Падары нам дрэва - Сипаков Иван Данилович
Падары нам дрэва - Сипаков Иван Данилович — читать книгу онлайн
Настройте размер и шрифт текста, включите тёмную тему для удобного чтения. Переходить между страницами можно стрелками внизу или сочетанием Ctrl + ← / →.
І цішыня, ад якой, здавалася, можна было звар'яцець. Таму, калі раптам непадалёку ад свайго ж цяжару сарваўся з невысокай стромы камень і, гулка коцячыся ўніз, нарабіў грукату, ён, шчыра кажучы, спалохаўся, але і ўзрадаваўся — гэтыя гукі парушалі даўкую цішыню і стваралі хоць нейкае падабенства жыцця.
Цяжка было ісці па пыльнай зямлі. Але яшчэ цяжэй было дыхаць. Неўзабаве ён ужо зусім задыхаўся без паветра, часта спыняўся, каб перавесці дух. Той, хто невідома вёў яго, нібыта дазваляў яму садзіцца, нават класціся ў пыл і пясок, і пакуль хлопец адпачываў, цярпліва чакаў, калі ён паднімецца і зноў пойдзе далей.
Уперадзе нешта шырока і ярка блішчэла, але нават гэта яго, стомленага, ужо не цікавіла.
Урэшце стома і разрэджанае паветра зусім адабралі ў яго апошнюю сілу, і ў той час, калі ўсё гэта здарылася, ён ужо не ішоў, а поўз па зямлі, абыякава, тупа гледзячы ў пыл, які адзін толькі і быў перад вачыма.
Калі, паўзучы, нечакана стукнуўся галавою ў нейкае шкло і тое ўсё зазвінела і захадзіла ходарам, ён падхапіўся на ногі і што было моцы — дзе ўзяўся ў зняможанага такі спрыт! — кінуўся наўцёкі ад небяспекі. Радзім разумеў, што можа быць, калі пабітае шкло пачне раптам падаць, асыпацца на яго зверху.
Але шкло не пабілася. Ён стаяў і толькі няўцямна глядзеў на суцэльную шкляную сцяну, якая вось так нечакана вырасла перад ім. Яна далёка, здавалася, бясконца, сягала налева, гэтак жа бязмежна шырылася направа, высока-высока ўзнімалася ў неба і недзе там, у самым зеніце, паката закруглялася на дах.
За сцяною, як усё роўна адрэзаная шклом, пляскалася вада, і сонца дзіўна, пярэстымі плямкамі, зіхацела ў ёй — калі б у нейкі іншы час, гэтым дзівам можна было б доўга любавацца.
Пакуль ён стаяў, спрабуючы разабрацца, што тут і да чаго, нечакана само сабою адчынілася акно, якое хлопец напачатку не заўважыў, і адтуль высунулася нейкая рука, падобная ці то на шуфель, ці то на лапату. І не паспеў Радзім апамятацца, як гэтая рука падграбла яго разам з зямлёю і пылам — ён не ўстояў на нагах, сеў на яе, — і хапатліва, спяшаючыся прасунула праз акно, пранесла над вадою, паставіла на дол за ёю і адразу ж зачыніла на ўсе зашчапкі фрамугу — нібыта нехта баяўся, каб чагосьці лішняга не ўпусціць сюды ці, наадварот, нечага патрэбнага не выпусціць.
Падары нам дрэва
Радзім здзівіўся — тут, за гэтым шклом ужо віравала жыццё! Хадзілі, смяяліся, гучна гаварылі радасныя і вясёлыя людзі, ездзілі, хоць і рэдка, конемашыны і конеаўтобусы, працавалі крамы. І толькі дрэў і птушак, колькі ні прыглядаўся, так і не ўбачыў: зямля тут была, пэўна, не для дрэў, нейкая аплаўленая і мёртвая, гэткая ж, як і за штучнаю сцяною, а птушкі, мусіць, пад шклом жыць не могуць. А як хацелася ўбачыць іх пад празрыстаю шкляною столлю, як, успамінаецца, некалі ў прасторнай хароміне новага аэрадрома, калі ляцеў з чарнобыльскай зоны — іх, школьнікаў, везлі на поўдзень, у Крым, — бачыў і цешыўся галубам і вераб'ям, што крылялі ў зале чакання пад дашчаным купалам будыніны. Але ні птушак, ні дрэў тут не было. Яны, мусіць, могуць жыць толькі супольна: дзе адны, там і другія. А наразь такое немагчыма…
Пакуль ён раздумваў, што рабіць — стаяць на месцы ці ісці чаго-небудзь, каго-небудзь шукаць, да яго падышлі двое, сталі леваруч і праваруч і годным споківам запрасілі ісці разам з імі.
Людзі былі нармальныя, гэткія ж, як і на зямлі, тыя ж мелі ногі, рукі, галовы, вочы, а таму ён не спалохаўся іх, а, наадварот, супакоіўся: не могуць жа такія, як і ён сам, людзі зрабіць яму нешта кепскае. Хаця хто яго ведае — цяпер і на зямлі сталася так неспакойна, што ў лесе бывае лепей сустрэць звера, чым чалавека.
Дзіўна, пад шклом Радзіму дыхалася зусім лёгка — перастала пяршыць у горле, чыстае паветра супакойвала грудзі: не было ў ім таго брыдкага смуроду, якім даводзілася душыцца толькі што.
Радзім ішоў і любаваўся ахайнымі, падмеценымі і палітымі вадою вуліцамі, акуратненькімі хатамі, дамамі, камяніцамі, з густам апранутымі людзьмі. Сярод іх яму ў сваёй простай сарочцы з закасанымі рукавамі, у звычайных картовых штанах было нават няёмка: адзенне, калі ён лез на камень і падаў з яго, падралася і звісала лахманамі, а таму выгляд у яго, канечне ж, быў не вельмі прывабны.
Па дарозе ім сустракаліся дзіўныя збудаванні, дзе ніхто не жыў, але ў якіх угадваліся нейкія падобныя на людзей постаці. Радзім яшчэ не ведаў, што гэта такое, але яму чамусьці здавалася, што бачыць ён тутэйшыя помнікі. Як потым і пацвердзілася, гэта былі помнікі будаўнікам зямлі.
Нарэшце яны падышлі да цікавай самабытнай будыніны з аднаго толькі шкла. Бачыце: пад шклом — новае шкло. Руская матрошка, дый годзе! Шкло непразрыстае, і за ім нічога нельга ўбачыць. Кожны, хто заходзіў за яго, хаваўся, як за шырмаю.
Адзін з Радзімавых праважатых застаўся з ім, а другі пайшоў за шкло. Неўзабаве ён вярнуўся і ўсё тым жа далікатным споківам запрасіў іх абодвух у памяшканне.
Усе трое ўвайшлі ў нейкую прасторную залу, сцены якой, здавалася, былі сабраны з адных люстэрак. Час ад часу люстэркі паварочваліся, і ў іх то тут, то там адлюстроўваліся нейкія людзі.
А ў памяшканні ніякіх людзей не было. Неўзабаве зніклі і тыя двое, што суправаджалі яго.
Ён застаўся адзін сярод шкла. І ўсё ж яму падалося, што за ім, вывучаючы, сочаць сотні невідомых вачэй, і ад гэтага было вусцішна — адчуваў, што нават скура ўзялася гусінымі папурышкамі.