Шрифт:
Асабліва ўразіла і яго і Ою, калі адзін з жабракоў кінуўся ім насустрач, упаў на калені, пачаў абдымаць за ногі дурбуда, просячы падаць яму, што зможа.
Дурбуд не разгубіўся, падняў жабрака з каленяў, паставіў ля сябе, а потым, не хаваючыся ад галоднага, пачаў корпацца ў яго ж старэнькай, залапленай торбе — жабрак адно толькі ўважліва сачыў за чужою рукою, — знайшоў там надкушаную лусту хлеба, якую, мусіць, падаў нехта раней, і з такім выглядам, быццам робіць несусветнае дабро, з важнасцю і самавітасцю, як усё роўна ён заўсёды займаўся дабрачыннасцю, падаў скібку папрасімцу.
Той доўга і няўцямна глядзеў на яе, а затым узрадаваўся, засмяяўся і, задаволены-задаволены, з крыкам: «Дзякуй! Дзякуй! Дзякуй!» кінуўся цалаваць рукі дурбуда, які так ашчаслівіў яго. Радасць жабрака была настолькі шчыраю і непадробнаю, што Радзім з Ояю толькі пераглянуліся: яго частуюць ім жа самім нажабраваным хлебам, а ён радуецца!
— Што, дзіўна вам? — павярнуўшыся да іх, усміхнуўся дурбуд. — У нас вы яшчэ і не такое ўбачыце, — і, азірнуўшыся вакол, паказаў: — А гэты, бачыце, на сваёй машыне прыехаў.
Чалавек стаяў і, як руль, трымаў перад сабою, кола. Падышлі да яго, спыталіся:
— Навошта табе кола? Дурбуд разгубіўся:
— Гэта ж мая машына, я на ёй прыехаў…
— Машыны ў цябе няма і ніколі не будзе!
— А гэта тады што? — паказаў на кола, учапіўся за яго мацней і грэбліва адвярнуўся. — А пайшлі вы ўсе…
Каля сталоўкі галодных і ўбогіх было яшчэ болей. Яны стаялі так шчыльна, што амаль немагчыма было прабіцца да дзвярэй. І толькі вопыт і вынаходлівасць тутэйшага дапамаглі зайсці ўсярэдзіну будыніны.
У сталоўцы было цёмна і дымна, душна і тлумна. Пахла чымсьці прыгарэлым і нясмачным, але ён здзівіўся, што нават такія непрыемныя пахі расцвельваюць яго апетыт.
Дурбуд знік, а праз нейкі час ён зноў з'явіўся каля іх з дзвюма талеркамі якойсьці бурды і двума брускамі чагосьці шэрага, у чым Радзім, хоць і не без ваганняў, прызнаў хлеб.
Оя ад сваёй поліўкі адмовілася — мусіць, у яе засталася нейкая свая сістэма харчавання, — а ён, нават не пасмакаваўшы стравы, не разабраўшыся, пасоленая яна ці не, з асалодаю высербаў цэлую талерку. Адчуваў, што мала, што з'еў бы чаго-небудзь яшчэ, які кавалак мяса ці каўбасы, але дурбуд развёў рукамі — чым багаты, маўляў, тым і рады.
Оіна талерка таксама была парожняя: яе адразу ж выхапілі з рук галодныя людзі і, далёка не адыходзячыся, вылізалі за суседнім столікам.
У сталоўцы не было чым дыхаць, і таму Радзім першы накіраваўся да выхаду. Адна справа цярпець увесь гэты смурод, ведаючы, што цябе чакае пачастунак, а другая — задыхацца едкім чвырам, ні на што ўжо не спадзеючыся.
Выбраўшыся са сталоўкі, ён уздыхнуў на поўныя грудзі — хацелася як найхутчэй ачысціць лёгкія ад гэтага цяжкога, задушлівага паху. Паправіў каснік на галаве, каб выцерці пот пад ім, але дурбуд, які выйшаў разам з імі, параіў:
— Не чапай. Зрабі зноў, як было. А то цябе пазнаюць, і тады пачнецца.
— А можа, лепей зусім сцерці гэтую пляму? — нібы забыўшыся, што расказваў ёй Радзім, спыталася Оя.
— Ты што! — накінуўся на яе дурбуд. — Гэтая меціна яму ой як спатрэбіцца!
Оя паправіла стужку, старанна закрываючы знак. Дурбуд уважліва сачыў за гэтым, а калі дзяўчына апусціла рукі, ён яшчэ раз прыдзірліва агледзеў Радзімаў лоб, сам паправіў ражок касніка і сказаў:
— Ну, цяпер пайшлі.
— Куды? — у адзін голас спыталіся яны.
— На аэрадром, — патлумачыў ім дурбуд. — Сустракаць Калматага. Ён якраз сёння прылятае з замежнага візіта.
Сцежкаю, дзе траплялася ўсё меней і меней кветак — яны здаляліся ад ружарыя, — выйшлі на дарогу, якая і прывяла іх зноў у горад.
— Аэрадром на тым баку — патлумачыў дурбуд. — А я вас вяду самаю кароткаю дарогаю.
З гэтага боку горад здаваўся апусцелым, — відаць, усе пайшлі ўжо сустракаць прэзідэнта.
— У нас так прынята, — нібы адгадаўшы Радзімавы думкі, усміхнуўся дурбуд. — Мы ўсенародна і праводзім, і сустракаем прэзідэнта. Гэта ў нас як свята. Словам, калі мала хлеба, трэба, каб было паболей свят.
Яны ішлі павольна, нібы прагульваючыся. Ішлі так, як вёў іх тутэйшы, а ён чамусьці не спяшаўся.
— Паспеем, — зноў жа, быццам адчуўшы іхняе хваляванне, іхнія думкі, супакойваў Ою і Радзіма дурбуд. — Пабачыце гэты неверагодны спектакль.
Цяпер ужо на вуліцах горада ім сустракалася ўсё болей і болей людзей. Усе ішлі ў той жа самы бок, што і яны, — відаць, таксама кіраваліся ў аэрапорт.
Але з такою высноваю Радзім відавочна паспяшаўся, — шмат хто, не дайшоўшы да аэрадрома, зварочвалі ўлева і заходзілі ў шырока расчыненыя вароты нейкага вялікага круглага збудавання, звонку падобнага на стадыён. Радзім спыніўся, спытаўся ў дурбуда: