўсё яшчэ змяншаецца, і дзівіўся гэтаму: як можа змяншацца тое, чаго ўжо няма?!

І да якога часу можа змяншацца яно — чалавеку нельга змяншацца да бясконцасці, бо недзе абавязкова павінен быць канец, пасля якога… Дзіўна, а што можа быць пасля канца?!

Значыць, цела ў яго зараз не было, але думка ўвесь час помніла яго памеры, памятала рукі, ногі, твар, і варта было яму толькі падумаць пра іх, як адразу тыя ж рукі пачыналі, здавалася, варушыцца, і ён, як і раней, рабіў з імі ўсё, што хацеў.

Калі цела яго наблізілася, мусіць, да самай крытычнай мяжы, Радзім адчуў нейкую халаднаватую трывогу, нейкае хваляванне і прымус, нібыта нехта невідомы ўсё тое, што ад яго засталося, сціснуў, як спружыну, у адну маленькую-маленькую кропку, ды так моцна, што ён нават на нейкую хвіліну страціў прытомнасць, а потым той жа «нехта», здаецца, вывернуў яго, быццам пальчатку, навыварат, навонкі, і яму адразу стала светла-светла, лёгка-лёгка, радасна-радасна, і ён убачыў, што высока вісіць над нейкаю бязмежнаю голаю зямлёю і паволі, як усё роўна надзьмуты паветраны шар альбо адарваны асенні ліст, апускаецца на яе. І яшчэ яму здалося, што павялічваецца ў памерах і набывае ранейшыя формы, — ён не толькі ўжо адчуваў, але і бачыў свае рукі і ногі і мог дакрануцца да іх, паварушыць імі.

Зварухнуў плячыма, памацаў сябе, нават ушчыкнуў, каб праверыць, ці жывы. Далоні наткнуліся на падручнік па хіміі, які, нягледзячы на ўсе ператварэнні і выварочванні, застаўся там, куды ён яго і запіхнуў,— пад папружкаю. Зразумеў, што жывы целам і душою, і супакоіўся.

Апускаўся ён ціха і паволі, далёкая зямля набліжалася вельмі спакваля, амаль незаўважна, і таму яму часам здавалася, што не зніжаецца, а проста вісіць у паветры і будзе так, нібы пачэплены на які кручок, вісець заўсёды.

Разглядаў з вышыні зямлю, і яму рабілася страшна, куды ён апускаецца: зямлі, той зямлі, якая вабіць, якая цвіце і буяе, шчыра кажучы, не было, а пад ім невыразна шарэла нейкая голая непрытульная пустыня. І як ён ні ўглядаўся, і куды ні кідаў свой позірк, — вочы нідзе не маглі зачапіцца хоць за якое дрэва, за якую хату, сцежку, ужо не кажучы пра што-небудзь жывое. Праўда, калі пустыня пабліжэла, Радзім пачаў распазнаваць на ёй былыя, даўно перасохлыя рэчышчы, руіны вёсак і гарадоў, разараныя калісьці прамавугольнікі, дзялянкі, лапіны палёў і сенажацяў.

Тое, што зверху здавалася шэраю пустыняю, зблізку аказалася нагрувашчваннем нейкіх каменных глыбаў, сярод якіх нельга было прыкмеціць нават самых нязначных прыкмет жыцця.

Доле было цяжка дыхаць: паветра разрэджанае, яго не хапала, ды і тое, што асталося на гэтай планеце, мусіць, пасля нейкай разбуральнай вайны, брыдка пахла, смуродзіла, і ад яго адразу ж пачало пяршыць у горле.

Радзім цвярдзей стаў на зямлю і пачаў азірацца па баках. Ад роспачы, адчаю і бязвыхаднасці хацелася закрычаць, загаласіць, завыць — адзін, зусім адзін на гэтай бязлюднай зямлі. Хто і навошта яго выкінуў сюды? І што яму зараз рабіць, які шукаць паратунак?

А дзе Юля? Яна ж таксама, мусіць, адна, і таксама ў роспачы. Можа, яна дзе-небудзь непадалёк? Што ты! У гэтым свеце ім хутчэй за ўсё ніколі не давядзецца сустрэцца… І ўсё ж ён будзе шукаць яе.

На зямлі было ціха-ціха… Уяўляеце, як можа быць ціха, калі няма ніводнага дрэва, каб раптам зашапацець лісцем, ніводнай рэчкі, каб забулькатаць бруёю каля камення, няма нават птушкі, якая б магла нечакана залопаць крыллем, спалохаць, пралятаючы непадалёку, няма травы, каб ціха і пяшчотна прашумець пад лёгкім узвеем.

І раптам у гэтай цішыні Радзім нібыта наяве пачуў нейкі шолах, нейкі рух, як усё роўна пошум ветру, а затым — далёкі і нямоцны піск, падобны на піск мышаня ці на працу невідомага радыёперадатчыка. Усё гэта праз якую хвіліну заціхла, але ён адразу з непрыемнасцю адчуў, нібыта ля яго нехта з'явіўся, і нібыта той «нехта» яго вельмі ўважліва разглядае. Зноў азірнуўся, але зноў жа нікога не ўбачыў — навокала было пуста і гола, як і да гэтага. І ад таго, што вочы нікога не бачылі, а розум падказваў, што побач нехта ёсць, рабілася яшчэ страшней і вусцішней.

І ўжо зусім непрыемна стала тады, калі самі сабою пайшлі ногі, калі ён, насуперак сваёй волі і жаданню, накіраваўся менавіта ў іншы, чым хацеў сам, бок, — ці то хто клікаў яго, ці то ўжо нават вёў за сабою.

Радзім ішоў, цягнуўся па голай бязлюднай пустыні, а яму здавалася, што ідзе па Месяцы. Вельмі ж усё тое, што бачыў вакол сябе, нагадвала месячныя краявіды, якія ён памятае па тэлевізійнай перадачы, дзе паказвалі высадку касманаўтаў на Месяц: пазбаўленая жыцця прастора, нейкія кратары, нагрувашчванне камянёў, ад якіх сягаюць доўгія цені.

Избранные книги

↑