Шрифт:
— Яны глядзяць у вочы і маўчаць! — яшчэ больш заводзілася ахова.
Усе бегалі і мітусіліся без толку. Усім здавалася, што перад імі адбываецца штосьці зусім неверагоднае, жудаснае — вязні глядзяць і маўчаць!
І тады больш разумныя і больш назіральныя з ахоўнікаў нібы зразумелі штосьці.
— Ды іх ужо тут няма, — няўпэўнена, нават не верачы сабе, здзіўлена разводзілі рукамі відушчыя. — Яны ж ужо на волі…
Ім пярэчылі:
— Не выдумляйце! Яны ў турме. Вунь стаяць. Кожны можа пераканацца, зачапіць іх.
— Не, няма. Яны ўцяклі адсюль.
— А хіба можна ўцячы з нашай турмы?
— Яны ўцяклі астаўшыся… Гледзячы адно аднаму ў вочы…
Такое тлумачэнне многім было незразумелае. Ахоўнікі пачалі спрачацца яшчэ мацней, і ў пакоі для спатканняў зрабілася зусім шумна.
На шум з'явіўся сам начальнік турмы.
— Адставіць спатканне! — адразу ж скамандаваў ён. Але вязні не скрануліся з месца — стаялі вочы ў вочы і, як раней, маўчалі.
Тады начальнік турмы аддаў новы загад:
— Зараз жа развесці зняволеных і вярнуць у камеры! Загад — ёсць загад. Яго трэба выконваць. Адразу ж да вязняў кінулася некалькі наглядчыкаў. Яны з двух бакоў падбеглі да сеткі і з сілаю схапілі Яго і Яе за рукі, спрабуючы іх заламаць, але тут жа ў жаху адбегліся назад: вязні, як толькі да іх дакрануліся, асыпаліся да ног пылам.
Значыць, і праўда, у турме іх ужо не было. Тут засталося толькі цела, а душа кожнага даўно вызвалілася — з таго часу, як сустрэліся позіркі.
Такую сілу мае каханне. І прага волі — таксама.
Начальнік турмы паспрабаваў быў аддаць яшчэ адзін загад:
— Злавіць і пакараць!
Але выконваць яго ніхто не кінуўся. Ды і сам ён, відаць, зразумеўшы, што сказаў глупства, не патрабаваў выканання: і праўда, як можна злавіць і пакараць тое, што ўжо не мае цела?
Выратавальны круг
— Ратуйце!
Гэты крык быў такі выразны, такі спалоханы і адчайны, што яго нельга было не пачуць. Хоць і ішоў ён здалёку, ад няблізкага мора, на яго б адгукнуўся кожны — пры чым тут адлегласць, далечыня, калі топіцца чалавек і яму трэба дапамагчы!
Падарожнік пачуў крык надвечар, і хоць быў зусім стомлены дарогаю, усё ж звярнуў з утаптанай гравійкі на ўтравелую сцежку і прыспешыў крок — канечне ж, трэба спяшацца, бо там чакаюць тваёй дапамогі!
Яшчэ не ведаў, як і чым будзе дапамагаць, але спяшаўся.
І ўсё азіраўся па баках, спадзеючыся ўбачыць хоць што-небудзь, што б згадзілася там, на беразе.
Ужо, мусіць, ля самага мора яму сустрэлася нейкая пабудова, на сцяне якой — ён убачыў гэта здалёку — вісеў выратавальны круг, быццам нехта падрыхтаваў яго знарок. Падарожнік узрадаваўся і, яшчэ не дабегшы да будынка, збочыў са сцежкі і па траве, напрамкі кінуўся да яго. Сарваў з цвіка круг і з ім паімчаўся да мора — цяпер ужо яму было чым ратаваць тапельца!
Але выбегшы на бераг, ён спыніўся, як стрыножаны конь, стаў і стаяў быццам укопаны, на месцы. Круціў галавою ва ўсе бакі і не ведаў, што яму рабіць.
Усё мора было забіта людзьмі. Яны кішэлі ў ім, нібы рыба ў нераце. І ўсе тапіліся, і ўсе цягнулі рукі ўгору і, вырачыўшы ад страху вочы, крычалі:
— Ратуйце!
Адны, задыхаючыся, захлынаючыся вадою, стараліся, як маглі, трымацца на плаву, другія — высока падскоквалі, прагнучы зусім выскачыць з вады, хоць пасля танулі яшчэ глыбей, трэція пускалі ўжо бурбалкі…
Убачыўшы Падарожніка з выратавальным кругам у руках, усе кінуліся плысці да берага, паспешліва, таропка малоцячы па вадзе рукамі. Ускаламучанае мора запенілася — яно як быццам закіпела. Мацнейшыя тапілі пад сабою слабейшых і па іх спяшаліся да выратавальнага берага — плылі нават па галовах.
Бераг быў вельмі стромы, абрывісты, непрыступны — па ім не выберашся з вады. Але людзі ўсё ж плылі да скалы ў надзеі першымі схапіць выратавальны круг, калі Падарожнік кіне яго ў возера.
І Падарожнік разгубіўся: людзей многа, а круг толькі адзін.
Каму яго кінуць?
Канечне ж, дзіцяці. Але ж дзяцей у вадзе дужа многа — вунь як яны целяпаюцца ў возеры, трацячы апошнія сілы, — і аднаго круга на ўсіх не хопіць. Ды і мацнейшыя мужчыны, тыя, што яшчэ ўпэўнена трымаюцца на вадзе, але ўжо звар'яцелі ад страху, канечне ж, перахопяць круг — бачыш, як яны высока выскокваюць з вады, як драпежна махаюць рукамі?
А можа, вунь тым дзяўчатам, у вачах якіх столькі жаху. Яны ж будучыя маці, народзяць новых дзяўчат… Але каторай кінуць? Як выбраць з іх адну? Ды і адкуль ён ведае, каму з іх сама болей варта дараваць жыццё?