Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
На ганку музея — гарматы, у свой час патопленыя Пятром І, калі ён вымушан быў адступаць ад Гродна. Іх паднялі з дна Нёмана. Але цікавей за ўсё сам двор. Яго і замак абкружае яр, зарослы волатамі-дрэвамі. Праз яр у браму вядзе скляпеністы мост. Па краі стромы, што аддзяляе двор ад Нёмана, — рэшткі муроў старога, яшчэ Вітаўтавага замка. Цяжкія брылы нічым не ўпрыгожанага камення. І тут жа, пад каўпакамі, два збудаванні, якія наводзяць на роздум. Рэшткі Прыдворнай, Ніжняй царквы, першай каменнай пабудовы Гародні, цёмныя, глыбока пагружаныя ў зямлю. І… курная хата, якую руплівым працаўнікам музея ўдалося недзе адшукаць і перавезці сюды. Закуранае чорнае бярвенне, малыя вокны. Бярлог, а не хата.
Дзівіцца тут, урэшце, няма чаго. Бываюць сем'і, у якіх нібы адвеку закладзена кансерватыўнасць. Дырэктар саўгаса "Мала-Мажэйкава" калісьці расказваў мне, што ў іх сяле была такая хата і ў ёй… жыў чалавек. Саўгас вельмі багаты, з развітой эканомікай. Усе хаты, як званы, набудавана шмат новых цагляных дамоў, і адна— і двухпавярховых. А тут жыве стары дзед у ледзь не двухсотгадовай хаце, прычым курнай, і не хоча нікуды ісці. Хата новая яму пабудавана — ну, псуе ж твар вёскі тая халупа, хай сабе і з моцнага калісь дрэва! — амаль кожны дзень яго ледзь не на каленях моляць, сын, палкоўнік, і лісты пісаў, і прыязджаў.
Але — адзін адказ: "Тут здаравей, прывык за свой век, а як толькі заходжу ў новую, у мяне адразу галава пачынае балець".
Тады дырэктар у глыбокай тайне дамовіўся з трактарыстам каб той, у час, калі дзеда не будзе ў хаце, "незнарок" зачапіў трактарам рог. Той і зачапіў: "Ненаўмысна, дзед, дальбог, выпадкова, каб мне вочы вылезлі, незнарок — ну вось грошы на!" (Грошы, ясна, былі дырэктаравы.)
Дзед кляў так, што палова вёскі сабралася: "Зачапіў, каб цябе так за рэбры чаплялі; знёс, каб цябе так з машынай тваёй з моста знесла; села хата на кут, каб цябе так на покуць ніколі не садзілі і толькі раз галавою паклалі" [12] — ну і г.д. Таямніцу яму адкрылі толькі тады, калі ён не толькі прывык да новай хаты, але і нахваліцца ёю не мог. Тут трэба, дарэчы, заўважыць, што яшчэ да параўнальна нядаўняга часу на Беларусі лаянкі амаль не ведалі, а замест яе існавалі вось такія "кленічы". Бывалі такія майстры-імправізатары, што і не хацеў бы, а спынішся паслухаць сварку. Вынаходлівасць у параўнаннях — незвычайная.
12
Г. зн., каб ніколі не садзілі, як ганаровага госця, а толькі раз паклалі ў кут галавою, як памрэ.
…Калі глянуць з замчышча ўніз па плыні Нёмана — убачыш за Гараднічанкай, над стромай, маленькую цэркаўку ў шатах векавых дрэў. Тры сценкі яе каменныя, а тая, што над Нёманам, — драўляная. Чацвёртая сцяна была пашкоджана ў войнах сярэдневякоўя, пасля — у Шведскую вайну, а пасля, у час небывала высокай паводкі, упала з падмытым берагам у раку. Бераг умацавалі, а сцяну зрабілі драўляную.
Гэты будынак — адзін з найвялікшых шэдэўраў дойлідства старажытных славян. Каложская царква (ХІІ ст.).
Мы здымалі фільм. Увайшлі ўнутр. Нічога. Цесны ход на неіснуючыя хоры. Белыя муры і ў іх плямы галаснікоў-збаноў, умураваных у кладку. Для рэзанансу. Я ўспомніў летапісны факт, што, калі царкву пабудавалі, гародзенцы папрасілі дазволу "пагукаць і пасвістаць" у ёй, "ці галасна?". Свістаць я не стаў, бо свістаць у васьмісотгадовых будынках — гэта забыцца на сумленне. Вырашыў праспяваць нешта старое. І заспяваў "На цвярдыню тваю мы ўпаваем". У мяне звычайны голас, як кажуць — "някепскі для сярэдняга". Больш-менш верны хіба што. Але тут ён гучаў так, што ва ўсіх аж мурашкі па спіне пабеглі. Нібы той Шаляпін! А што было б, каб тут заспяваў ён?
"Галасна", ой, "галасна"!
Здымаць было цяжка. Бо з дрэва якраз "сонечны" бок будынка, а на каменныя бакі сонца падае толькі ў доўгія дні, на захадзе. Кладка муроў тут незвычайна раскошная. У іх устаўлены плоскай формы рознакаляровыя валуны, зялёныя, чырвоныя з палосамі, густа карычневыя, сінія, усякія. І яшчэ ромбы, квадраты, крыжы з маёлікі. Каб змыць пыл і зрабіць больш бліскучай паверхню, мы аблілі муры вадой. І тут на іх упала сонца! Што тут было! На маёліцы і валунах успыхнулі аранжавыя, ружовыя, чырвоныя, зеленавата-сінія туманныя вясёлкі. Перад намі стаяла нешта, што было стократ яскравей паўліна. Каменная райская птушка! І ўся яна нібы зыбілася, зіхацела, плыла ў паветры, выцягвалася ў неба.
У XVІІ — XVІІІ стст. магутна ўскінула каменныя хвалі франтонаў і мачты сваіх званіц барока. Той, хто не бачыў Гродзенскага фарнага, комплекса манастыра Брыгітак або францысканскага касцёла за Нёманам — уяўленне таго ад нашага захаду заўсёды будзе няпоўнае. А "лямус" — драўляны будынак з XVІІ ст. у двары Брыгітак. Першы паверх для маёмасці, другі — інтэрнат. І вакол арачныя галерэі. І паўсюль — ніводнага цвіка, толькі ўсечкі і драўляныя кліны. Той, хто прыедзе сюды, — не пашкадуе.
"Вялікія" малыя гарадкі
…А што ж мне расказаць вам пра невялікія, а то і проста малыя гарады і гарадкі Беларусі. Іх жа сотні, а расказаць, хоць пра некаторыя, трэба: тут жыве вялікі працэнт насельніцтва. Таму выбіраю самыя, на мой погляд, цікавыя і рамантычныя, і тыя, што маюць сваё непаўторнае, ні на што іншае не падобнае аблічча. Ну і яшчэ тыя, што чамусьці мацней за ўсё ўразілі мяне і таму зараз асабліва дарагія мне. Таму выбіраю, што проста здолею лепей пра іх расказаць.