Private-Bookers
Званы ў прадоннях азёр
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

…Студэнты трэслі краты капліцы на могілках, нібы арангутангі ў клетцы. Вартаўніца падышла, паглядзела на іх і сказала адно толькі слова:

— Няшчасныя.

I праўда, няшчасныя.

У такіх ні да чаго няма павагі. Нават да слова. Ім нічога не каштуе перайменаваць Скорбічы пад Брэстам у Дружбу, а Завальную вуліцу ў вуліцу Пабеданосікава.

Але вернемся да прамой нашай справы. Да мастацтва. Да таго вялікага, якога "няшчасным" не забіць. Вернемся ўнутр муроў.

Галоўны алтар пафранцысканскага касцёла ўстаноўлены, як і ўсё тут, аж да канструкцый даху, на магутных — зносу ім не будзе — шматсотгадовых бэльках з сасны і дубу.

Наконт якасцей дубу — распісваць і хваліць не трэба. Але вось як рыхтавалі продкі сасну дзеля такіх мэт, як апоры і перакрыцці. Каб стагоддзі стаяла і не гніла. Зімою выбранае дрэва, — спелае, але не пераспелы семяннік, — туга, з дапамогаю калаўрота, перацягвалі тросам ля самай зямлі і так пакідалі. Дрэва павінна было быць цалкам здаровым, без заганы і пашкоджанняў кары. Цэлы год росту яшчэ быў дадзены яму, і жывіца накоплівалася ў кожнай поры, у кожнай клетцы дрэўнай тканкі. Наступнай зімой дрэва ссякалі і сушылі пад павецямі, даступнае ветру, але недаступнае дажджу. Вычасаны з такога бервяна брус — "уванчос" — быў набрынялы мікраскапічнымі кроплямі смалы аж да цёмна-янтарнага колеру, звонкі, практычна непадуладны тлёну і надзіва цвёрды: цвік забіць цяжка. Урэшце, ніхто тых цвікоў амаль і не забіваў. У месцах злучэння бярвенняў свідравалася дзірка, а пасля ў яе забіваўся драўляны шып. Жалезная ржа, якая так раз'ядае дрэва вакол цвіка, не пагражала канструкцыі.

Ведалі майстры тых часоў і нейкі састаў супраць агню, сакрэт якога цяпер не вядомы. Таму і не дзіва, што пасля пажару драўлянай царквы або касцёла часам згарала толькі абшыўка, а сама будыніна, ад сцен і да шкілета крокваў, заставалася стаяць, толькі злёгку закураная, як фенікс, што выйшаў з агню. На гэта, ясна ж, паказвалі, як на божае дзіва.

Састаў быў, мабыць, дарагі, і пакрыць ім усё было немагчыма. Але дранка на дах нічога не каштавала, як і ўвогуле дрэва ў тыя часы. Дзеля новай абшыўкі трэба было ўсяго толькі некалькі дзён пацюкаць сякерай. I вось за тыдзень-другі будынак зноў бялеў свежымі сценамі і ўзносіўся ўзорным вільчыкам, нібы полымя і не жэрла яго.

Дык вось галоўны алтар і ўмацавалі такімі бэлькамі. Старасвецкай разьбы, двухпавярховы, укрыты скразным танчэйшай работы кіпенем кветак, пялёсткаў, завіткоў. Фігуры на ім часткова маляваныя, часткова залочаныя, але залочаныя, як і ўсё тут, высакародна, з густам і без усялякай крыклівасці.

На адным паверсе — узнясенне Маткі Боскай. Нават вельмі нядрэнная старая копія з Мурыльё: поўная глыбокага і светлага суму туманная сінь цераз густа-сіні плашч жанчыны пераходзіць у радасны, ружова-залацісты, вечны ўсход.

Някепская і ўкленчаная постаць св. Францішка (стыгматызацыя). Шырокія, тоўстыя хлапякі аблокаў. Анёл, што ўзлятае над званіцай. Нагрувашчанне цел і ўзнятых рук. Ва ўсім гэтым простая, крыху прымітыўная веліч і адначасова пышнасць. Хоць і з дрэва.

А фігуры алтара пад столлю з народнымі візарункамі! Дыспрапарцыянальныя, з выразам смешнай журбы або здзіўленай усмешлівасці. Ва ўсім адзін і той жа кранальны прынцып старых нашых майстроў: у статуях святых усё павінна быць "так, як у людзей, ды не так". Вось святая манерна падбірае падол з адной прыгожай ножкі, нібы збіраецца ісці па вадзе. Добра!

З правага боку ад галоўнага алтара першы алтар св. Францішка, таксама ўвесь разьблёны, маляваны, пазалочаны. У ім стары абраз. Сухое, копчанае аблічча нагадвае формамі стары факомскі партрэт. Стыгматызаваныя рукі надзіва ненатуральна маленькія. I добра, што срэбная шата прыкрывае ўсё цела. Бо на астатняй частцы ўжо цяжка што-небудь разабраць, і работа дужа патрабуе ачысткі, каб ізноў заззяць прамытымі, першароднымі фарбамі. I ўсё ж глядзіш на гэтае ягня, падобнае ці то на льва, ці то на сабаку, рахманае, з наіўна закінутай, пяшчотна маленькай галавой, глядзіш на праваленыя ля вачэй, здзіўленыя абліччы "прадстаячых". I рэч пачынае гучаць у душы, як напаўзабытая музыка.

Анёлы на алтары, дый паўсюль, не анёлы, а іранічная радасць. Пухлыя задкі, круглыя пузічкі. Усе яны тоўстыя і надзьмутыя, крыху асавелыя, нібы толькі што добра паабедалі. Мілыя тоўстыя мардахі (некаторыя нават кірпатыя) без усялякай адухоўленасці. Глядзяць на свет божы сіне-цьмяна-каламутна, як малыя шчанючкі, з адной толькі сытай радасцю, што вось до-обра жыць.

Іх, як я ўжо казаў, семдзесят пяць з гакам, і, нягледзячы на агульнасць выразу на абліччы, уже яны розныя. Каб мы былі ўважлівыя, дбайныя і нават скупаватыя гаспадары, каб сотнямі выпускалі альбомы па мастацтву для сябе і турыстаў — патрэбная была б асобная манаграфія-альбом "Анёлы Пінскай катэдры". Дужа каштоўная і патрэбная, дужа цікавая магла б быць рэч.

Што тут яшчэ? Вось алтар Маці Божай, зноў жа разьблёны і залочаны, мае два абразы. Малы на блясе, слабаваты, а вось вялікі, на дрэве, гэта XVII стагоддзе. Гэта напэўна.

На трэцім алтары досыць старая і досыць цікавая карціна на палатне: святое сямейства і голуб у ззянні над імі. Яе някепска было б вывучыць знаўцу, як, урэшце, і многае з таго, што мы бачылі.

Другі алтар з левага боку ад галоўнага — адна з найбольш тут цікавых з'яў. Не кажучы ўжо пра незвычайна тонкую разьбу, пра галоўны стары абраз, дзве бакавыя, з жыцця святога Францішка, дужа старыя работы. Есць нават рысы XVII стагоддзя, але, можа, гэта намераны архаізм ці стылізацыя або проста прыхільнасць глухога кута да крыху спозненай моды. I ўсё адно гэтая архаічная кампазіцыя, гэтыя порцікі фантастычнай, небывалай архітэктуры — усё гэта прыўкрасна.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка