Private-Bookers
Падарожжа ў нябыт
вернуться

Моруа Андре

Шрифт:

Франк закiваў галавой:

– Шкада, шкада... Мы нiколi не давалi вiзы людзям, што захоўваюць такi запал... Мы iх ведаем... Забранiруеш iм месца, за кошт iншых пасажыраў, вядома, а яны ў апошнi момант бягуць ад нас - i месца прападае, нiкiм не выкарыстанае.

Я ўявiў сябе зноў выкiнутым у зеленаваты туман, у натоўп, у штурханiну, на шумныя вулiцы незнаёмага горада, у жалезны бразгат i скрогат; убачыў, як змораны, з чамаданам у руках, блукаю без надзей, без прыстанiшча, без сiлы... Жах агарнуў мяне, i я пачаў прасiцца:

– Калi ласка... Знайдзiце хоць якi-небудзь шанс. Вы чалавек разумны. Вы ж ведаеце, як мне трэба пасля столькiх пакут перабрацца ў iншы свет. Я стамiўся. Дайце мне спакой. Калi ва мне яшчэ жыве якая-небудзь страсць, дазвольце мне самому патушыць яе, мне памогуць разлука, час... толькi не выкiдайце мяне ў гэтыя змрочныя абшары... Не выкiдайце.

Пан Франк са спагадай глядзеў на мяне сваiмi цяжкiмi вачамi, пад якiмi вiселi пухлыя мяшкi; ён пакручваў у пальцах аловак i нейк дзiўна прыцiскаў яго да нiжняй губы.

– Лепш за ўсё вам падыдзе, - прамовiў ён павучальным тонам, - транзiтная вiза ў Лiмб*.

* Лiмб - мясцiна на тым свеце для праведнiкаў дахрысцiянскай эры i няхрышчаных дзяцей (у католiкаў).

– Калi гэта вырашае маю праблему, чаму ж, я згодзен.

– Гэта б вырашала вашу праблему, але, на жаль, ад мяне не залежыць.

– А ад каго залежыць?

– Ад ККК... Камiсii Каматознасцей i Каталепсiй.

– О госпадзi! А дзе яна знаходзiцца?

– Невялiчкi асобны будынак у паўднёва-заходнiм канцы поля.

Ён зiрнуў на гадзiннiк:

– Але вы не паспееце туды да закрыцця.

– Што ж мне рабiць?

– Вярнуцца ў горад... Прыйсцi заўтра.

– У мяне сiл няма.

– Ну так, ну так... Усе вы на гэта спасылаецеся... I будзеце хадзiць дзесяць дзён, дваццаць дзён... Наступны!..

* * *

I вось я зноў апынуўся на балоцiстай сумнай пляцоўцы, якую агортвалi адразу ноч i туман. Iзноў пачаў шукаць амаль вобмацкам у вiльготнай цемры прахадную будку. Iзноў трамвай са скрогатам даставiў мяне ў душны пакой, у якiм мiгаценне светлавой рэкламы i грукат электрычкi не давалi заснуць. Гэта была жудасная ноч. Аблiты потам, я задыхаўся. На свiтаннi ўзяў чамадан i паплёўся на пляцоўку. Я спадзяваўся, што, з'явiўшыся ў такi нялюдскi час, пападу адным з першых. Аднак iншыя пасажыры разважалi гэтак жа, i яшчэ нiколi я не далучаўся да такой даўжэзнай чаргi. Выстаяўшы гадзiны тры i дабраўшыся да будкi, я сказаў вартаўнiку тонам бывалага пасажыра:

– Вы мяне ўжо бачылi.

– На якi рэйс?

– На аб'яднаны.

Ён мяне прапусцiў. Цяпер мне трэба было знайсцi кантору ККК. "Паўночна-заходнi канец поля", - даў адрас Франк... Я прабаваў арыентавацца, як умеў... Сонца хавалася ў тумане, але расплывiстая пляма цьмянага святла паказвала, дзе яно прыблiзна знаходзiцца. Я перайшоў цераз iмшыстую нiзiну, дзе сярод чахлага трысця i нiзкарослага хмызняку варушылiся слiмакi i жабы. Нарэшце я заўважыў адзiнокi будынак з чырвонай цэглы, на якiм выдзялялiся тры белыя лiтары "ККК". Дом быў невялiкi, звычайны, службовы, накшталт тых, што будуе ведамства мастоў i дарог на французскiх станцыях. З адчаем убачыў я, што, нават i ў гэтым глухiм кутку, перад дзвярамi варушылiся сотнi наведвальнiкаў; некаторыя з iх горка плакалi.

Не буду апiсваць гэта новае чаканне. Я так стамiўся, што не меў сiлы нi скардзiцца, нi пакутаваць. Калi надышла мая чарга, я апынуўся ў крэсле перад сталом, а насупраць сядзела дзяўчына ў шэра-блакiтнай унiформе. Яна не была прыгожай нi з твару, нi з фiгуры, валасы, зачасаныя без прэтэнзiй; але я заўважыў, што, прымаючы майго папярэднiка, увiхалася спрытна i шпарка. Вiдаць, яна не належала да той катэгорыi служачых, што чэрпаюць асалоду, ставячы перашкоды i ўскладняючы становiшча.

– Вы гаворыце, што бачылi пана Франка?.. У вас ёсць накiраванне ад яго?

– Ёсць. Калi ласка.

– Добра... Пагляджу... Значыць, вы просiце вiзу на часовы прытулак... Колькi часу, думаеце, спатрэбiцца вам, каб... я не кажу, забыць, а каб аслабiць гэту сувязь? Дваццаць год? Трыццаць год?

– Не ведаю... У маiм узросце...

– У вас няма ўзросту... Дзесяць год хопiць?

Яна ў момант запоўнiла друкаваныя бланкi, дала iх мне падпiсаць, потым праводзiла мяне да вельмi старога чалавека, якi сядзеў на ўзвышшы пасярод залы.

– Пан камiсар, - далажыла яна.
– Гэта пропуск на пэўны тэрмiн па просьбе пана Франка... Усё ў парадку.

Дзядок падпiсаў, не чытаючы, i паставiў штэмпель з датай.

– А цяпер хутчэй бяжыце да пана Франка, - спагадлiва параiла дзяўчына. Зараз пятнаццаць гадзiн. Кантора зачыняецца ў шаснаццаць.

"Хутчэй бегчы..." Нiшто сабе парада! Я ледзьве цягнуў збалелыя ногi. Знадворку туман згусцiўся яшчэ больш. Я хутка згубiў сцежку, заблытаўся ў калючым трысцi i ўпаў. Падняўся ўвесь у гразi, калоцячыся ад холаду, i ў такiм нервовым напружаннi, што патрацiў некалькi гадзiн, пакуль адшукаў будынак Б. Там было ўсё замкнёна.

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка