Private-Bookers
Падары нам дрэва
вернуться

Сипаков Иван Данилович

Шрифт:

У тунелі зрабілася зусім цёмна. Толькі чуваць было, як шаркаюць па камяністай сцежцы ногі і зацята дыхаюць людзі — тыя, што ідуць за імі, і тыя, што ідуць паперадзе іх. Скляпенне рэзаніравала гукі, і таму здавалася, што ідзе людзей яшчэ болей, чым было іх на самой справе.

Хоць з бакоў нізка, каля самых ног, цьмяна люстранілі запыленыя светачы, ледзь пазначаючы сцежку, святлей ад гэтага ў шчыліне не рабілася — густы змрок, цесната і пыл, узняты столькімі нагамі, перахоплівалі дыханне, і ён ужо адчуваў, што трэба прыкладаць намаганне, каб проста і нязмушана дыхаць.

У тунелі раптам зрабілася зусім цёмна: ці то лямпачкі наўзбоч сцежкі перагарэлі, ці то іх тут па задуме і не павінна было быць.

Чарга ішла зараз ужо зусім павольна, бо людзі, каб не спатыкнуцца, уважліва абмацвалі нагамі зямлю.

— Ой, не магу! — нібы не сваім голасам закрычала раптам Оя, і ён адчуў, як закалацілася, задрыжэла пад ягонымі далонямі яе худзенькае, напятае цельца. — Не магу-у-у! — роспачна рыдала дзяўчына, і гэты яе крык запаўняў нару і, адбіўшыся ад сцен і ад столі, вяртаўся да іх яшчэ памацнелым.

Радзім абняў яе крапчэй і з усяе сілы прыгарнуў да сябе.

— Оя, табе страшна? Не бойся…

— Мне не страшна, — усхліпвала яна. — Я не магу выносіць гэтую пачвару…

— Якую пачвару?

— Чаргу-у-у! — завыла яна.

Чарга ж, як і да гэтага, засяроджана абмацвала нагамі выбоістую сцежку і паволі рухалася наперад. Ніхто не звярнуў увагі на гэты крык адчаю — быццам людзі ўвогуле не пачулі яго, хоць не пачуць рыданні Оі было немагчыма.

Ён ласкава гладзіў яе рукамі і адчуваў, як пад яго далонямі дзяўчына пакрысе супакойваецца, перастае плакаць і ўсхліпвае толькі па інерцыі.

— Не магу, — ужо спакайней паўтарыла яна, а потым неяк зусім нечакана, рэзка павярнулася да Радзіма тварам, абняла яго, і, мусіць, падняўшыся на пальчыкі, пацалавала хлопца ў самыя вусны.

Затым яшчэ мацней прыгарнулася да Радзіма, паклала яму галаву на грудзі, і хлопец адчуў, як паволі намакае сарочка: Оя ўсё яшчэ плакала.

І вось тут яму здалося, што нехта з'явіўся між імі, што хтосьці распіхвае іх убакі, не даючы дакранацца адно да аднаго. Ён здагадваўся, хто гэта можа быць, але неяк не верылася, што ў такую нару, пад такія скляпенні можна так лёгка трапіць. І ўсё ж яму здавалася, што і ў цемры ён бачыць перад сабою белае воблака…

Але гэта было не воблака. Гэта было святло. І ён, шчыра ўзрадаваўшыся, што ёсць моцы закрычаў:

— Нара канчаецца! Там — святло!

Дзяўчына хуценька павярнулася — дасюль яна ішла пяткамі наперад, — і яны паспрабавалі абагнаць тых, хто ішоў перад імі. Але абагнаць чаргу было немагчыма. Пярэднія ішлі, як і да гэтага, спакойна і павольна, а праціснуцца, пратачыцца паміж імі і сценкамі тунеля не ўдавалася з-за цеснаты: ён быў разлічаны толькі на аднаго чалавека.

Прыйшлося змірыцца з чаргою, з яе рухам і рытмам — людзі, не зважаючы на тое, што наперадзе з'явілася святло, ішлі да яго звычайнаю і абыякаваю хадою. І толькі ўжо зусім перад выхадам Радзім і Оя не вытрымалі і пачалі падпіхваць пярэдніх у спіны, змушаючы іх хутчэй ступаць, натыкацца на тых, хто быў перад імі. Яны, унёсшы сумбур у чаргу, усё ж выбеглі нарэшце з тунеля і аж зажмурыліся ад светлаты. Калі вочы прывыклі да святла, убачылі, што стаяць на нейкім шырокім пляцы, па якім паўзе чарга, а вакол пляца расце, цвіце, буяе столькі кветак, і ўсе яны такія прыгожыя і незямныя, што вочы аж разбягаюцца ад гэтай казкі. Радзіму нават здалося, што яны напраўду трапілі ў рай. Праўда, кветкі з усіх бакоў і нават зверху былі абгароджаны частаю сеткаю — як птушкі ці жывёлы ў вальерах — і гэта крыху псавала настрой і радасць ад такой неспадзяванкі: навошта турмаваць краскі — яны ж не вылецяць адсюль і без сеткі…

Тут чарга разыходзілася, людзі зноў жа спакойна і павольна набліжаліся да сеткі і гэтак жа раўнадушна, здаецца, нават абыякава разглядалі дзівосныя кветкі — лапушыстыя, яркія, шматкалёрныя, яны цвілі каля самай агароджы, а некаторыя нават вылазілі праз яе, — і потым гэтак жа задумліва кіраваліся да шырока расчыненых варот, — як яму здавалася, на волю.

Радзім хацеў адразу пайсці да дзвярэй, каб нарэшце вырвацца адсюль — нават Оя цягнула за руку да выхада, — але ўсё ж нешта стрымлівала яго і змушала пачакаць.

Ён хадзіў каля агароджы, любаваўся кветкамі, нагінаўся і нюхаў тыя, што шыкоўна цвілі на гэтым баку — відаць, праз сетку яны пралезлі пупышкамі,— і не спяшаўся ўходзіць. Разумеў, што пабачыць увесь кветнік можна, мусіць, толькі з гэтага пляца, які, пэўна, знаходзіцца якраз пасярэдзіне сада.

Прайшоўшы колькі разоў каля агароджы, пашыбаваў да варот — туды, куды ішлі ўсе. Ужо збіраўся ўздыхнуць на ўсе грудзі, але раптам, выйшаўшы за вароты, убачыў новую загародку, якая, усё звужаючыся, вяла людзей да яшчэ адной чаргі. Там ужо зноў шчыльна станавіліся адзін за адным людзі і, дыхаючы ў чужыя патыліцы, пачыналі новы, унармаваны рух.

Радзім яшчэ раз азірнуўся па баках і, убачыўшы, што ніякага іншага выйсця няма, пацягнуў Ою ў той бок, дзе ўжо нараджалася чарга.

— Не магу! — зноў застагнала Оя і пачала ўпірацца, зразумеўшы, што Радзім зноў вядзе яе ў людскі гурт.

— Трэба, Оя. Трэба, — ён адною рукою моцна трымаў дзявочую далоньку, а другою гладзіў па яе запясцю.

Радзім разумеў адно: чым раней станеш у чаргу, тым раней пройдзеш наканаванае.

Цяпер ён ужо не сумняваўся, што гэтую чаргу нехта пабудаваў знарок. Яго здзіўлялі вялікая дасведчанасць і розум таго дойліда, які ўсё гэта прыдумаў. Бачыш, як разумна і дакладна выстраіў: вось чарга на вуліцы, яшчэ ніхто нічога не ведае, але ўжо становіцца — цікава; потым гэтая пурпурна-ўрачыстая зала; затым цагляная сцяна, абвітая хмелем, як своеасаблівае спадзяванне, намёк на неўзабыўныя кветкі; пасля жудасная, цёмная і цесная нара, дзе нічога не відаць, дзе нават яму хацелася крыкнуць: «Не магу!»; а тады — такі неспадзяваны рай, што проста слепіць вочы сваёй казачнасцю, радасцю, шаленствам колераў…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • 50
  • 51
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка