Private-Bookers
Пасля Жыццё
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Аляксей азірнуўся, але не пераступіў парог гаражу.

– Аштрафавалі. За дэманстрацыю. На шэсьцьдзесят мільёнаў.

– За тую?

– Ну. Быў арганізатарам ад БНФ. Дык затрымалі, суд і во - штраф.

– Нічога сабе! Шэсьцьдзесят мільёнаў…

Ступак, канешне, падзівіўся і ціха пры сабе парадаваўся, што тады пашчасьціла неўпрыкмет вывернуцца ад амапаўцаў, высьлізнуць з іхніх рук. Усё ж нездарма афганец, мае сякітакі вопыт, ня тое, што гэтыя шпацыроўшчыкі па асфальце. Добра, што ён ня быў зьвязаны з БНФ, тое давала яму засьцярогу. А гэты Аляксей, мабыць, штось меў, інакш бы так не ўстрывожыўся навіной пра Мінкевіча. Што яму гэты Мінкевіч - брат ці сват? І ўсё ж Аляксей сімпатычны хлопец, не балабон, можа б варта параіцца з ім пра галоўны Ступакоў клопат? Але не, разважыў Ступак. Толькі тое ў сакрэце, што ведае адзін чалавек. Калі два, лічы, ніякага сакрэту няма. Гэта ўжо ведаў ён добра.

А можа, варта было скантактаваць з Мінкевічам? Усё ж калі бэнээфавец, дык, мабыць, не сексот, не пабяжыць вечарам на даклад да «кума». А можа, і пабяжыць? Што, у бэнээфе няма сексотаў? Паленаваліся, не навербавалі? Не, гэтыя не лянуюцца…

Той дзень з раніцы ішоў дождж, было халаднавата, і Ступак, прычыніўшы жалезныя дзьверы, бавіў час у ляноце. Самы раз было б выпіць, хоць для сугрэву, але не было гарэлкі, а ісьці пад дажджом у гастраном ён без парасону не наважваўся. I злосна думаў пра жонку-паскуду, якая, выганяючы з дому, ня кінула яму якой апранахі. Усё ж ён пакінуў ёй кватэру, здабытую па льготах як воін-інтэрнацыяналіст, а яна чым аддзячыла? Хоць бы прыслала калі дачку ў адведзіны, дык не - трымала ў кіпцюрах пакорлівае дзяўчо, запалохала зьверам-бацькам, які во каторы месяц жыве сапраўды нібы зьвер у гэтай жалезнай бярлозе. Ды і добра, калі б ён быў зьвер. Ён хацеў быць зьверам, калі б атрымалася. Зьверу цяпер, мабыць, лепш, чым чалавеку. Такі настаў час.

Ён адразу пачуў, як побач забразгалі замкі ў гаражы Мінкевіча. Ступак падхапіўся з раскладухі і паволі выйшаў з дзьвярэй.

– Кажуць, і вы прадаеце?
– запытаў, павітаўшыся. Апрануты ў спрытную джынсовую куртку Мінкевіч з-за тонкіх акуляраў зірнуў на суседа.

– Прыходзіцца.

– Чаго ж гэта?

– Каб заплаціць штраф.

– I вялікі штраф?

– Па максімуму. Дзьвесьце мінімальных зарплат.

– Ё-маё! I будзеце плаціць?

– А што ж рабіць? Апішуць маёмасьць…

Мінкевіч казаў тое амаль спакойна і разважліва, як пра што звычайнае і паўсядзённае, бы і не перажываючы. Можа, перажыўшы ўжо. Расчыніў насьцеж абедзьве палавіны дзьвярэй, зашчапіў на кручкі ў доле.

– І думаеце адкупіцца штрафам?

Мінкевіч выпрастаўся, павярнуўся да яго і ўздыхнуў.

– Штрафам, канешне, не адкупішся. Ад гэтага рэжыму наогул нічым адкупіцца немагчыма. Трэба ўзьнімаць народ, падвышаць ягоную самасьвядомасьць.

– Самасьвядомасьць! Вы - самасьвядомасьць, а ён - сто тысяч АМАПу. Чыя возьме?
– запытаўся Ступак і змоўчаў, чакаючы, што скажа на тое адукаваны дацэнт.

– Што рабіць!
– азваўся той пасьля паўзы.
– Наогул дэмакратыя ў барацьбе з таталітарызмам ня мае адэкватных сродкаў.

– Гаўно тады вы, а не дэмакраты, - ціха, бяз злосьці сказаў Ступак і пайшоў да свайго гаражу.

