Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Ішлі дамоў. На страсе стаяў чырвоны бусел і ляскаў дзюбай. Маленькая дзяўчынка выняла палец з рота і паказала на яго, даверліва ўсміхнуўшыся:
— Гэта бусько, — сказала яна.
XII. Мір вам!
Раніцаю, пасля беганіны, ледзь датаўкліся з дапамогаю сакратара гарсавета Валі ў царкву. Пуста. Пазней даведаўся, што дзеці з урвісаў лазяць сюды гуляць у карты. Гэта б яшчэ нічога, але шыльду аб ахове помніка архітэктуры нейкія два, што прыехалі на "газіку" (і нумар запісаць не паспелі), недзе ў маі паддзелі крыжам, спаролі і павезлі. Пасля мне, праўда, сказалі, што шыльда ўсё адно была напісана "не па правілах" і што яе трэ было замяніць новай. Ну то й замяняйце. Толькі я ў непаразуменні, якія такія "правілы" для такіх шыльдаў. I, галоўнае, тая ж самая карціна ў Пінску, Ружанах, у сотні мясцін. Зняў — і ніякага табе клопату. Як быццам справа ў шыльдзе, а не ў справе.
Што можна ўбачыць у той царкве? Хоры з прымітыўным, дужа беларускім "Маленнем аб чашы"? Па сценах абразы з псеўдараманскімі — фініфць з золатам, як на сурвэтачных колцах пачатку стагоддзя, — акладамі. Цікавае ў іх толькі тое, што гэта ахвяры старых давід-гарадоцкіх цэхаў. Скажам, цэх цесляў ахвяраваў "Нараджэнне" (і цалкам лагічна. Іосіф таксама быў цесля). Або цэх краўцоў ахвяраваў "Пакровы" (і гэта са значэннем, бо пакроў трэба было камусьці шыць). У гэтым мілы наіў.
Абразы на сценах — часткова пэцканіна. Але галава святога Юрыя (не тулава) і "Прынясенне ў храм" з мілым велікавокім абліччам Марыі і строгім тварам Сімяона, на якім важлівасць моманту і адчуванне, што сплываюць апошнія хвіліны, што цяпер можна і памерці, - гэта дабротная работа, якой пад сто год. Калі гэта і не Васняцоў, то нехта з лепшых яго вучняў. Ва ўсякім разе, не горш, а можа, і лепш за яго тварэнні ў Валадзімірскім саборы Кіева.
Але гэта — не галоўнае. Галоўнае іканастас. Верх ягоны — XVIII стагоддзе, цяжкаваты, мясцовы жывапіс з фарбамі злёгку пажухлымі, але затое па-беларуску грунтоўнымі. А ў ім дзве рэчы XVII, ну, можа, самага пачатку XVIII стагоддзя. Маці божая і Спас. Адвечная жаноцкасць маці і адвечная туга за людзей. Гэта здорава! На жаль, аклад скрывае ўсё, акрамя абліччаў і тонкіх, любоўных рук, і разгледзець гэта больш дакладна не ўдаецца.
Але ўсё адно гэтыя твары, гэтыя рукі, гэтую вялікую цішыню і вялікі спакой закінутага будынка, гэтую драму і пыльнае сонца — немагчыма забыць.
Крыху ашалелыя, мы ішлі вулкамі, паплаўцамі, садамі, і мне хацелася сказаць — мір усяму…
Ходзяць берагам старыка белыя пеўні, пушаць таполі. Мір вам!
I, аднак, ішла бяда.
У Карпатах дажджы. З Сарнаў пазванілі: вада ўзнялася раптоўна больш чым на паўтара метра і пагражае ўзняцца вышэй. Калі не здарыцца дзіва — заўтра ці паслязаўтра тут залье дарогі, і нельга будзе трапіць нават у Рубель. Залье нізкія бульбянікі, гароды, кветнікі, што толькі пачалі цвісці. Залье паплавы, і сена не будзе. Перад самым янавым днём. Няўжо зноў пагроза гэтаму дабрабыту?!
Мы вырашылі выбірацца хутчэй. Сустрэлі дзяўчат з вёскі Альшаны і пачалі распытваць: куды, як, нашто.
I ясна стала, што не дабяромся мы ўжо ні да Аздамічаў, ні да Сямігосцічаў, ні да Верасніцы. Ды мы й самі бачылі, што аўтобусы не ходзяць, а ісці 25 кіламетраў з чыгуннай цяжкой апаратурай і рэчамі немагчыма. Даводзілася толькі чакаць.
Дзве Галі з Альшан толькі ўздыхнулі:
— Пажар можна ўтушыць, воду ўтушыць няможно.
Разгаварыліся. Доўга не хацелі гаварыць імёны, але адрас альшанскага дзядзькі, што пускае начаваць, далі. Урэшце пачалося:
— Вы хто?
— Томы, Валі, Марусі… На Беларусі ўсе Марусі.
Хлопцы ўпалі ў задор і ўрэшце даведаліся: Галі.
— Дык што гэта ў вас усе — Галі?
— Угм…
— А вы, Галі замужам ці не?
— Замуж так скора выходзіць не трэба. Дзяцей народзіш, як цыганы.
— За аднакласнікаў не пойдзеш. А старэйшыя ў арміі. Пета, Коля, Ілля — усе мы трое друззя. А вы што робітэ?
— Касцюмы шукаем, дзяўчаты.
— От у нас хор быў у старых касцюмах. Картачка ёсць, як сестра была.
— Тэпэр не носім.
— Чаго так, дзяўчаты?
— А… як фараон ходзіш. Спадніцы, анучы. Летам парышся.
— Катора худзенька, пад бокі накладае.
— Хто ж гэта вас такому глупству навучыў?
— Настаўнікі ў нас з Мінска ды з Пінска самі пасмейваліся. Дужэ смяяліся з народных касцюмаў.
Але ж і настаўнікі! Без году тыдзень, як табліцу множання вывучаў, а насміхаецца з густу народа, з яго таленту. А ў дзяўчат у голасе ўсё яшчэ адценне нібыта суму.
— I хусткі яркія былі. "Амерыканкі", "шаляноўкі". Вам у Цярэблічы трэба дабірацца. Там яшчэ ўсё па-старому. Карсэткі. Шоўкавай сукенкі не знойдзеш, усё палаценка.
— То мы заўтра вас у народных касцюмах здымем. Дзе жывяце?
Абмовілася, нібыта незнарок:
– Іван Баклан мой сусед.
— Глядзіце, на слове спаймалі.
Вечар. Здымаем кветкі. Цяжкія снежныя шары півоняў, духмяныя стрэлы лубіну, ахапкі касачоў і лілей, празрыста-зялёныя аблокі гарошку. I ўсё гэта пад вялізнымі грушамі. А вокны хатак, складзены з брусоў, рахмана глядзяць праз кветкі і лістоту. Смерць, спыні сваю касу! Спыніся, сціхні, Гарынь!