Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
У замку была багатая кунсткамера з рэдкімі творамі мастацтва, арсенал з калекцыяй шчытоў, рыцарскіх даспехаў, стрэльбаў і іншага, былі масіўныя і вялізныя статуі апосталаў са срэбра, зліткі срэбра і золата, каштоўныя каменні, якім не было цаны, калекцыі манет, бібліятэка з 20 000 тамоў на розных мовах (у тым ліку і на беларускай), партрэтны зал з партрэтамі, абразамі і карцінамі, архіў з незлічонай колькасцю гістарычных дакументаў па Беларусі і Польшчы. Усё гэта, амаль усё, было вывезена за межы Беларусі: часткова яшчэ пры падзеле Польшчы, часткова падчас шматлікіх пераваротаў, акупацый і войнаў.
Замак Радзівілаў ляжыць у баку ад горада, між азёр. Да яго вядзе дамба, і ўваход на гэтую дамбу запірае фарны касцёл (XVI ст., дойлід Бернардоні) з прыгожымі роспісамі ўнутры. І сам замак з унутраным дваром, брамай, гожымі фасадамі, вежамі і вялікім паркам — адзін з лепшых палацава-замкавых комплексаў і шэдэўр беларускага паркабудаўніцтва.
Але я загаварыўся. А пра ўсе вартыя слова беларускія гарады не раскажаш. Што выбраць? Аб чым сказаць? Аб Пінску з яго велічным сярэдневяковым гмахам калегіума, з яго багатай гісторыяй; аб тым, як біліся тут пінскія гараджане і сяляне — а на чале іх стаяў Нябаба, эмісар Багдана Хмяльніцкага — з панамі, біліся да апошняга чалавека, так што згарэла 5000 дамоў і загінула 14 000 чалавек. Аб пінскіх зялёных набярэжных, ці аб яго старажытных барокавых шэдэўрах, роўных якім цяжка знайсці. Мур ля вуліцы. Звешваюцца праз яго кроны ліпаў, а ўнізе мура кладка XII ст. Адкуль? А хто яго ведае, што тут было?
Ці пра "міні-Кіеў" Мазыр вам расказаць? Ці пра Оршу з яе легендамі, з парогамі на Дняпры і ільнокамбінатам, які выпускае адны з найлепшых ільняных тканін у свеце? Пра Оршу, дзе стаіць помнік "кацюшам", якія ў вайну далі тут першы залп.
Ці, можа, пра Рагачоў, дзе зелень і гарадзішчы, і галаваломныя ўрвішчы над Дняпром, і вісяць на іх кронамі ўніз скурчаныя сосны, і дрэмле шыпшына на курганах, і ззяюць тэрыконы ракушак?
Або пра Гальшаны на Ашмяншчыне з замкам XVI ст. і касцёлам 1618 г. І як я, распрануўшыся, каб вопратка, збіўшыся на шыю, не задушыла, слізгаў падземным лазам і знайшоў яйкападобную цямніцу (пасля мы расчысцілі ход у яе, і цяпер туды можа зайсці кожны).
Ці пра малыя Варняны Астравецкага раёна — адзін з першых узораў вясковай забудовы па плану. Будавалі ў XVIII ст. Дужа тут прыгожа. Асабліва чырвоная вежа на востраве, увянчаная буслінымі гнездамі.
Або маленькі Мір, такі маленькі, што замак XVI ст., крывава-белы, з вежамі, як скалы, здаецца большы за яго, асабліва калі падвойваецца ў вадзе става. Адзін з самых гожых замкаў, якія мне даводзілася бачыць. Мір, дзе калісь адбываліся выбары цыганскага караля, які і жыў тут. Пасля "каралі" абралі "рэзідэнцыю" на паўночным захадзе Беларусі. Цяпер кароль усіх цыганоў жыве, здаецца, у Венгрыі (да вайны, прынамсі, жыў), але вярхоўны цыганскі суддзя (для вырашэння спрэчак між цыганамі) і дагэтуль стала жыве ў Беларусі. У чэрвені 1969 года мне давялося бачыць тое, што, мабыць, не бачыў ніхто з пісьменнікаў. Шляхі завялі мяне ў маленькае мястэчка Давыд-Гарадок, што над ракой Гарынню, на Палессі. Цудоўнае, дарэчы, мястэчка. Занятак жыхароў — кветкі. Зямлі няшмат, бо летнія повені часта заліваюць наваколле. Таму кожны сухі лапік — пад ружы, ляўконі, мацыёлу, пахучы гарошак, вяргіні, каны, кручаныя панічы (грамафончыкі), астры, махровую шыпшыну і тысячы-тысячы іншых гатункаў. Насеннем, клубнямі, кветкамі гандлююць аж да Сібіры, і таму на кожнай хаце знак сонца, а самыя хаты шалеюць, задыхаюцца ў акіяне красак.
То вось там бачыў я "гадавую" па вярхоўным цыганскім суддзі. Прыехаў ён сюды разбіраць нейкую справу, кінуўся ратаваць тонучую беларускую дзяўчыну-падлетка і ўтапіўся сам. Сабраліся з усіх канцоў Беларусі: і вучоныя, і майстры з заводаў, і вандроўныя цыганы. Трызну загадзя падрыхтавалі на могілках, у баку ад магіл, ад той, з надпісам: "Базылевіч Гарасім Ігнатавіч 1928–1968" (у нашых цыганоў беларускія прозвішчы). Купілі шмат бараноў, трох свіней, дзвесце штук курэй ну і іншае да таго.
І вось ішлі. Цэлая гурма. Намісты, хвалі сукенак. Усё яркае, як крыху прыглушаны попелам жар. Мора медзі, мора чырвані і сіні. А над усім гэтым — мора сонца, так што аж не верылася ў канец жыцця. Вялі гладкага, як змяя, гнядога каня.
— З канём сфатагарафуй. Яго конь. Калі ласка, з канём.
І як праводзілі суддзю пад шатром. Бо ў якой бы хаце ці нават кватэры цыган ні жыў, а праводзяць яго ў краіну Цыганію пад шатром.
І на гэтым я скончу, не паспеўшы расказаць і тысячнай часткі таго дзіўнага, што бачылі мае вочы на беларускіх дарогах і ў беларускіх гарадах.
III. Праз дым стагоддзяў
Назад да Кiеўскай Русi
Старажытныя грэкі лічылі, што спачатку быў залаты век — і ўсё было добра, нават бяссмерце існавала, пасля наступіў срэбны — трохі горшы, пасля медны — яшчэ горай, а пасля надыдзе жалезны — і вось ужо тады зусім дрэнь справа.
На Беларусі чамусьці было не так: палеаліт (старажытнакаменны век), неаліт (новы каменны), бронзавы век і ўрэшце век жалезны. Ды, здаецца, так яно было і на ўсім свеце, калі не верыць, вядома, у Атлантыду.
І самы горшы з іх быў самы першы.
На Беларусі паўсюль — сляды гэтых вякоў.
Калісьці ў дзяцінстве я зрабіў злачын — вінаваты, але, па маладосці, заслугоўваю спагады — з такімі ж шыбайгаловамі раскапаў па Дняпры курган. Шкілет быў чырвонага колеру, ляжаў скурчаны на баку. Пры каленях стаяў гаршчок і ляжаў пярсцёнак з нейкіх металічных зёрнаў. Чэрап быў на чатыры маіх галавы, а сківіца налазіла далёка на вушы. Пасля, каму я ні расказваў, усе казалі, што гэта археалагічнае адкрыццё. Пахавальнае месца кагосьці, хто раней на тэрыторыі тутэйшай заўважаны не быў. Адкрыццё тое загінула з-за мяне, дурня. Менавіта таму і не трэба нікому, акрамя вучоных, капаць курганы. Я дагэтуль невук у археалогіі і таму раскажу пра археалогію толькі ў самых агульных рысах, ды раскажу сёе-тое, што мне ўдалося бачыць на ўласныя вочы. А гэта нямала. Бо куды б тут ні пайшоў — паўсюль сляды. Курганы над Дняпром і Свіцяззю, дробны россып чарапкоў выступае пасля дажджу на паверхні гарадзішчаў. Едзеш на Ушачы, сядае сонца, і раптам заўважаеш тысячы паўкруглых ценяў. Іх кідаюць напаўсцёртыя курганы, парослыя мачтавымі соснамі. І цягнуцца гэтыя могілкі на кіламетры. І нават на цяністых ушацкіх могілках свежыя магілы часам выкапаны на верхавінах вялізных былых курганоў. Іх называюць капцамі, часам валатоўкамі, бо паўсюль у нас існавала паданне аб волатах, якія загінулі, баронячы гэтую зямлю. А некаторыя проста спяць пад гэтымі валатоўкамі, пакуль не прыйдзе час вялікай бяды і іх не паклічуць.