Сямёнава Ала
Шрифт:
Не кожны, думаецца, прыме і такі рызыкоўны паэтычны троп:
Прыгажосць у русалачным выглядзе На ваду месяц-лодачку вывядзе... «Ёсць рачулка»Што такое «прыгажосць у русалачным выглядзе»? І чаму па-беларуску ўжываецца граматычная форма — «а к нагам упадуць васількі»?
У Яраца часам трапляюцца прыблізныя, недакладныя словы, прыблізныя, несуадносныя паняцці.
Тут, на зацененай верандзе, якая б ні была пара, ёсць конаўка, як ардынарац яго вялікасці — вядра. «Ода калодзежнай вадзе»Тут адразу адчуваецца і водгалас вядомага «яго вялікасць — рабочы клас», высакаваты, нягледзячы на прапанаваны жанр — оду — «тытул» для вядра — вялікасць. А калі ўжо «вялікасць», дык чаму такі зусім не па этыкету прыбліжаны — ардынарац?
І ці ўзважыў паэт такія радкі: І думкі, як рукі, зрываюць ад сэрцаў закляты замок. «Пад музыку снега і сонца...»...Паэтычныя дэбюты. Удалыя ці няўдалыя, яны яшчэ самі па сабе не вырашаюць творчы лёс паэта. Час дае светлую магчымасць спраўдзіць сябе.
Яны спяшаліся ў свет — гэтыя зборнічкі пад грыфам «Першая кніга паэта»: «Вандроўнік» Леаніда Дранько-Майсюка, «Белы камень» Алеся Пісьмянкова, «Гронка святла» Віктара Шніпа, «Таемнасць агню» Леаніда Галубовіча, «Матчына вышыванка» Алеся Жыгунова, «Над вечнасцю гнязда» Івана Рубіна.
Безумоўна, кніга Л. Галубовіча вызначаецца сярод іншых, незнарок яго адзначылі і на VIII нарадзе маладых у Маскве. Харошая кніга. Сур'ёзная (больш падрабязная гаворка пра яе будзе асобна). Калі ў іншых яшчэ нешта намацваецца, пачынае вымалёўвацца пакуль што абрыс, контур — хай сабе і больш-менш дакладна акрэслены, дык у Леаніда Галубовіча — кніга цэласная, выяўленая. Нездарма яго публікацыі адразу заўважылі, горача падтрымалі людзі розных поглядаў на паэзію, розных густаў, розных узростаў. Паэт. Сапраўдны. Які яшчэ раз пацвердзіў, што схільнасць да выяўленага слова — дар. А настаўнік кожнага творцы — перш за ўсё жыццё. Іншага рэцэпту няма. Як сцвярджае сам Л. Галубовіч, «калі не пішацца — не муч душу ныццём,/ няхай суцішыцца, дыхне жыццём». І, паводле няўхільнага імператыву творчасці, нішто не можа замяніць працы душы, самаўдасканалення. Леанід Галубовіч не мае вышэйшай адукацыі. А культура мыслення, культура верша ў Галубовіча — высокія. Добры густ. Спакойная выверанасць пісьма — калі ёсць пра што сказаць, калі «прадчуванне слоў для лепшых вершаў у душы маўчаннем адбаліць». Леанід Галубовіч моцны сваёй натуральнасцю, суцэльнай адсутнасцю манернасці, штучнасці, позы. Моцны — энергіяй слова, якая ідзе ад напору думкі, пачуцця. Гэта якраз з тых выпадкаў, калі чалавек не пісаць не можа. Але не прыспешвае яго пяро і мітуслівая порсткасць: хутчэй, хутчэй гнаць радкі, абавязкова мільгацець у друку,— хто прачытае, хто гляне толькі, а ўсё ў полі зроку, навідавоку.
Душэўны вопыт (свой) і духоўны вопыт (здабыты шляхам пазнання, спасціжэння, што за межамі ўласнай біяграфіі, вопыт іншых, вопыт гісторыі і культуры) даюць паэту магчымасць разважаць на тым узроўні, калі мы адчуваем і канкрэтны факт, і «другую» рэальнасць, якую стварае ўжо ён, паэт, падпарадкоўваючыся законам творчасці.
