Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Мора медзі, мора чырвані і сіні. А над усім гэтым — мора сонца. I не верыцца ў смерць, у тое, што ўсё мае пачатак і канец.
Такое крыклівае буянства ашалелых фарбаў мне даводзілася бачыць толькі ў першых каляровых фільмах. У "Салаўі-салоўцы", у "Сарочынскім кірмашы". Нібы ашалелы ландрын.
Ззаду ступае гладкі, як змей, гнеды конь. Вядзе яго здаравенны цыган. Збруя зіхаціць бляскам. На возе тыя, хто не можа хадзіць: паралізаваны стары і сівая цыганка з двума дзеткамі.
— З канём сфатаграфуй. Яго конь. Калі ласка, з канём…
Але вось мора ўлілося ў гусцюшчую зялёную засень могілак і паблякла.
У баку ад магілы на ўзнесеных латах два даўжэзныя вялізныя шатры з грубай мешкавіны. У адным посуд, мыцельнік, кухня, дзесяткі два баб гатуюць талеркі. У другім — доўгі рад сталоў з закуссю і выпіўкай.
Ля магілы галосяць. Спявае хор. Рухаецца чорна-зялёны епітрахіль папа. Сіні, матавы, як ягады ядлоўцу, цягнецца ў праменнях сонца дым ад кадзільніц. І надпіс:
Ратаваў беларускую дзяўчынку. Ёй было пятнаццаць. Яму пад сорак.
Якія гордыя, медныя, часам ледзь не індзейскія твары! Вунь хаця б у той, з прамымі вугальна-чорнымі валасамі, што падаюць на плечы, з гарбаносым, крыху шыракаватым абліччам. Або тая маладая зусім і ўжо цывілізаваная крыху. Рухомы твар, пластычныя рухі, белая кісейная кофта і стракатая сукенка. Павярнулася — ну, хоць адразу на сцэну, такая бездань гонару і плаўнасці. Аседлая. Жыве ў вёсцы Хорск. I прозвішча, як ва ўсіх тутэйшых цыганоў, беларускае: Вішнеўская.
Эх, так і пацягнула мяне да іх! Магчыма, мая цыганская кроў.
— А ото цыганскія фатографы.
Гэта на Валянціна і Зянона.
— Бач, і фатографаў сваіх з сабой прывезлы.
"Цыганскія фатографы" збянтэжаны ўкрай, але лазяць паўсюль, ловяць ракурсы, здымаюць. I ёсць што здымаць. I ўсё гэта прыгожа, тэатральна, пластычна ў кожнай "мізансцэне", як балет. I так этнаграфічна, так нязвыкла, і столькі ва ўсіх гэтых звычаях гонару і павагі да традыцый. Трымаюцца іх. I добра, што трымаюцца.
Як бы ні жыў цыган, у якой бы хаце або нават кватэры ні жыў, а праводзяць яго ў краіну Цыганію пад шатром. Пад шатром і пад зорамі або пад дажджом. У далёкі шлях, па якім вечна рыпець колам і вечна ступаць капытам цыганскага каня.
I гэта ў крыві. Вось малая цыганачка штурхае каляску з ледзь меншым за сябе дзіцем. Цяжка на байраках, людзі стаяць на дарозе. I вось раптам яна гартанна, са страсцю тысяч пакаленняў крычыць:
— Чавэло!!!
Ах, гэты разліў, шырокі, нібы ўся нямераная цыганская зямля! Гэты змрочны і маўклівы першы кубак. Не трэба нам тут больш. Знікнем паціхеньку і пакінем іх з горам і з думамі аб апошняй цыганскай дарозе. Вязі, косю, вязі! Свяці яму на ёй начное, цыганскае сонца.
XI. Што такое "бусько"
Што за гарадок! Замест бульбы ў гародах кілім кветак. Механік "Сельгастэхнікі" Максім Рабкоў зрабіў сабе човен-амфібію. Праехаў горадам, плюхнуўся з берага ў ваду дый паплыў на рыбалку. Яшчэ адзін выдумаў для працы на гародзе мікратрактар на трох колах. Чатыры чалавекі можа везці. Сена на ім возіць. Палескія дзеткі на вуліцах паказваюць на нас пальцамі.
— Фоткі павялічваюць.
Палічылі, значыцца, за халтуршчыкаў, бадзячых барыг і бізнесменаў, што тайком ад райфа ходзяць па вёсках і зашыбаюць рублі.
Пад вечар дамовіўся са старшынёй гарсавета і са свяшчэннікам, каб дазволілі зняць інтэр'ер царквы. Дазволілі. Толькі самага каштоўнага, царскай брамы, ужо няма. Знялі і адправілі. Здаецца, у Пінскі музей.
Галава злёгку адурэла ад чалавечага тлуму і гарачыні. А тут яшчэ лётаюць на матацыклах дзяўчаты ў чырвоных і апельсінавых сукенках. А тут яшчэ танцуюць, скачуць пад нагамі цыганяты, просяць у Валянціна:
— Дай, дай, дзядзька, капеечку! Дай, каб ты даехаў да дому! Каб ты сто год пражыў!
Валянцін нешта не дужа хоча жыць да ста гадоў і не хоча даехаць да дому.
Вечарам крыху адпачываем на могілках. Юроўская званіца ў спакойным вячэрнім сонцы ўся аранжавая. I такая ва ўсім гэтым дасканаласць, такі асуджаны спакой адыходзячай старой Беларусі. А ў траве настойлівае: "Фр'ю! Фр'ю! Фр'ю!"
Палескія цыкадкі. Так, на Палессі водзяцца цыкады.
Крыж у мой рост ляжаў ніцма. Каменны. Я з цяжкасцю ўзняў яго і паставіў. Зірнула аблічча. Перакошанае, страшнае аблічча, як у паганскага ідала, вызваленага з зямлі. Грымаса болю, велізарныя, пляскатыя, як ступакі, рыдлёўкі рук. Грудзі звісаюць на тры скупа намечаныя складкі жывата. Тры складкі. Паўкружжам. I ва ўсім гэтым умоўнасць і вышэйшая адначасова рэальнасць.