Private-Bookers
Званы ў прадоннях азёр
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

XV. Сухі шлях

Зноў пыліць, трасецца аўтобус. З Давід-Гарадка на Пінск. Зноў гайдае нас і трасе. Але мы шчаслівыя, што нават так трапілася. Выехаць было цяжка. У поўным аўтобусе звычайныя аўтобусныя размовы.

— Шпікулянты яны…

— Я конскі доктар. Жонка мая конскі доктар. Дык што нам рабіць?..

— А от цешча хацела, каб зяць дачцэ верны быў. То ёй параілі даць яму сабачай крыві з віном. Хлопчык ягоны заўважыў, сказаў бацьку — той і замяніў на простае віно. Выпіў, яешняй заеў. Цешча з жонкай яго вачыма гіпнатызуюць. Вось той сядзеў і раптам: "Гаў!", яшчэ раз: "Гаў-гаў!" Ды на чацвярэнькі, ды за цешчай па хаце, ды на двор. Тая ледзь не анямела. Ну й перастала бабскім плёткам верыць.

Пайшлі-пайшлі круціцца вакол палі, далёкія стужкі сіняга лесу, сіне-блакітныя, з рысамі готыкі, цэрквы. Маладыя піскляча-свежыя пасля дажджоў лугавінкі.

Пісклячае Палессе. Мілы гарадок Столін, які калісьці быў сталіцай цадзіка, якога найбольш шанавалі хаседзімы, а цяпер — сталіца раёна.

Зноў нізкія мокрыя паплавы з плямамі вады. Менш буслоў. Кажуць, бусел не любіць, калі барана пад ягоным гняздом жалезная або ў аснове гнязда кола з жалезным вобадам.

Шкада буслоў. Што на Ніле, што ў нас, ім менш і менш даецца месца, каб жыць. Можа, і беламу буслу суджана выгнанне ў лясы, як яго чорнаму сабрату. Ці не адвыкне тады вока чалавечае ад белага свайго сябра, ад выгляду хаты пад крыламі, і калі цяпер, каб застрэліць бусла на чучала для музея, бяруць чалавека здалёк, бо свае не згаджаюцца ні за якія грошы, то ці не стануць людзі, адвыкшы, паляваць на белых, як на чорных.

Але вось разрываецца роўнядзь, і ўдалечыні — Пінск, і ўжо няма калі думаць аб іншым, бо сэрца ўладна ўваходзіць у яго, а ён запаланяе сэрца сваімі мурамі і старымі вежамі, каштанамі і ліпамі на цяснінах вуліц, усёй вялізнай сваёй прыгажосцю, да якой ніколі не здолее звыкнуць душа.

XVI. Пінская даўніна

Пінск — адзін з самых улюбёных маіх гарадоў. Ён, як Гродна, мае сваю фізіяномію. Гэта Горад з вялікай літары, а не двайнік розных там "чаромушак", якія ў кожным-кожным горадзе — колькі б іх ні бачыў — аднолькавыя. Таму і шкада, што стандарт, ды яшчэ і нязручны стандарт, лезе і сюды, як быццам гэта ён тут гаспадар і пан.

Усё гэта, што вакол, — Прыпяць і Піна, лясы ласкавыя, паплавы мокрыя, дрэвы раскідзістыя, пчаліныя свепеты на векавых дзічках, няяркае палескае неба, — усё гэта было, мабыць, такім самым, як у часы Уладзіміра, што, паводле падання, заснаваў горад, такім самым, як і ў часы асляплення князя Васілька.

Але чалавек на працягу дзевяцісот (а можа, і тысячы) год не толькі паліў і нішчыў, не толькі ваяваў, забіваў і асляпляў — ён яшчэ і будаваў, старанна ўходжваў гэтую гліністую зямлю, вечна дбаў аб прыгажосці. Зрабіў, урэшце, на гэтай звычайнай зямлі малое дзіва, якім мы па праве можам ганарыцца.

Паліў яго хан Койдан — але жыхары зноў узводзілі вежы з гладкага дубовага бярвення. Паліў яго Нарымунт — але ўзносіўся амаль адразу Андрэем Васілай францысканскі драўляны касцёл. Татары вынішчалі ўсё ў наваколлі, але жыхары не толькі давалі адпор пад кіраўніцтвам Канстанціна Астрожскага, але і капалі першыя ў гісторыі Палесся каналы (1-я палова XVI стагоддзя).

Гарэў ён у сутычцы Нябабы з Радзівілам, гарэў ад рук ваяводы Валконскага і воінаў Карла XII. Але няўхільна паўставаў, прыўкрашаўся будынкамі, квітнеў працай сваіх майстроў і гандлем. Многа, дужа многа паспеў ён наашчадзіць і назапасіць, нягледзячы на шаблі заваёўнікаў. I гэта назапашанае мы павінны несці асцярожна, на выцягнутых далонях, як чашу з вадой. Старанна гледзячы сабе пад ногі, дзе там-сям зберагліся яшчэ святыя і старажытныя пінскія камяні.

Нам абавязкова трэба было разабрацца, а ці так гэта. Бо калі дагэтуль справа ішла пераважна аб памяці звычаяў, то, што датычыць самога Пінска, тут справа магла ісці, бадай, толькі пра памяць архітэктурную.

Таму трэба было пачынаць з галоўнага архітэктара. Да яго мы і пайшлі ў дзівосны будынак былога калегіума, адзін з лепшых помнікаў грамадзянскай архітэктуры на Беларусі, шматпавярховы, дзіўна велічны барокавы гмах.

Архітэктар яшчэ досыць малады, сімпатычны. Прозвішча Заржэцкі Міхаіл Сігізмундавіч. Тутэйшы, але з дзяцінства амаль усё жыццё пражыў у Маскве. Справу ведае. Але адзін чалавек, калі яго не падтрымлівае грамадскасць, няшмат можа зрабіць.

Справа, гаворачы сцісла, вось у чым. Усе вы са шматлікіх беларускіх і польскіх гісторый архітэктуры ведаеце будынак славутага паезуіцкага касцёла. Дык вось, яго ўжо няма. А гандлёвыя рады XVIII стагоддзя, што ішлі ад яго? Фота іх ёсць нават у падручніку В. Чантурыі. Дык вось, фота ёсць, а радоў ужо таксама няма. А пафранцысканскі касцёл? Калегіум? Гэтыя пакуль што стаяць, але іхняе існаванне — не існаванне, а балансаванне паміж жыццём і небыццём. Дошкі, ва ўсякім разе, з іх зняты. Ахоўныя.

Дзіўныя справы! У паезуіцкім касцёле хацелі зрабіць піўзавод. Выявілася, многа работы па пераабсталяванні. Тады яго, моцны, як дуб, папросту ўзарвалі ў 195З годзе, а ў 1954 разабралі. Тады стала ясна, што разбураны ансамбль і, на аснове гэтага, — калі ўжо ансамбля ўсё роўна няма, — знеслі гандлёвыя рады. Бо яны ж выпалі з агульнага. I вось цяпер пададзена ідэя зрабіць піўзавод у ацалелым пафранцысканскім. Што за піўная кароста?

Калегіум, пасля пераработкі, стаў добрым адміністрацыйным будынкам: пакоі і калідоры прасторныя, высокія, велічныя. Месца хапае на многія і многія ўстановы. Летам прахалодна, узімку, пры паравым ацяпленні, цёпла (а праводзіць яго было цяжка, бо муры ў два метры таўшчынёй). Так-сяк падрамантавалі. Каму шкодзіць яго вонкавы выгляд? Выгляд аднаго з лепшых помнікаў Беларусі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка