Private-Bookers
Падары нам дрэва
вернуться

Сипаков Иван Данилович

Шрифт:

Толькі тады Ледавік зразумеў, што ніякая гэта не нітка, а ўсяго толькі нейкі таямнічы промень, якім пігмей прывязаў да сябе карабель і які вытрымлівае — не рвецца! — такую нагрузку.

І засаромеўся: чаго ён мітусіцца? Супакоіў сам сябе: навошта яму перагрызаць гэты промень? Пігмей жа цягне карабель назад у джунглі… Няхай цягне!

Яму ж усё роўна нельга вяртацца ў сваю Лядовію без экспаната. А там, у джунглях, ён зноў зловіць пігмея. І ўжо, навучаны вопытам, не аднаго, а добрую сотню, а то і тысячу джунглянят. Каб іх хапіла не на адзін вальер, а на цэлы звярынец! І тады ў іх будзе самая вялікая экспазіцыя пігмеяў.

Няхай, няхай валачэ ў свае джунглі і яго, і карабель!

І засмяяўся, як самы шчаслівы ў свеце чалавек, і нават задаволена пацягнуўся аж да хрусту, пацягнуўся ў думках, бо пацягнуцца напраўду ён, звязаны, не мог.

Велікан забыўся, што не пігмей, а ўжо ён сам зараз нявольнік. Ці, можа, спадзяваўся за доўгую дарогу развязацца…

І яшчэ ён пакуль што не ведаў, што ў джунглях таксама вырашылі стварыць свой звярынец — людзінец веліканаў, там ужо абсталёўвалі клеткі і вальеры, а пігмей, які толькі што вызваліўся, цягнуў туды першы экспанат.

Кат

Яму было вельмі балюча.

Кат, мажны, рослы, пульхны, з тоўстым азадкам, з вялікім і мяккім, як гумовы мяч, жыватом, што ўпіраўся чалавеку як не ў самы твар, сцябаў яго не шкадуючы. Бізун з навязанаю на самым кончыку гайкаю са свістам рассякаў паветра і біў, не зважаючы, па чым трапляла — па спіне дык па спіне, па руках дык па руках, па галаве дык па галаве: спачатку балела там, куды пацэльвала гайка, а затым ужо саднела ў тым месцы, дзе да цела прыліпала, прыклейвалася, нібы гарачае жалеза, уся пуга, сплеценая ў некалькі столак з сырамятнай скуры. Добра адчуваўся тонкі дрот, устаўлены ў пугу — ад яго не ратавала ніякае адзенне, яно рассякалася, разлазілася проста на вачах.

Чалавек спрабаваў абараняцца, выстаўляў наперад рукі, але бізун ламаўся аб іх, гайка мяняла свой звыклы рух і яшчэ балючай біла па твары.

Спрабаваў ён таксама натаўчы кату ў ненавісны жывот, які нібыта знарок здзекліва тырчаў перад ім, але гэта было падобна на крык адчаю: кулакі вязлі ў жываце і потым адскоквалі ад яго, нібы ад гумовіка.

Чалавеку хацелася як-небудзь паваліць ката, пасіліць яго, але той вельмі цвёрда і ўпэўнена стаяў на нагах — як усё роўна нехта наліў у іх свінцу — і, не зважаючы на недарэчныя высілкі ахвяры, сцябаў, здаецца, яшчэ руплівей і з большаю асалодаю.

Кат маўчаў, абыякава глядзеў перад сабою лупатымі вачыма, не азіраўся па баках, і здавалася, што для яго нічога не існуе на свеце, апрача таго, каго ён павінен караць.

— За што?! — малоцячы кулакамі па жываце ката, крычаў чалавек, але яго як не чулі,— бізун сцябаў усё гэтак жа мерна і спакойна.

Можа, ён і напраўду нічога не чуў, бо галава ката была вельмі высока і голас ахвяры, схаванай пад жыватом, да яе хутчэй за ўсё не даходзіў.

— Людзі, памажыце! — прасіў чалавек тых, што праходзілі побач, хапаў іх за рукі, але яны незадаволена вырываліся і спяшаліся як найхутчэй адсюль знікнуць, уцячы — ці то баяліся ўліпнуць у нейкую непрыемную для сябе гісторыю, ці то асцерагаліся, каб самім не трапіць пад бізун з гайкаю.

Ён, дарэчы, ведаў, што ад гэтага ката няма ніякага паратунку, — пакуль не зробіць сваю справу, не выканае дадзеную яму работу, ад яго нікуды не ўцячэш. Прасіць яго, угаворваць, наогул гаварыць з ім немагчыма, марна — ён, здаецца, і глухі, і сляпы.

Чалавек ні ў чым не лічыў сябе вінаватым. Проста яго злавілі на вуліцы нейкія невядомыя людзі — ці то яны памыліліся, ці то ім і праўда нешта не спадабалася, але што — не сказалі,— прывялі сюды, да ката, далі таму ў рукі бізун, загадалі сцябаць, а самі пайшлі — мусіць, лавіць новых.

Кат біў усё мацней і мацней. Ужо зусім падралася на каснікі адзенне, яно ашмоццем звісала з цела, ужо ўся скура была ў крывавых рубцах ад пугі і ў сініх буграх ад гайкі, а злыдзень усё не спыняўся.

Аднак тое, што кат нічога не бачыць і не чуе, як высветлілася, было няпраўдаю: калі ахвяра паспрабавала ўхіліцца, выкруціцца ад удару, ён моцна згроб яе за руку і зноў паставіў на месца.

Чалавеку было балюча, і яму хацелася плакаць.

Але ён раптам зарагатаў. Пляснуў сабе па лобе і зарагатаў. Усе, хто на гэты час праходзіў побач, замест таго, каб уцякаць хутчэй, спыняліся і здзіўлена глядзелі на ахвяру — што гэта з ім здарылася: ці не звар'яцеў — яго б'юць, а ён рагоча.

Чалавек хапатліва лапаў сябе па кішэнях, нешта ў іх паспешліва шукаў. І ўсё рагатаў — як самы шчаслівы чалавек, які зразумеў нейкую вялікую таямніцу, вядомую толькі яму аднаму.

Але ў кішэнях, відаць, нічога не знаходзілася. Таму ён, усё яшчэ рагочучы, пачаў лапаць па пінжаку, што, падраны, звісаў каснікамі. Нарэшце яго далоні наткнуліся на вялікую-вялікую шпільку, якою было сашпілена разам крыссё пінжака, і ад радасці аж падскочыў. Ды так, што ўдарыўся галавою кату ў жывот, ад чаго ўзмах бізуна сарваўся і ўдар гайкі прыйшоўся якраз па седаўцы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • ...

Private-Bookers - русскоязычная библиотека для чтения онлайн. Здесь удобно открывать книги с телефона и ПК, возвращаться к сохраненной странице и держать любимые произведения под рукой. Материалы добавляются пользователями; если считаете, что ваши права нарушены, воспользуйтесь формой обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка