Шрифт:
Але людзей нідзе не было. Відаць, людзі за доўгі час жыцця і існавання на седаўцы навучыліся адчуваць, калі адбываюцца такія землятрусы, і ўжо ведалі, як ад іх ратавацца: куды хавацца, за што трымацца, каб не ўпасці, не ссунуцца ў прадонне, як ссунуліся яны, новенькія і нявопытныя.
Ішлі доўга і цяжка. Пераходзілі нейкія ўпадзіны, падымаліся на нейкія ўзгоркі і гарушкі, зноў спускаліся ў лагчыны… Ішлі ўцэла, без усялякіх дарог і сцяжынак і таму здавалася, што канца гэтаму шляху ніколі не будзе.
— А куды мы ідзём? — нарэшце спынілася Оя. — І навошта?
Ён і сам разумеў, што, калі няма нейкай канкрэтнай мэты, увесь гэты іхні рух — бязглуздзіца. Але што рабіць? Сядзець і чакаць? Але навошта сядзець і чаго чакаць? Гэта ж яшчэ большая бязглуздзіца! Трэба варушыцца, трэба нешта шукаць. А раптам ім трапяцца людзі, якія абжылі і гэтую зямлю — не можа ж быць, каб такая прастора ды была нежылою, неачалавечанаю.
— Ідзём наперад, — адказаў дзяўчыне Радзім. — І не задумвайся — толькі рух уратуе нас.
Аднак людзей так яны пакуль што і не сустрэлі. Нават слядоў іхняга існавання нідзе не было відаць.
Неўзабаве падышлі да вялікага блакітнага возера. Абагнулі яго з левага боку — тут было зручней ісці — і ўзняліся на стромы, высокі, абрывісты бераг. Прадраліся праз зараснікі дзіўных дрэў,— яны, вялікія, тоўстыя, слаліся да зямлі, былі, як трава, прамыя і зусім не мелі лістоў,— і выйшлі на самы край абрыва.
Якая прыгажосць адкрылася перад імі! Возера здавалася яшчэ больш вабным: светлыя, бялёсыя колеры каля самага берага, далей — блакітныя-блакітныя, з вясёлкавымі разводамі, а якраз пасярэдзіне цямнела глыбокая, як вір, круглая пляма. Відаць, там была самая глыбіня, самая яма, і таму вада над ёю выдавала цёмнаю і бяздоннаю.
Возера і праўда было незвычайнае — як усё роўна нехта заслаў яго слюдою. Ветру не было, але дрэвы самі сабою варушыліся.
Яны пасядзелі каля возера, адпачылі крыху. Оя хацела яшчэ пабыць тут — такая ж прыгажосць! — але ён рашуча падаў ёй руку, дапамог падняцца і пацягнуў за сабою:
«Пайшлі, пайшлі, пайшлі». Куды і навошта спяшаўся, Радзім і сам не ведаў, але яму здавалася, што спяшацца трэба абавязкова, бо наперадзе іх чакае штосьці вельмі важнае. Оя ж марудзіла, быццам яна ўжо ведала тое, пра што здагадваўся ён, і баялася, не хацела яго набліжаць. Перад імі ляжала раўніна.
Але так толькі здавалася. Неўзабаве яны дайшлі да глыбокай і шырокай упадзіны, доўгай, на ўсю раўніну канавы, якую ні з аднаго боку нельга абысці. Спускацца было лягчэй, а вось падымацца, караскацца на другі, стромы, бераг даводзілася на чацвярэньках. І толькі прайшлі крыху па роўнай зямлі, як перад імі зноў узнікла такая ж самая ўпадзіна. За ёю — трэцяя, за трэцяй — чацвёртая…
Яны добра-такі натаміліся, калі, нарэшце, скончыліся гэтыя равы і перад імі ўзнік лес. Ён быў такі ж бязлісты і гонкі, як і той, што рос над возерам, толькі дрэвы здаваліся вышэйшымі, больш палеглымі і пакручанымі, раслі яны гусцей.
Адно ўвайшоўшы ў лес, Радзім спыніўся ў нерашучасці — збаяўся, што праз яго ім не ўдасца прадрацца. Ды калі і прадзярэшся, невядома, што там за ім? А можа, за лесам — новыя равы і новы хмызняк? А можа, яшчэ горш — балоты…
— Не, балот, здаецца, тут няма, — адказала яму Оя, і ён аж перасмыкнуўся: яна і праўда чытала яго думкі!
Раптам і гэтая зямля пачала падымацца. Яна ўсё касабочылася і касабочылася, пакуль зноў жа не стала старчаком — ён, падаючы, ледзь паспеў учапіцца абедзвюма рукамі за верхавіну бліжэйшага дрэва. Яно было гнуткае, спружыніла. Радзім гайдаўся на ім уніз нагамі, адчуваючы, як слабнуць, расшчапляюцца рукі і як выслізгвае з іх макушка.
Убачыў, што непадалёку гэтак жа, як і ён, гайдаецца на суседняй лясіне Оя.
І ў гэты час штосьці агромністае, цёмнае, як ноч, засланіла ўсё на свеце, і не паспеў ён апамятацца, як адчуў, што яго сашморгваюць з лясіны, — як усё роўна нехта ўзяў у два пальцы і, спяшаючыся, сцягвае ўніз. Пальцы гэтыя, грубыя і шурпатыя, моцна сціскалі яго, і хоць яны асцерагаліся, каб не раздушыць тое, што варушылася між імі, яму ўсё роўна было балюча, не хапала паветра — ён пачаў задыхацца. Гэтае нешта, што Радзіму здавалася пальцамі, несла яго ўсё вышэй і вышэй.
Нарэшце ўвышыні стала светла-светла — палец быццам адсланіўся — і хлопец убачыў акурат над сабою тое самае блакітнае возера, якім яны зусім нядаўна любаваліся. І не адно, а нават два — аднолькавыя, міндалепадобныя, блакітныя, акаймаваныя дрэвамі.
Азёры былі жывыя — яны разглядалі, вывучалі яго!
Дзіўна, не ён быў над імі, а яны над ім, але вада з іх чамусьці не выцякала, не вылівалася.
Уся зямля — з азёрамі, з лясамі, з нейкімі гарамі, равамі і ямамі цяжка навісла над ім, нібыта не толькі азёры, а ўсё, што было на ёй, вывучала яго. І ён чамусьці ўявіў сябе маленькаю божаю кароўкаю, якую, здаралася, лавіў на зямлі, садзіў на палец і разглядаў, пакуль яна не дапаўзе да самага высокага месца і, распайстрыўшы, вызваліўшы крылы, не падымецца ў паветра.