UR.ANUS
Легенда аб бедным д'ябле і адвакатах Сатаны
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:
Вся книга целиком
__________

— Зараз яго будуць інструктаваць, — кажа Сатана. — Застанемся?

— Аб-бавязкова.

__________

Гасне святло. З праекцыйнай будкі цягнецца да экрана светлы конус. І на экране ўстаюць прыўкрасныя гарады, цяністыя гаі, стройныя вежы замкаў, сытыя вёскі.

І потым на ўсё гэта ляціць агонь.

Статуі разбіваюць ломам і кідаюць кавалкі ў яму для гашэння вапны.

Нехта, рагочучы, страляе з самастрэла ў старую фрэску — ляціць атынкоўка. І ў зале таксама паступова нарастае рогат.

— Гэта ўваходзіць таксама і ў вашы абавязкі, Рагач, — кажа суддзя, — але галоўнае не ў гэтым. Пакуль у свеце ёсць прыгажосць, асабліва прыгажосць жанчын, нам і лягчэй і цяжэй працаваць. Лягчэй, калі жанчына зменлівая, цяжэй — калі яна чыстая, калі яна… э-м-м… кахае.

— Я пастараюся зразумець, — кажа Рагач.

— Старайся абапірацца на першых.

— Добра.

— За вамі будуць сачыць, — кажа суддзя.

— Як пазнаю?

— Пазнаеце. Яны будуць па-за часам… Дык вось, жанчыны.

На экране ўзнікае вялізная змрочная зала. Паміж калонамі ледзь могуць прайсці два чалавекі. І са змроку ідзе на Рагача цёмнавалосая жанчына сярэдніх год. Вочы вялікія, шэрыя. Нос прамы. Пачуццёва-пажадлівы рот з прыпухлымі вуснамі скажоны жорсткай складкай. Гэта каралева Агата.

— Яна можа быць вашай апорай, — кажа суддзя.

Усе з некаторым жахам глядзяць на аблічча жанчыны: не вельмі прыкметнае, але чымсьці ўладна прыцягваючае да сябе… І раптам экран заміргаў. Замест залы палаца на ім цёмная пушча, папараць, пранізаная сонцам, і… тое самае аблічча. Толькі на гэты раз велікаваты рот усміхаецца, а вочы, падобныя на вочы лясной лані, глядзяць даверліва і безабаронна. А вакол пушча і цішыня.

Рагач апусціў вочы.

А Сатана паварочваецца назад і гарлапаніць у будку:

— Гэй, механік, што там за свінства? Горш, чым у кінатэатры "Расія".

— У мантажнай наблыталі, - адказвае механік. — Падклеілі розныя стужкі. Вельмі ж падобныя.

— Я вас пашлю ў ніжні ярус. Далей ад топак.

— Вінаваты.

Экран пагас.

— Дык вось, учыняй зло, Рагач, — кажа суддзя. — Табе даюць права на адно дзіва ў дзень… Баяцца ж ты будзеш трох рэчаў.

— Якіх?

— Бойся папоў, бо яны праклінаюць нас. Бойся чумы, якую мы даем табе для жаху, бо яна можа, як кожнага смяротнага, знішчыць цябе, пазбавіць магчымасці загладзіць свае грахі…

— Пан суддзя, — перабівае Рагач, — у мяне з'явілася літара "ч" на запясці.

— Гэта — каб ты памятаў пра чуму і ўцякаў ад яе… Бо калі ты схопіш заразу, ты навекі будзеш кінуты ў ніжні ярус з яго адвечным холадам.

— Чаго ж я яшчэ буду баяцца?

— Знака змяі, што кусае сябе за хвост. Ты не зможаш прайсці праз яго, як ніхто не зможа прайсці праз вечнасць і бясконцасць.

Рагач устае:

— Я дзякую суду…

— Чакай, — кажа суддзя. — Яшчэ адно. Ты не зможаш плакаць, таму што плачуць толькі людзі са сваімі вартымі жалю нягодамі. А калі б плакалі чэрці — пекла захлынулася б… Ідзі, мой сын… Запамятай, згодна даных разведкі, зямля цвіце. Што б мы ні рабілі — яна цвіце. Аб гэтым пішуць усе зямныя газеты… Нават з Амерыкі. Пастарайся знішчыць гэта.

__________

Цэнзарны камітэт Яго Вялікасці Сатаны. Паліцы са справамі. У крэсле за сталом сядзіць старшыня камітэта, падпісваючы справы, якія падае яму цэнзар.

— А гэта што?

— Калі ласка, паглядзіце.

— Гм… "Боская камедыя". Што ж, ідэя нядрэнная. Час, час выставіць усё гэта ў камічным святле. І даўно трэба праславіць пекла. А чаму не на беларускай мове?

— Пакуль што яшчэ не ўдасужыліся перакласці.

Старшыня камітэта раскрывае фаліянт. Чытае:

"Древней меня лишь вечные созданья…"

— Гм, стыль нічога.

"Там вьется в узел каждый сук ползущий,

Там нет плодов и яд в шипах древес".

— А ён не без здольнасцяў.

— Точна так.

"Помысли, мог ли я невлажным глазом

Взирать вблизи на образ наш земной,

Так свернутый, что плач очей печальный

Меж ягодиц струился бороздой".

— Чароўна! З вялікім талентам, малады чалавек!

— На жаль, ён пасля гэтай цудоўнай кнігі напіша "Рай".

— Кепска, — спахмурнеў старшыня. — Заўсёды гэтыя паэты пад канец грукаюць дзвярыма. Ну, усё адно… Пашліце гэтага боя нараджацца ў Фларэнцыю. Гэтыя італьянкі… Трэба ж, каб у іх нарэшце наступіў Рэнесанс.

— Яшчэ справа Рагача. Цэнзуры прапанавалі даць яму вонкавы выгляд.

— Божа, што мы, модны магазін?

— Загад Сатаны. Наша анархісцкая фракцыя пратэставала супраць такога ціску на цэнзуру, але дарэмна…

— Дайце яму самую прыгожую морду, якая толькі магчымая на гэтай зямлі…

  • Читать дальше
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • ...

UR.ANUS - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • support@anus.bid