Як узьнімаць народ, ён ужо бачыў, сам ледзьве не апынуўся ў ролі ўзьнятага, сьпярша было нават прыемна, неяк нават сьвяточна. Але як іх лупанулі гумовымі «дэмакратызатарамі», дык гэты народ, бы чарада вераб’ёў, пырхнуў з вуліцы. Аж пыл закурэў. На тым баку - сіла, войска, міліцыя, КДБ, сотні тысячаў сексотаў, жалезныя кіпцюры «вертыкалі» Апроч таго, суд, пракуратура і нават адвакатура, новы дэкрэт пра якую толькі што надрукавалі, - усё ў ягоных руках.

Тая кароткая гаворка з Мінкевічам яшчэ болей умацавала Ступака ў ягоным намеры - толькі такім чынам, які ён задумаў, і можна нешта зьмяніць у іхнім бядотным становішчы. На сілу патрэбна - сілай. На гвалт - яшчэ большым гвалтам. Інакш кранты ўсім - і бэнээфаўцам, і афганцам, і камуністам. Каб дамагчыся царскай улады, гэты ня спы ніцца ні перад чым. Пасьля царскай захоча імператарскай і так далей аж да сусьветнага панаваньня. Нахабства ў яго хопіць. Асабліва яшчэ, калі яго падтрымаюць. А гэткіх заўсёды падтрымліваюць, бо яны - сіла. Не, трэба ад яго ратавацца. I ён, афганец Ступак, - паратоўца, якім ён сам прызначыў сябе. Ну і што, што сам? Паратоўца-кілер, такога, можа, і не было. Ён будзе першы.

Але зброі ў яго ўсё ня мелася, а баксы ў кішэні раставалі - праз дзень давялося разьмяняць і другую сотню. Як ён ні эканоміў, стараючыся есьці радзей, болей хлеб з салам, але цэны ў гастраноме кожны дзень скакалі ўгару. Людзі ажно стагналі ўранку, убачыўшы новую цану на хлеб, кефір, малако, якіх, мяркуючы па ўсім, пачалі прывозіць у магазін менш, чым раней; пад вечар ужо нельга было купіць нават хлеба. Затое надвячоркам праз расчыненыя вокны і форткі разносіўся па падворку знаёмы, з хрыпатой голас, поўны пахвальбы, абяцанак, пагрозаў да апазіцыі, праклятых бэнээфаўцаў, якія пляжылі ўсе ягоныя планы ашчасьлівіць народ. Народ жа ў яго заўжды быў слаўны, шаноўны і гераічны, які заўжды рабіў правільны выбар і не памыляўся, - не памыляўся і цяпер, адзінадушна абраўшы самага мудрага кіраўніка. Аднак тое пераставала ўжо дзейнічаць на большасьць слухачоў, і калі яшчэ нешта натхняла іх, дык хіба паведамленьні пра чарговыя выкрыцьці ў органах улады, зьняцьці і нават пасадкі высокіх чыноў. Але не надоўга, бо жыцьцё ад таго не рабілася лягчэй, і тады зноў патрабавалася выкрываць ворагаў, шпіёнаў, вядомых эмігрантаў і некаторых дыпламатаў - агентаў ЦРУ. Суседзі ля гаражоў ужо не абмяркоўвалі палітыку самога, а толькі лаяліся. І нават цьвёрдакаменны камуніст Сазон Іванавіч і той пачаў бэсьціць самога, хаця гэта, мусіць, таму, што кампартыя раскалолася на дзьве, кожная з якіх усчала барацьбу з суперніцай. Цягавіты Плешка проста прымоўк, толькі паныла курыў, і калі аднойчы Ступак паспрабаваў пагутарыць з ім, махнуў рукой - то ваш клопат. Мне ўжо таго - ня шмат засталося…

Увесь час думаючы пра зброю і прыглядаючыся да людзей, знаёмых і выпадковых сустрэчных, Ступак цэлымі днямі швэндаўся па горадзе і калінікалі забрыдаў у цэнтр да рэзідэнцыі самога. Доўга стаяць там ці шпацыраваць навідавоку ў цывільных таптуноў ды міліцыянтаў было немагчыма, і ён дзелавым крокам, з заклапочаным выглядам тэпаў па адной вуліцы, пасьля па другой, скоса пазіраючы за тым што рабілася каля палацу. Пад’ездаў там было некалькі і ўсюды тырчэла ахова - у міліцэйскай форме і ў камуфляжы; унутры таксама, мабыць, былі вартавыя, туды было не паткнуцца. Але ісьці непадалёк па вуліцы пакуль што не забаранялася, і Ступак усё меркаваў-думаў: як бы падлавіць пэўны момант…

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка