Шрифт:
А можа, гэтым во хлопцам, прыгожым, моцным, спартыўным — такія ж атлеты не лішнія любому народу, — а то і яны не доўга змогуць пратрымацца на вадзе, неўзабаве саслабнуць і пачнуць тануць.
А можа, вось гэтым старым, якія абняліся па-брацку нібы перад канцом і спяваюць — мусіць, былыя маракі — сваю развітальную матроскую песню. Няхай бы яшчэ пажылі — хапіла на іх век і дурноты, і войнаў.
А колькі хіжых рук ужо цягнецца да яго!
— Кінь мне! — крычаць адны.
— Не, мне! — пярэчаць ім другія.
— Не ім, а мне! — патрабуюць трэція. Падарожнік зусім змогся. Стаяў з кругам у руках, глядзеў, як віруе каля яго мора, слухаў, як тысячагалосы хор стогне: «Ратуйце!», а сам усё ніяк не мог вырашыць, каму кінуць круг. І ўжо нават злаваўся на самога сябе: навошта браў гэты злашчасны круг?!
І раптам ззаду ў яго грымнуў нейчы грубы голас:
— Чаго стаіш, дурань? Кідай ім хутчэй выратавальны круг!
Нечыя моцныя рукі вырвалі круг і шпульнулі яго ў возера. І вырываючы, шпурляючы, так таўханулі Падарожніка, што той не ўтрымаўся — стаяў пры самым беражку! — і паляцеў у возера.
Хто яго спіхнуў, Падарожнік, стоячы да незнаёмага спіною, не ўбачыў. Ен зваліўся на нейчыя галовы і нейчыя рукі і, толькі калі яны расступіліся, адчуў, як вада, намочваючы адзенне, падымаецца па целе.
Ён з жахам глядзеў, як на тым месцы, куды ўпаў круг, завірыла вада, як да яго нецярпліва пацягнуліся рукі, як у надзеі выратавацца спяшаліся сплывацца туды людзі з усяго мора.
Неўзабаве на тым месцы пачалася бойка, мацнейшыя па спінах суродзічаў беглі да выратавальнага круга, але людзі, што былі пад імі, танулі, а разам з імі ішлі пад ваду і яны самі.
Праз нейкі час на выратавальны круг панавалілася, панасядала столькі людзей, што ён ужо не змог іх усіх утрымаць і разам з тапельцамі пачаў асядаць на дно.
Калі патануў круг, калі схаваліся пад вадою і тыя «шчасліўчыкі», што не хацелі пакідаць яго, усё яшчэ спадзеючыся выратавацца, калі на тым месцы пайшлі толькі бурбалкі, а потым вада стала чыстаю і спакойнаю, тады тыя, што пакуль што засталіся на паверхні, у яшчэ большым жаху і адчаі закрычалі:
— Ратуйце!
Голас Падарожніка быў вельмі слабы, і яго ў гэтым крыку ніхто не адрозніў, не пачуў. Ды і на беразе ўжо нікога не было.
Тамагаўк
Страх апанаваў усю краіну.
Людзі, сустракаючыся на вуліцы, замест прывітання астрашана казалі адно аднаму:
— А яна ўжо ляціць!
І калі нават нечым займаліся, нешта рабілі па гаспадарцы ў хаце ці на двары, у полі ці ў градах, яны ўсё роўна думалі пра тое, што яна ўжо ляціць.
У школах, на ўроках, у поўнай цішыні сачынення ці, скажам, самастойнай працы і то падхопліваўся раптам хто-небудзь з дзяцей і спалохана крычаў:
— А яна ўжо ляціць!
Косіць мужчына сена, а потым успомніць, зразумее, што гэта ўжо нікому не трэба, кідае касу і ідзе абы-куды з поплава:
— Яна ж ужо ляціць!
Доіць жанчына карову, але, так і не выдаіўшы, падымаецца і бяздумна ідзе куды-небудзь з хлява, не ўзяўшы з сабою даёнку з малаком: каму трэба цяпер тая даёнка і тое малако!
— Яна ж ужо ляціць!
Цалуюцца закаханыя, а тады нечакана халадзеюць, замаўкаюць на вуснах вусны, робяцца абыякавымі, нежывымі вочы — навошта гэты пацалунак?!
— Яна ж ужо ляціць!
— Ага, яна ўжо ляціць. І неўзабаве ўпадзе на іхнюю краіну, накрые яе, і ўжо тут нікому нічога не трэба будзе.
Балістычная ракета з самаю вялікаю і моцнаю нейтроннаю начынкаю набліжаецца да іх, свідруе, дзіравіць неба, каб неўзабаве ўпасці на іх галовы, а яны яшчэ косяць, дояць і цалуюцца!
Але ж і думаюць. З таго моманту, як стала вядома, што ракета ўзляцела, усе ў гэтай краіне ліхаманкава ўзяліся думаць, каб папярэдзіць катастрофу, каб выратаваць і самую краіну, і яе народ.
Што можна зрабіць?! Яна ж ужо ляціць!
Часу было вобмаль, ён так спяшаўся, што, здавалася, нават чутно, як хапатліва чакаюць секунды, аднак ніхто нічога не прапаноўваў — звычайна ў такім паспеху немагчыма думаць: думкі блытаюцца, мітусяцца, таўкуцца, і ніяк не можна засяродзіцца на чымсьці адным.
І раптам у нейкай далёкай-далёкай напаўразбуранай неперспектыўнай вёсачцы нейкае зусім малое дзіця, якое толькі навучылася гаварыць, прамовіла адно толькі слова:
— Тамагаўк…
І гэтае слова пачула ўся краіна.