Прычакаўшы глыбокага снегу, Аб'язджаюць каня мужыкі: Маладому, шалёнаму бегу Дзве аглоблі сцінаюць бакі. Вось ён — потны, загнаны, знямоглы — Ад тугі і адчаю захроп. Заўтра стане пакорна ў аглоблі І без пугі не пойдзе ў галоп.І неяк не думаецца пра ўжытыя тропы, пра стылістычнае значэнне кампазіцыі, пра адпаведнасць метрычнага задання рэальнай своеасаблівасці рытму верша. Усё падпарадкоўваецца мастацкай задуме, усё арганізавана па эстэтычных прынцыпах цэлага. Мысленне паэта не адцягнена абстрагавана, але абагулена. Мастацкая ідэя не аголена ў просталінейных дэкларацыях, а ўвасоблены ў паўнакроўных вобразах. Таму, мабыць, і запамінаецца так Леанід Галубовіч — адразу, без прымусу памяці.
У сённяшнім рознагалоссі паэзіі, шматлікасці і манер, і падыходаў да розных з'яў жыцця Леанід Галубовіч падабаецца нармальным разуменнем законаў рэчаіснасці, нязмушаным, натуральным стаўленнем да маральных высноў: «Я не зайздрошчу тым,/ хто мае, а тым —/ хто лепшае аддаў». Падабаецца трывалымі прынцыпамі, добрым грунтам жыццёвым:
Грак не пяюн, і ўсё ж скажу: Люблю яго за клопат весні, За хлебаробскую душу... А будзе хлеб — і будуць песні.Дыяпазон лірыкі Леаніда Галубовіча мае вялікую многасць хваляў прыёму. Тут і высокія памкненні паэта, што «адкрыў сябе і час свой асудзіў высокай мерай тайнага быцця», і эзатэрычнае хваляванне, калі «толькі існасць выстаіць бясслоўна», за той крайняй мяжой усведамлення, дзе «дух першароднасці імкнецца з небыцця да бессмяротнасці разумнага жыцця». І замалёўкі з натуры, лёгкі лёт імгненнага ўражання: «Блукаю па барвяным лесе,/ дзе павуцінай голае галлё/ падвязана ў высокім паднябессі/ за шэрае птушынае крыло». І тое, што называюць лірыкай кахання. Сапраўднае перажыванне, пераўтвораны пачуццём рух душы, узвышаная музыка слоў. Ці вось такое мройлівае прадчуванне: «Цябе ніколі не было,/ аднойчы я цябе прыдумаў,/ любові запаліў святло/ над цёмным непарушным сумам».
І што ж? Усё так бездакорна? Безумоўна, ёсць і выдаткі. І адчуваецца ў асобе Галубовіча — а гэта, канечне, асоба — і нікім не прадбачаная мяжа трываласці, там, дзе немагчыма не набыць мацунак нікому, і наадварот, зусім не зразумелы правал у варунках зусім простых і ўсім даступных. Але што вельмі важна — ён сам добра адчувае спраўджанае і няспраўджанае. За сябе і за другіх,
І далёка хай яшчэ да песні. Пакланюся выгнанаму дню, Што душу акрыліць напрадвесні, Каб набраць для песні вышыню.Вышыню гэтую згаданыя паэты набіраюць у рэальнай існасці, дзе найбольш адчувальным вымярэннем выступае прастора і менш канкрэтна выяўлена — час. Тут існуе Сусвет і Зямля, і самае блізкае месца па Зямлі — Беларусь, і яшчэ больш канкрэтна — родны кут, мясціна продкаў і бацькоў. Існуе ўсё, што ёсць у жывой рэальнасці і заўсёды існавала ў тым свеце, што стваралі паэты: неба, сонца, зоркі, дрэвы, кветкі і тыя істоты, якія прынята ў літаратуры называць лірычнымі героямі. А час больш існуе ў зменах пары года, у ранках і захадах і менш — у сваім канкрэтызаваным сучасным выяўленні. Зараз суцэльная тоеснасць усведамлення паэта сённяшняму моманту («И время было мной, и я был им,— Я. Еўтушэнка) не мае гарачых прыхільнікаў і сярод маладых, і сярод не зусім ужо маладых. Паэты 80-х імкнуцца ўспрымаць рэчаіснасць у абсягах калі не глабальных, дык досыць шырокіх — вечнасць, гісторыя, памяць. У такіх вымярэннях: «Імгненне — вечнасці дзіця» (І. Рубін). І пакуль што не так часта выходзяць маладыя да той сацыяльна-палітычнай і сацыяльна-вытворчай канкрэтыкі эпохі, якой моцная савецкая паэзія ўвогуле і беларуская паэзія ў прыватнасці. Але — у аўтараў першай кнігі ўсё паперадзе. І спробы такога кшталту ёсць.