Private-Bookers
Падары нам дрэва
вернуться

Сипаков Иван Данилович

Шрифт:

Азёры вывучалі яго доўга, а потым пачалі здаляцца і неўзабаве зусім зніклі. А ён, як усё роўна садзьмуты чым, паляцеў уніз.

Ляцеў доўга, але плаўна. І на гэты раз, упаўшы, зусім не пабіўся. Упаў у нейкую глыбокую яміну, з якой вытыркалася тоўстая, як слановая нага, вяроўка. З цяжкасцю выбавіўся наверх і, стомлена і роспачна, паваліўся на зямлю, раскінуў рукі і як не закрычаў ад бездапаможнасці.

Дык што ж яму і праўда рабіць?! Ён зусім не разумее гэтай дзіўнай зямлі, якая можа ўздыбіцца, стаць раптам сцяною, ці вось так, як толькі што, навіснуць над табою зверху. І што гэта за зямля такая, што на ёй няма людзей? Дзеля каго яна і навошта?

Угледзеўся ў неба, быццам хацеў зразумець і яго.

І раптам высока-высока ўбачыў невялікую крапку, якая ціха, паволі апускалася з вышыні.

Гэта была Оя.

Яна зніжалася так паволі, што здавалася, нехта невідомы падтрымлівае яе ў паветры.

Неўзабаве дзяўчына лёгенька гэпнулася каля Радзіма, нахілілася над ім, узрадавана сказала:

— А вось і я!

Ён таксама ўзрадаваўся, што Оя зноў побач, шчыра ўсміхнуўся і, не ўстаючы, пажартаваў:

— Рады вітаць вас! Ад імя тутэйшых.

Яна была нейкая вельмі ўзбуджаная, ёй хацелася хутчэй выгаварыцца:

— Ведаеш, я зразумела, дзе мы знаходзімся. Гэта здарылася, калі мяне, як і цябе, нехта разглядаў. Блакітнымі азёрамі. Перада мною з'явіўся быццам нейкі экран, і я ўвачавідкі ўсё ўбачыла. Ведаеш, мы трапілі ў краіну веліканаў! — нарэшце выпаліла яна.

Гэта было так цікава і нечакана, што Радзім аж прыўзняўся на локаць.

— А ведаеш, па чым мы толькі што ішлі? — спяшалася расказваць яна. — Па твары велікана! Ён на той час спаў. І ніякія гэта не азёры былі, а сапраўдныя веліканавы вочы! І абрывісты бераг, зарослы лесам, гэта ўсяго толькі яго бровы. А равы, з якімі ў нас было столькі клопатаў,— гэта маршчакі. Звычайныя валасы нам здаліся лесам. На валасінах мы з табою і віселі…

— Што ты выдумляеш?

— Разумееш, нехта мне дапамог атрымаць энергетычны злепак гэтых мясцін і людзей, што жывуць тут. У вельмі паменшаным выглядзе. Мы шукаем людзей, а знайсці нікога не можам. Бо ходзім якраз па чалавеку. Людзі вакол нас ёсць, але ў іх іншыя маштабы.

— А дзе мы знаходзімся цяпер?

— Пачакай, дай я разбяруся, — адказала Оя і ўгледзелася, як яму здавалася, у пустату. — Ведаеш дзе? На чаравіку велікана! Непадалёк ад дзірачак, куды ўцягваюцца шнуркі.

Дык вось куды ён, аказваецца, упаў! У дзірачку ад шнуркоў! І, чапляючыся за шнурок, выбіраўся адтуль.

— А ты нас бачыш?

— Ага. Але мы маленечкія-маленечкія — як казяўкі. Хацеў і ён уявіць той энергетычны злепак, які бачыла Оя, але ў яго гэта не атрымлівалася.

Няўжо і праўда вось гэтая шырокая прастора, вось гэтае несхадзімае поле — усяго толькі паверхня чаравіка? І куды ты толькі не пойдзеш, і колькі ні стомішся ісці — усё будзе ён: велікан, велікан, велікан? Яго ногі, яго рукі, яго плечы, яго галава? Яго валасы, урэшце?

— Значыць, дурбуд казаў праўду, — задумаўся Радзім.

— Пра што ты? — зіркнула на яго Оя.

— А пра тое, што яны і на самой справе жывуць на седаўцы… Цікава, ці ссунулася Дурбудзія ўніз? Ці, можа, і там навучыліся выжываць у землятрусы? Як твае брытагаловыя? — ён усё яшчэ злаваўся на Ою, што яна прыняла абсурд Другога Паўшар'я і ўжо збіралася кіраваць нават ім.

Памаўчаў, падумаў.

— А што робіць наш велікан?

— Здаецца, бэз ламае.

Радзім ужо даўно заўважыў, што зверху нешта сыплецца — як вялізныя пялёсткі,— але не далятае да іх, падае зводдаль, і таму быў спакойны: ніякай небяспекі ў гэтым не было.

— А велікан адзін?

— Ты што! Іх многа. Яны ходзяць, стаяць, сядзяць на лавачках.

— Сядзяць на лавачках? Дзе?

— Каля хат.

— І хаты ёсць?

— Ага. І іх шмат. Усе яны двума радамі ідуць удалячынь.

— А між імі вуліца?

— Ага. Нейкая дарога…

— Дык гэта ж маё Дабрынёва!

— Веліканы і веліканшы з кветкамі ў руках ідуць да нейкай прыгожай двухпавярховай будыніны пад ліпамі…

— Дык гэта ж мая школа! — нарэшце закрычаў ён. — Наша школа! А насупроць яе вялікая хата з бляшаным, пафарбаваным у зялёны колер дахам?

— Ага. І студня каля яе.

— Дык гэта ж наша хата і наш калодзеж! А веліканы і веліканшы, што ідуць з кветкамі ў руках, — мае аднакласнікі. Мусіць, у нас сёння выпускны вечар! Я хачу туды, да іх!

Оя разрагаталася — яна смяялася доўга і шчыра.

— Супакойся, — усё яшчэ смеючыся, нарэшце, загаварыла яна. — Супакойся. Ты проста забыўся пра розныя вымярэнні. Вы ніколі не зможаце не толькі паразумецца, але нават і пагаварыць. Яны проста цябе не заўважаць. А ты іх таксама не зможаш убачыць, ахапіць цалкам. Падумай, як ты гэта зробіш, калі нават чаравік велікана табе здаецца несхадзімаю зямлёю? І каб толькі дайсці, напрыклад, да яго наска, ведаеш, колькі часу трэба? А каб дабрацца да вёскі? А потым — да тваёй школы?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • 64
  • 65
  • 66
  • 67
  • 68
  • 69
  • 70
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка